За справу разам! Дзятлаўчане выйшлі на раённы суботнік

Важнае Грамадства

14 лістапада нашы землякі сумесным працоўным дэсантам падвялі вынікі месячніка па санітарнай ачыстцы і ўборцы тэрыторый горада Дзятлава, гарадскіх пасёлкаў і сельскіх населеных пунктаў, які праходзіў з 16 кастрычніка пад сімвалам Года якасці.

Калектывы актыўна папрацавалі ў райцэнтры. Складанымі ўчасткамі былі паркі і скверы, паколькі там давялося зграбаць апалае лісце, прыбіраць галлё і смецце, загружаць усё гэта ў прычэпы трактароў. Аднак дружнай талакой з любымі задачамі спраўляцца лягчэй.

– На ўборку ў гарадскі парк па вуліцы Міцкевіча, – расказаў намеснік начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Васіль Мудры, – выйшлі работнікі раённага выканаўчага камітэта, раённага камітэта ГА “БРСМ”, Белдзяржстраха, камунгаса, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, службы “адно акно”. Да гэтага ў парку ўжо працавалі ўдзельнікі студатрада ГА “БРСМ”, які цяпер дзейнічае на базе РУП ЖКГ, аднак надвор’е пагаршаецца, таму навядзенне парадку давялося завяршыць аператыўна. Нягледзячы на ападкі, папрацавалі з добрым настроем.

Сквер, набярэжную і зялёную зону каля помніка Іосіфу Філідовічу прыбіраў калектыў Дзятлаўскага раённага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый.

– У нас шырокі фронт работ: ад мастка да мастка паміж вуліцамі Кастрычніцкай і Першамайскай, – адзначыла кіраўнік цэнтра Святлана Панасюк. – Аднак і прыбіраюць тэрыторыю больш за 20 работнікаў, таму з заданнем спраўляемся хутка. Агульныя справы заўжды згуртоўваюць, ды і настрой выдатны, калі ў родным горадзе чысціня і парадак, працуем з задавальненнем.

На суседняй пляцоўцы – праз дарогу ў скверы каля помніка Уладзіміру Леніну і вакол свайго адміністрацыйнага будынка шчыравалі калектывы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.

– Беларусы вылучаюцца тым, што заўжды наводзяць чысціню вакол сваіх дамоў, арганізацый, у горадзе, – падзялілася меркаваннем дырэктар ЦСАН Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык. – У наш Цэнтр нярэдка прыязджаюць госці з іншых абласцей, нават краін, і яны заўжды заўважаюць чысціню горада. Яны характарызуюць беларусаў як акуратных людзей, якія беражліва адносяцца да сваіх прыродных рэсурсаў, краіны, навакольнага свету. Мне вельмі прыемна, што мае калегі працалюбівыя, мы ўдзельнічаем ва ўсіх масавых мерапрыемствах: не важна канцэртныя гэта праграмы, урачыстасці, мітынгі ці ўборка тэрыторый – мы заўжды працуем на карысць нашай Радзімы. Мы разам, заўжды з нашым Прэзідэнтам. Усе добрыя пачынанні рэалізуюцца дзякуючы нашаму лідару, Ураду, кіраўніцтву раёна. Зразумела, што ўсё гэта дзеля дабрабыту нашай дзяржавы, беларускага грамадства, нас і нашых дзяцей.

Няпростая, але прыемная лакацыя дасталася для добраўпарадкавання работнікам Дзятлаўскага лясгаса. У райцэнтры за апошнія месяцы “вырас” прыгожы новы шматкватэрны дом, дзе арэнднае жыллё атрымаюць спецыялісты ўстановаў і арганізацый. Менавіта дваровую тэрыторыю вакол яго і рабілі прыгожай і камфортнай для жыцця лясгасаўцы.

На традыцыйную для іх пляцоўку – у парк па вуліцы Слонімскай – выйшлі калектывы ДРБУ-119 і Дзятлаўскага раёна электрасетак РУП “Гроднаэнерга”. Намаганнямі калектываў пры падтрымцы РУП ЖКГ кіпела ўборка каля Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея, сацыяльна-педагагічнага цэнтра, цэнтральнай раённай бальніцы.

На жаль, пабываць удалося далёка не на ўсіх аб’ектах добраўпарадкавання, аднак усе чыстыя куточкі роднага горада абавязкова ацэняць дзятлаўчане, калі будуць ісці на работу і дамоў, гуляць у выхадныя дні сем’ямі, ды і госці нашага райцэнтра заўсёды адзначаюць яго прыгажосць і ўтульнасць.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#НАШАЛЕПШАЕ #НАШЕЛУЧШЕЕ