“Вішня беласнежная” для Валянціны Жалязоўскай

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці наведаў чарговага юбіляра-доўгажыхара Валянціну Жалязоўскую з вёскі Накрышкі, каб павіншаваць з 85-годдзем.

Гасцей сустрэла вельмі гасцінная, добразычлівая жанчына. І артыстам было прыемна падарыць ёй добрыя словы віншавання з юбілеем, вясёлыя песні. “Праспявайце мне, калі ласка, маю любімую песню “Вішня беласнежная”, – папрасіла жанчына. І, вядома, яе жаданне было выканана.

Далей у сяброўскай гутарцы Валянціна Канстанцінаўна расказала пра сваё жыццё.

Нарадзілася яна на хутары Засенне, што знаходзіўся за два кіламетры ад вёскі Раманавічы, у сям’і простых, але заможных сялян. Яны мелі дастатак ва ўсім, але для гэтага прыходзілася цяжка працаваць. І тут пачалася вайна. Бацька пайшоў на фронт, а маці засталася з трыма дочкамі адна. На жаночыя плечы лягла непасільная ноша – трое маленькіх дзяцей, вялікая гаспадарка. Бацька вярнуўся з фронту з моцна траўмаванай рукой, пасля атрымаўшы інваліднасць 2-й групы. І маленькім далікатным дзяўчынкам лёс не пакінуў выбару – давялося вельмі шмат працаваць.

– Для гульняў і дзіцячых забаў не было часу, – узгадвае Валянціна Канстанцінаўна. – Увечары, пасля працоўнага дня, я з сёстрамі вучылася ткаць, вышываць, вязаць. Вельмі любіла вязаць кручком розныя карункі. Наогул, у вёсцы мы лічыліся добрымі майстрыхамі па вязанні карункаў. У нас гэта атрымлівалася прыгожа, якасна і хутка. Нават выконвалі заказы для вясковых жанчын.

Скончыла Валянціна 7 класаў Накрышскай школы. Нядрэнна ведала нямецкую мову. Вучылася дзяўчына добра, але паступаць далей не стала з-за сямейных цяжкасцей. Прыйшлося займацца па жыцці многімі справамі: збірала хваёвую смалу некалькі гадоў, хадзіла ў брыгаду на розныя работы, даіла кароў, разносіла пошту.

З будучым мужам Віктарам Валянціна была знаёмая з дзяцінства. У 1969 годзе згулялі вяселле і амаль 40 гадоў пражылі разам. У шлюбе нарадзіліся сын Юрый, які пераехаў у Бярозаўку, і дачка Галіна – жыве ў Гезгалах, працуе ў сферы адукацыі.

У Валянціны Канстанцінаўны пяцёра цудоўных унукаў, якіх яна моцна любіць і песціць, ганарыцца імі. Расказвае, што унучка Злата прымала ўдзел у тэлеперадачы “Я ведаю”, а ўнук Ваня скончыў Ваенную акадэмію, абараняе Радзіму. Бабуля спадзяецца, што і іншыя ўнукі знойдуць годную дарогу ў жыцці.

Нягледзячы на важкі ўзрост, Валянціна Жалязоўская ўвесь час у руху.

– Нават цяпер, хоць хаджу з палачкай, стараюся не сядзець без справы, – сцвярджае жанчына. – Маю невялікі агарод: свая садавіна, агародніна, зяленіва для дзяцей і ўнукаў значна больш карысныя, чым пакупныя. Вельмі цікаўлюся палітычнымі падзеямі краіны і свету. Удзячная нашаму Прэзідэнту за стабільнасць у Беларусі. А маладому пакаленню жадаю зберагаць тое, што маем, і заўжды жыць пад мірным небам.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga