Калі ў адных сезон заканчваецца – у другіх толькі пачынаецца.
Дзятлаўскім раённым аддзелам Следчага камітэта расследуюцца крымінальныя справы па фактах пранікнення злодзеяў у нежылыя дамы, якія знаходзяцца ў вёсках, крадзяжоў з іх маёмасці.
Менавіта асенне-зімовы сезон – той перыяд, калі гаспадары ўсё радзей бываюць на сваіх дачных участках, а вясковых жыхароў нярэдка на зімоўку забіраюць родныя, вось і аказваецца, што сачыць за пакінутай маёмасцю няма каму.
– Самыя частыя прычыны, якія спрыяюць крадзяжам, – гэта менавіта адсутнасць належнага кантролю і надзейных замкоў, – тлумачыць сітуацыю следчы раённага аддзела Следчага камітэта Аляксей Клок. – Безумоўна, найбольш эфектыўнай абаронай маёмасці з’яўляецца абсталяванне дач, нежылых дамоў, якія дасталіся ў спадчыну, ды і гарадскіх дамоў і кватэр, дзе людзі жывуць пастаянна, ахоўнай сігналізацыяй з падключэннем на пульт цэнтралізаванага назірання падраздзялення Дэпартамента аховы. Калі ж такая нерухомасць знаходзіцца ў аддаленым населеным пункце, то ёсць не менш надзейная альтэрнатыва – абсталяваць загарадны дом ахоўнай сігналізацыяй без рэагавання нарадаў групаў затрымання. Аднак нават у гэтым выпадку сігнал трывогі паступае ў падраздзяленне аховы і адначасова інфармуецца заказчык. Дзяжурны нарад міліцыі абавязкова прыедзе на такі аб’ект. Падобныя меры не толькі спрашчаюць пошукі зламысніка па гарачых слядах і ўстанаўленне сведкаў ў выпадку пранікнення няпрошаных гасцей, але і нярэдка увогуле ратуюць маёмасць.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga