Ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама для спецыялістаў, адказных за афармленне дакументаў для назначэння пенсій і арганізацыю работы з абавязанымі асобамі прайшоў семінар на тэму “Выкананне заканадаўства аб пенсійным забеспячэнні, занятасці і дзяржаўным сацыяльным страхаванні”.
Намеснік начальніка аддзела пенсій і дапамог Марыя Кулеш расказала аб парадку афармлення і прадастаўлення дакументаў для назначэння і выплаты пенсій. Заканадаўча рэгулюе гэту працэдуру інструкцыя Міністэрства працы і сацыяльнай абароны “Аб парадку звароту па пенсію і арганізацыі работы вядзення справаводства па прызначэнні і выплаце пенсій” № 35 ад 8 ліпеня 2019 года. Пры звароце па назначэнне пенсіі або для яе пераразліку, пераводу з адной на другую або па аднаўленне выплаты раней прызначанай пенсіі грамадзяніну ці яго прадстаўніку трэба падаць заяву адпаведнага ўзору і неабходныя для гэтага дакументы (падкажа дадатак 2) ва ўпраўленне па месцы жыхарства. Зрабіць гэта можна як асабіста, маючы пры сабе дакумент, які сведчыць асобу, так і па пошце, але ў такім выпадку подпіс заяўніка на заяве і прыкладзеныя да яе копіі дакументаў, акрамя копіі дакумента, які сведчыць асобу, павінны быць натарыяльна засведчаны.
Аб неабходнасці выканання заканадаўства аб пенсійным забеспячэнні і адказнасці наймальнікаў за поўнае і своечасовае афармленне дакументаў, дакладнасць звестак у іх нагадала намеснік начальніка ўпраўлення – начальнік аддзела пенсій і дапамог Ірына Баравік. Падкрэсліла, што наймальнік павінен своечасова афармляць дакументы аб стажы, заробку, выніках атэстацыі працоўных месцаў, неабходныя для назначэння пенсіі, і своечасова прадастаўляць іх у органы, якія ажыццяўляюць пенсійнае забеспячэнне, паколькі ён за гэта нясе матэрыяльную адказнасць перад пенсіянерам, а сумы пенсіі, залішне выплачаныя наймальнікам з-за недакладных звестак у дакументах, спаганяюцца на карысць органа, які выплачвае пенсію, у бясспрэчным парадку.
Расказала Ірына Баравік і аб магчымасці добраахвотнага страхавання дадатковай назапашвальнай пенсіі.
Са змяненнямі ў Законе аб занятасці насельніцтва прысутных азнаёміла намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці Наталля Губар. Яго новая рэдакцыя ўступае ў сілу з 1 студзеня 2025 года. Цяпер для забеспячэння працаўладкавання і занятасці інвалідаў рашэннем раённага выканаўчага камітэта наймальнікам будуць устаноўлены квоты для іх прыёму на работу. На працягу пяці рабочых дзён з дня ўтварэння новых вакансій наймальнік сам будзе размяшчаць звесткі аб іх на інфармацыйным партале дзяржаўнай службы занятасці. На гэтым жа рэсурсе наймальнікі могуць падаваць інфармацыю аб працоўных месцах, якія плануецца стварыць і замясціць, аб падборы грамадзян для ажыццяўлення дзейнасці па грамадзянска-прававых дагаворах.
Расказала Наталля Губар і як у нашым раёне вядзецца работа па выкананні патрабаванняў Дэкрэта № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у ненадзейных сем’ях”. Яшчэ раз нагадала спецыялістам, што прыём на работу абавязанай асобы ажыццяўляецца ў дзень яе яўкі для працаўладкавання, характарыстыка з папярэдняга месца не патрэбна, а працоўны дагавор заключаецца на нявызначаны тэрмін. Кантроль за штодзённай яўкай такіх работнікаў ажыццяўляе наймальнік з інфармаваннем аддзела па працы і занятасці.
Начальнік Дзятлаўскага раённага сектара Гродзенскага абласнога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Марыя Жыдко расказала аб персаніфікаваным уліку ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. Яго мэты – забеспячэнне дакладнасці звестак аб страхавым стажы грамадзян, выплатах, на якія налічаны і выплачаны страхавыя ўзносы, а галоўнае – стварэнне інфармацыйнай базы для прызначэння пенсій і дапамог, якая значна спрашчае вядзенне гэтай працэдуры. Таму наймальнікам важна своечасова падаваць у органы Фонду дакументы персаніфікаванага ўліку, а за парушэнне тэрмінаў іх падачы заканадаўствам прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Марыя Жыдко нагадала, што звесткі па прыёме на работу прадастаўляюцца не пазней чым за пяць каляндарных дзён з дня прыёму, а пры звальненні – у дзень звальнення. Немалаважнае значэнне мае ўзаемадзеянне кадравай службы і бухгалтэрыі пры назначэнні работніку пенсіі: форма ПУ-3 “Індывідуальныя звесткі” павінна быць прадастаўлена ў органы ФСАН на працягу пяці працоўных дзён з дня паступлення ад застрахаванай асобы заявы аб прызначэнні пенсіі.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga