Пярвічная ветэранская арганізацыя аддзела ўнутраных спраў райвыканкама была зарэгістравана рашэннем Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта ад 18 сакавіка 2007 года № 543.
Яна налічвае 39 пенсіянераў АУС, якія з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі ўрачыстых мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня міліцыі, а таксама Дня ўшанавання ветэранаў органаў унутраных спраў, які адзначаецца 10 лістапада.
У гэты дзень яны пачуюць шмат цёплых словаў ад кіраўніцтва аддзела, атрымаюць узнагароды. Ветэранская арганізацыя заўсёды знаходзіць паразуменне і падтрымку ў цяперашняга кіраўніцтва аддзела – начальніка Вадзіма Шчурскага і яго намесніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Андрэя Юшкевіча.
У ветэранскай арганізацыі ёсць добрая традыцыя: ушаноўваць памяць тых супрацоўнікаў, якія пайшлі з жыцця ў розныя часы, і якіх аб’ядноўвае адно – добрасумленнае служэнне Айчыне. У Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі знаходзіцца стэнд, прысвечаны Міхаілу Карабанаву і Уладзіміру Зайцу. Міхаіл Васільевіч працаваў старшым оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку Дзятлаўскага РАУС, пазней – начальнікам раённага аддзела “Ахова”. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і шматлікімі медалямі. Уладзімір Паўлавіч працаваў участковым інспектарам. На рахунку гэтага смелага чалавека шмат подзвігаў, здзейсненых з вялікай рызыкай для жыцця. Напрыклад, Уладзімір Паўлавіч змог затрымаць былога каменданта нямецкай паліцыі Хапрова.
Многія міліцыянеры Дзятлаўшчыны загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сярод іх Браніслаў Грэйня, Васіль Радзівон. Яны годна прайшлі выпрабаванні ваеннага ліхалецця.
Прыемна, што не толькі ветэраны службы, але і цяперашнія супрацоўнікі помняць і ўшаноўваюць імёны былых калег, якіх ужо няма сярод нас: Уладзіміра Капціловіча, Пятра Грымуты, Анатоля Панкевіча, Івана Чэрніка, Івана Цыгеля, Валянціна Копаця, Леаніда Ломаця, Васіля Саваня, Уладзіміра Новікава, Таццяны Лайло, Івана Мацюкевіча, Канстанціна Уласевіча, Леаніда Жэгалы, Фёдара Шостака, Алега Шостака, Пятра Паценчука, Уладзіміра Стырніка, Івана Макарчыка, Вікенція Луні, Пятра Цярэшкі, Ганны Гуз, Уладзіміра Кадавіка, Фёдара Адамчыка, Георгія Харкевіча, Мікалая Белавуса, Мікалая Хмурчыка. На жаль, у бягучым годзе пайшоў з жыцця цудоўны супрацоўнік аддзела Ігар Літавар. Памяць пра нашых таварышаў назаўжды застанецца ў сэрцах тых, хто з імі працаваў побач.
Паважаныя ветэраны! Ад свайго імя і асабовага саставу аддзела ўнутраных спраў райвыканкама віншуем вас са святам! Шчыра жадаем здароўя, міру, дабрабыту, грамадскай актыўнасці і шчасця.
Аляксандр ЛАМАКА,
старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga