Самая частая прычына няшчасных выпадкаў з газам у побыце – грэбаванне правіламі карыстання ім.
Чарговы раз заклікаем грамадзян быць уважлівымі і выконваць правілы, зацверджаныя пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 лістапада 2007 г. № 1539 у рэдакцыі пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 661 ад 16 лістапада 2021 г.
Чадны газ – прадукт няпоўнага згарання. Небяспека яго заключаецца ў тым, што ён не мае ні колеру, ні паху, ні смаку. Чадны газ выцясняе кісларод у крыві, таму працяглае ўздзеянне яго на арганізм можа прывесці да смерці.
Дзятлаўскі раён газазабеспячэння нагадвае, што перад кожным карыстаннем газавымі прыборамі, якія маюць адвод прадуктаў згарання ў дымавыя каналы, неабходна правяраць цягу ў коміне. Рашоткі вентыляцыйных каналаў павінны быць увесь час адчыненыя. Таксама не варта закрываць і заклейваць прачысны карман, прадугледжаны ў кожным коміне, да якога падключана калонка або ацяпляльны кацёл. У кватэрах на час работы газакарыстальнага абсталявання неабходна забяспечыць функцыянаванне вентыляцыі і прыток свежага паветра. Дзецям карыстанне газавымі калонкамі і іншымі ацяпляльнымі прыборамі дазваляецца з 14 гадоў пасля праходжання інструктажу.
Каб засцерагчы сябе і сваіх блізкіх, патрабуецца ўстаноўка ў доме (кватэры) датчыка чаднага газу, які своечасова папярэдзіць гаспадароў, абароніць ад негатыўных наступстваў. Ён дакладна фіксуе з’яўленне ў паветры шкодных рэчываў. Такі прыбор паведаміць аб стане паветра ў памяшканні, і жыхары будуць ведаць, што адбылося перавышэнне нормы таксічных выпарэнняў. Дэтэктар добра спраўляецца з апазнаннем CO, рэагуе на змяненне канцэнтрацыі паветра і выдае сігнал пры ўцечцы чаднага газу. Як толькі ў памяшканні пачне назапашвацца газ, ён неадкладна “паведаміць” аб гэтым жыхарам домаўладання пранізлівым сігналам. Важна ўсталёўваць дэтэктар у памяшканні, дзе стаяць прыборы, якія могуць стаць крыніцай атручвання. Мантаж ажыццяўляецца паводле рэкамендацый завода-вытворцы.
Памятайце, што згодна з патрабаваннямі правілаў карыстання газам у побыце, спажыўцы газу абавязаны забяспечваць устаноўку і падтрымліваць у працаздольным стане аўтаномныя сігналізатары (апавяшчальнікі) выяўлення чаднага газу ў памяшканнях, у якіх зманціравана газакарыстальнае абсталяванне з арганізаваным адводам прадуктаў згарання.
Стварэнне бяспечных умоў карыстання газам у жылым доме – у вашых руках, а веданне і строгае выкананне мер бяспекі пры карыстанні газавым абсталяваннем захавае жыццё і здароўе вам і вашым блізкім.
Адміністрацыя Дзятлаўскага РГЗ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga