Наша Беларусь бясконца здзіўляе гасцей сваёй дагледжанасцю, чысцінёй.
І няма розніцы, гэта вялікія гарады, малыя райцэнтры або вёсачкі, у многіх з якіх таксама ёсць асфальтаваныя дарогі, якія падтрымліваюцца ў парадку.
Так, у межах выканання дзяржаўнай праграмы “Дарогі Беларусі” на 2021-2025 гады нядаўна быў завершаны рамонт вуліцы Ігната Дварчаніна ў вёсцы Погіры нашага раёна. На малой радзіме славутага земляка, паэта, літаратуразнаўцы праведзена добраўпарадкаванне і абнаўленне дарожнага пакрыцця. На правядзенне работ з абласнога бюджэту выдзелена 293 тысячы 958 рублёў.
Падрадчыкам выступіла ДРБУ-119. На ўчастку вясковай дарогі працягласцю 1,6 кіламетра праведзены земляныя работы, укладка новага асфальту і падрэзка дрэваў, якія перашкаджалі агляду. Мясцовыя жыхары задаволены, яны падзяліліся сваім меркаваннем аб падзеі.
Мікалай Дзядовіч:
– Нядаўна нам зрабілі новую дарогу, прычым выканалі работы надзвычай якасна. Мінулы раз асфальт у вёсцы пракладвалі каля трыццаці гадоў таму, адразу пасля газіфікацыі. Зразумела, што за гэты перыяд дарожнае пакрыццё знасілася, тым больш непадалёку ад нас размешчана ферма, праз вёску ходзіць цяжкагрузная тэхніка. Неаднаразова ў планавым парадку і па нашых заяўках дарожнікі праводзілі ямачны рамонт, што вырашала праблему часова. Ад таго, як пераўвасобілася дарога, мы ўсе ў поўным захапленні: зрабілі якасна, прыгожа, выканалі ўсе адкосы, пачысцілі вадасцёкі. Зручна што ісці, што ехаць. Час ад часу дабіраюся да райцэнтра на таксі, дык нават вадзіцелі адзначылі, якая добрая ў нас стала дарога. Дзякуй кіраўніцтву раёна за спагаду, а работнікам дарожнай галіны – за якаснае і адказнае выкананне сваіх абавязкаў.
Віктар Навіцкі:
– Раней тут таксама быў асфальт, але ён ужо павыбіваўся. Кожны год латалі ямачкі, але за зіму ўсё зноў разбуралася. Цяпер ужо зрабілі надзейна, не на адзін год хопіць. Самому прыемна будзе на веласіпедзе паехаць хоць у грыбы, хоць па справах. Зручна і да суседзяў у госці зайсці праз дарогу. Рады, што нас, вяскоўцаў, не пакідаюць клопатам і ўвагай.
Надзея Кірыльчанка:
– Мы прыехалі на Дзятлаўшчыну з Расіі гадоў з шэсць таму, перабраліся бліжэй да дзяцей і ўнукаў. Нам тут добра, камфортна, я кожны дзень радуюся і захапляюся, дзякую Богу за тое, што нас сюды прывёў. Калі ўкладвалі новую дарогу ў вёсцы, я ўважліва назірала, нават фатаграфавала цікавую для мяне тэхніку і тое, як зладжана, прафесійна людзі працуюць. Прыемна здзівіла, што нават пасля ўкладкі асфальту сюды зноў прыязджалі дарожныя работнікі, каб дапрацаваць, давесці ўсё да дасканаласці, зрабілі прыгожыя ўзбочыны, усё для людзей. Унучкі з Гродна часта тут бываюць на канікулах або выхадных. Апошні раз прывезлі з сабой ролікавыя канькі, кажуць: “Бабуля, у цябе тут можна катацца”. На прыкладзе нашых Погіраў можна зразумець увесь лад жыцця ў Беларусі: тут не забываюць клапаціцца пра ўсіх: ад маленькай вёсачкі да вялікага населенага пункта. Хачу выказаць словы шчырай удзячнасці кіраўніцтву раёна і шаноўнаму Прэзідэнту. Прыехаўшы ў Беларусь, я была проста ўражана тым, як шмат робіцца для людзей, колькі сацыяльных гарантый, дапамог. У мяне дачка шматдзетная матуля, яна вельмі моцна адчувае падтрымку дзяржавы. У Беларусі спакойна, упэўнена і камфортна жыць як маладым людзям, дзецям, так і пенсіянерам.
Наталля АВЯРЧУК
#НАШАЛЕПШАЕ #НАШЕЛУЧШЕЕ