Незабываемае паляванне – камфортны адпачынак

Важнае Спорт і турызм

Лістапад у Беларусі аб’яўлены месяцам паляўнічага турызму.

Як расказала дырэктар Дзятлаўскага раённага турысцкага інфармацыйнага цэнтра Вераніка Паўлоўская, усяго ў нашай краіне вылучаецца 13 відаў турызму, кожнаму з якіх прысвечаны пэўны перыяд года. На працягу лістапада спецыялісты ТІЦ у цесным супрацоўніцтве з работнікамі Дзятлаўскага лясгаса будуць папулярызаваць паляўнічы турызм праз сацыяльныя сеткі, дзе з’явіцца шмат карыснай інфармацыі, будзе размешчана тэматычная выстава аб паляўнічай інфраструктуры, угоддзях нашага раёна, дзікіх жывёлах, якіх могуць здабыць аматары гэтага віду адпачынку.

– На Дзятлаўшчыне створаны ўсе ўмовы для камфортнага і бяспечнага палявання, – упэўнены інжынер па паляўнічай гаспадарцы Дзятлаўскага лясгаса Дзмітрый Францкевіч. – Гэта і багатая фаўна: нашы лясы насяляюць лось, кабан, алень, казуля, лань, ліса, заяц, бабёр, воўк, куніца, качка, іншая дзічына. У нас можна, але толькі палюбавацца, на “цара беларускіх лясоў” – зубра, пабачыць чырванакніжнага чорнага бусла. Летась мы адзіныя ў Беларусі ў прыродных умовах, а не вальеры, адкрылі паляванне на лань. Радуе і разнастайнасць паляўнічых угоддзяў: большасць з якіх – лясныя, ёсць таксама палявыя і водна-балотныя. Айчынным аматарам палявання і замежным гасцям прапаноўваем спыніцца ў доміку паляўнічага, які знаходзіцца ў маляўнічым куточку Вензавецкага лясніцтва і можа адначасова размясціць пяць гасцей. Калі паляванне выдалася ўдалым і трафей плануецца выкарыстаць у ежу, мы вельмі хутка, літаральна на працягу гадзіны, праводзім аналіз на ўсе віды захворванняў. Для захавання мяса ў доміку паляўнічага ёсць куфар-маразільнік, халадзільнік, а калі ўзнікае жаданне адразу прыгатаваць дзічыну – зрабіць гэта можна там жа на кухні ці мангале.

У некалькіх словах закрану правілы палявання. Калі мяркуецца выйсці на птушку ці пушную дзічыну, паляўнічы, у якога маецца ліцэнзія, можа зрабіць гэта адзін, а вось на капытных жывёлін паляваць можна толькі са спецыялістам лясгаса. Звязана гэта са строгім улікам і рэгуляваннем пагалоўя.

Разам з тым, мы стараемся зрабіць усё, каб паляўнічым-турыстам у нас спадабалася, бо пазітыўныя эмоцыі гасцей – гэта складальнік і нашага поспеху. Як сведчыць практыка, аматары палявання, якія атрымалі на Дзятлаўшчыне важкі багаж прыемных уражанняў, абавязкова сюды вяртаюцца яшчэ не адзін раз, а інфармацыяй пра паездку шчодра дзеляцца з сябрамі па захапленні, а гэта, як вядома, найлепшая рэклама.

Усяго з пачатку 2024 года дзякуючы наведванню іншаземных турыстаў Дзятлаўскі лясгас атрымаў ад палявання 33,7 тысячы рублёў прыбытку. Да канца года мяркуецца правесці яшчэ тры такія ж паляўнічыя туры, якія прынясуць у скарбонку лесагаспадаркі дадатковыя 10 тысяч.

Мы стараемся ісці ў нагу з часам, развівацца, ствараць спрыяльныя ўмовы для паляўнічых-турыстаў. Для здачы ў арэнду ў лясгасе ёсць тры цеплавізары, два карабіны, прыцэлы, у перспектыве мяркуецца пабудаваць на тэрыторыі доміка паляўнічага вальеры для сабак, бо некаторыя госці прыязджаюць са сваімі чатырохлапымі памочнікамі.

Увогуле, можна сказаць, што паляўнічы турызм на Дзятлаўшчыне – не проста магчымасць здабыць трафеі, але і ўнікальны шанц акунуцца ў атмасферу каларытнай прыроды, пазнаёміцца ​​з яе асаблівасцямі, прыемна адпачыць, папоўніць запас станоўчых уражанняў і ўспамінаў. Нездарма гэты кірунак работы ў Дзятлаўскім лясгасе мае слоган: “Дастойнае і незабываемае паляванне, камфортны і ўтульны адпачынак”.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#НАШАЛЕПШАЕ #НАШЕЛУЧШЕЕ