Чыгунка патрабуе ўважлівых паводзінаў

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

Вечарам 26 лістапада на чыгуначным пункце прыпынку Курасоўшчына, што на Міншчыне, у выпадку наезду цягніка быў смяротна траўмаваны 58-гадовы мужчына.

Сваім меркаваннем наконт здарэння падзяліўся старшы следчы Дзятлаўскага раённага аддзела Следчага камітэта Аляксандр Макуца:

– Чыгунка заўжды з’яўлялася месцам павышанай небяспекі для пешаходаў і дарожнага транспарту, што звязана з немагчымасцю цягнікоў збочыць ці раптоўна спыніцца пры тармажэнні. Нездарма правілы дарожнага руху патрабуюць ад вадзіцеляў, веласіпедыстаў і пешаходаў быць надзвычай уважлівымі пры перасячэнні чыгуначных пераездаў.

Для нашага раёна тэма бяспекі на чыгунцы таксама актуальная, паколькі на Дзятлаўшчыне знаходзяцца станцыя Наваельня, некалькі пунктаў прыпынку, праходзяць чыгуначныя пуці.

Каб не рызыкаваць сваімі жыццём і здароўем у гэтых лакацыях, варта прытрымлівацца наступных правілаў:

– забараняецца знаходзіцца паблізу ад чыгуначных пуцей у стане алкагольнага ап’янення;

– нельга хадзіць і сядзець на рэйках;

– не дазваляецца выкарыстоўваць навушнікі і мабільныя тэлефоны пры пераходзе праз чыгунку;

– катэгарычна нельга перабягаць чыгунку перад цягніком, які рухаецца, а пры пераходзе ў дазволеных месцах неабходна ўпэўніцца, што ў зоне бачнасці няма чыгуначнага транспарту;

– ісці ці ехаць на веласіпедзе, іншых сродках мабільнасці ўздоўж чыгункі можна толькі на адлегласці, якая перавышае пяць метраў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga