Ён сабраў маладых вынаходнікаў і рацыяналізатараў нашага, а таксама суседніх Навагрудскага, Карэліцкага і Слонімскага раёнаў.
У сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурыла школьнікі, навучэнцы каледжаў і працоўная моладзь вынеслі на суд экспертаў свае наватарскія ідэі ў розных сферах.
У саставе журы былі прадстаўнікі як творчых, так і тэхнічных спецыяльнасцяў: дырэктар Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Таццяна Ваніслаўчык, першы сакратар Карэліцкага РК ГА “БРСМ” Таццяна Шэўчык, педагог Навагрудскага дзяржаўнага каледжа тэхналогій і бяспекі Анатоль Ліннік, настаўнік фізікі Жыровіцкай сярэдняй школы Уладзімір Зіміч. Яны ацэньвалі актуальнасць і навізну ідэй, практычную значнасць і рэальнасць рэалізацыі конкурсных інавацыйных праектаў.
– Вы юныя, адораныя, крэатыўныя, і ў час рэпубліканскага моладзевага праекта “100 ідэй для Беларусі” ў вас ёсць магчымасць не толькі паказаць свае ўменні і навыкі, але і пазнаёміцца, пасябраваць, – павітаў прысутных старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. – У вас усё наперадзе, і ад таго, як будзеце ўвасабляць у жыццё свае ідэі, залежыць будучыня Беларусі. Жадаю вашым педагогам заўжды ганарыцца сваімі вучнямі, а вам – цудоўна правесці час і цікава прадставіць свае работы. Конкурс праходзіць пад эгідай ГА “БРСМ”, слоганам гэтай моладзевай арганізацыі з’яўляецца: “Будучыню Радзімы ствараць маладым”, жадаю вам і ўсёй беларускай моладзі ў гэтым поспехаў і ўдачы.
– Сёлета стартаваў XIV сезон Рэспубліканскага моладзевага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, – прадоўжыла тэму першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык. – Я рада, што яго рэгіянальны этап праходзіць на Дзятлаўшчыне. Спадзяюся, усе дастойна прадставяць свае праекты і атрымаюць задавальненне ад сустрэчы. Безумоўна, абласны і рэспубліканскі туры пакарацца не кожнаму. Удачы вам і ўпэўненасці ў сваіх сілах.
У Дзятлаве на занальным этапе маладыя рацыяналізатары прадставілі каля двух дзясяткаў праектаў, пяць з якіх падрыхтавалі юныя жыхары нашага раёна. Ідэі тычыліся эканамічнай эфектыўнасці вырошчвання розных сельскагаспадарчых культур, догляду іх з дапамогай сучасных тэхналогій, атрымання энергіі з прыродных крыніц, у тым ліку ад спальвання лісця і пачаткаў кукурузы, стварэння развіваючых і пазнавальных гульняў, папулярызацыі сельскіх спецыяльнасцяў, сарціроўкі і перапрацоўкі бытавога смецця, многага іншага.
Усе ўдзельнікі занальнага этапу адзначаны сертыфікатамі конкурсу і прызамі ад раённых арганізацый ГА “БРСМ”.
Дыпломы пераможцаў заваявалі і паспрачаюцца за званне лепшых на абласным этапе аўтары сямі праектаў. У намінацы “Экалогія і выкарыстанне прыродных рэсурсаў” дыпломам пераможцы занальнага этапу адзначана Валерыя Брайчук, навучэнка Дзераўноўскай базавай школы Слонімскага раёна з праектам “Золата пад нагамі”. У намінацыі “Грамадства і сацыяльная сфера” – навучэнцы сярэдняй школы № 7 горада Навагрудка Крысціна Пракапенка, Юлія Аганоўская, Максім Коршун і Яўген Кур’ян з праектам “Лаўка сувязі”. У намінацыі “Лепшая бізнес-ідэя” – Аляксандра Жалевіч, навучэнка Жыровіцкай сярэдняй школы Слонімшчыны з праектам “Паспяховы бізнес, або Лепшымі ягадамі ў свеце я клубніцы назаву”. Адразу дзве перамогі атрымалі навучэнцы Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук Дзятлаўскага раёна: у намінацыі “Энергетыка, у тым ліку атамная энергетыка, і энергаэфектыўнасць” – Аляксей Умоўскі з праектам “Пясочная батарэя цеплавой энергіі”, у намінацыі “Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі” – Лізавета Маліка з праектам “Камп’ютарная гульня “Брыгада Заслонава”.
Сярод працоўнай моладзі пераможцай у намінацыі “Аграпрамысловыя тэхналогіі і фермерства” стала Наталля Сіманава, спецыяліст СВК “Свіцязянка-2003” Карэліцкага раёна з праектам “Безлактознае малако”.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее
#нашалепшае