Сумеснае пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку, раённых назіральнай камісіі і камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва адбылося на базе Дварэцкага сельвыканкама.
На такіх сустрэчах, дзе аказваюць падтрымку людзям, якія спатыкнуліся ў нейкі момант, але жадаюць наладзіць жыццё, непрыемна здзіўляюць факты чалавечай абыякавасці, жаданне некаторых, не працуючы, мець даброты, быць нарывам, калі хочаце, на целе грамадства.
Аб усім па парадку.
У кабінет па чарзе заходзяць людзі. Звычайныя, большасць нават акуратна апранутыя, сарамліва адварочваюцца ад фотаапарата. Старшыня сельвыканкама Канстанцін Вінцукевіч коратка расказвае біяграфію “герояў” і чаму тыя аказаліся за бортам нармальнага паўнавартаснага жыцця. На пытанне, як думаеце жыць далей, планы, перспектывы, абяцанні льюцца з іх вуснаў, як з рогу дастатку, гісторыя за гісторыяй. Усё больш захапляльныя, а па сваёй сутнасці трагічныя. Трагічныя ў тым плане, што калечыцца чалавечы лёс. І не толькі аднаго, запрошанага на пасяджэнне, – усіх, з кім жыве гэты чалавек, хто некалі верыў у яго. Самотна глядзяць на іх і працадаўцы.
Між тым, на пасяджэнні да кожнага падсправаздачнага, а іх прыйшло 11 чалавек, індывідуальны, дакладны падыход, нягледзячы на капрызы дарослых дзядзечкаў (на гэты раз жанчын у “камандзе лайдакоў і выпівохаў” не было).
– Працаваў ужо ў нас. Мала таго, што праблемы са здароўем мае сур’ёзныя, не ўсякую работу яму медыцынская камісія дазволіць, дык яшчэ і нецвярозы на працу прыйшоў, вось і звольнілі. П’е і цяпер, кадзіравацца не жадае, – расказвае пра аднаго з запрошаных на камісію вядучы інжынер па ахове працы Дварэцкага льнозавода Ала Хамко, прыводзіць у прыклад трох мясцовых жыхароў, якія пілі бязбожна, а потым закадзіраваліся і працуюць на заводзе, дома наладзілі быт, сямейныя адносіны. Нікога не кінулі, хто жадаў выправіцца і ўзяў сябе ў рукі.
– Згаджайцеся ісці да нас апальшчыкам або жывёлаводам на малочнатаварны комплекс. На работу будзем падвозіць, – прапаноўвае галоўны спецыяліст ААТ “Дварэц-Агра” Аляксандр Сачык.
На словах некаторыя згаджаюцца пачаць новае жыццё тут жа ў кабінеце, абяцаюць прыйсці з дакументамі ў аддзел кадраў сельскагаспадарчага прадпрыемства або завода.
А некаторыя, яшчэ зусім не пенсіянеры, якія жывуць за кошт пенсіі мамы, у поўны крыкам голас як на дэманстрацыі лямантуюць:
– 35 гадоў стажу маю, хопіць і гэтага. Не працую і працаваць не буду!
Толькі плаката ў руках з гэтым лозунгам не хапала. Праўда, бойкі таварыш участковага інспектара Сяргея Ігнаціка пабойваецца – на пасяджэнне явіўся добраахвотна. Магчыма, хутка накіруецца ў лячэбна-працоўны прафілакторый.
Другі ж заблытаўся ў нейкіх стэрэатыпах, не сышоўшыся з былым начальнікам характарамі, так 8 гадоў на пастаяннае месца работы нікуды больш і не ўладкоўваецца, баіцца, што зноў не заладзіцца. У вёсцы жыве адзін, трымае дамашнюю жывёлу, не спіўся. Жыхары сельсавета празвалі “мэрам вёскі”.
Старшыня раённай камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі заўважае:
– Вы ж не сталы яшчэ чалавек, маеце сілы працаваць, ёсць вам сёння рэальныя прапановы – скарыстайцеся імі. Я ўпэўнены, што ў вас усё атрымаецца.
– Вакансій у раёне хапае, прычым на розны ўзровень адукацыі саіскальнікаў і ў розных сферах дзейнасці. Банк даных пастаянна абнаўляецца. Ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама дапамогуць любому жыхару раёна падабраць варыянты працаўладкавання, варта толькі звярнуцца з адпаведнай заявай. У любым выпадку, назіральная камісія і камісія па садзейнічанні занятасці райвыканкама і надалей на пакінуць у спакоі тых, хто свядома ці неўсвядомлена губіць сваё жыццё, – рэзюмаваў старшыня назіральнай камісіі, намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga