Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу ў Мінску, у Вялікім тэатры оперы і балета, адбыўся ІІІ Рэспубліканскі форум працаўніц вёскі. Арганізатары мерапрыемства – Беларускі саюз жанчын і Міністэрства сельскай гаспадаркі.
Кожную з абласцей Беларусі на сустрэчы прадстаўлялі каля паўсотні жанчын. Усе яны – гонар не толькі сваіх гаспадарак і прадпрыемстваў, але і ўсёй краіны. У саставе дэлегацыі Гродзеншчыны ад Дзятлаўскага раёна ў сталіцу адпачыць ад працоўных будняў і атрымаць станоўчыя ўражанні сёлета паехалі тры нашы зямлячкі: брыгадзір вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі ААТ “Граніт-Агра” Наталля Болтач, памочнік брыгадзіра вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі КСУП “Жукоўшчына” Надзея Стэцкая, галоўны спецыяліст КСУП “Войневічы” Вольга Лахач.
У рамках форуму адбылася сустрэча са старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай.
Як лічаць арганізатары, такія мерапрыемствы – цудоўная магчымасць не толькі ўшанаваць сельскіх жанчын і падзякаваць ім за шчырую працу, але і паказаць беларусам, наколькі важныя рабочыя прафесіі, як яны спрыяюць самарэалізацыі і паспяховасці нашых суайчынніц.
– У сельскагаспадарчай галіне працую ўжо тры дзесяцігоддзі, – прызнаецца Наталля Болтач. – Увесь гэты час прысвяціла жывёлагадоўлі, была аператарам лінейнай фермы, цяпер брыгадзір на новым комплексе “Еленка”. Вельмі ўдзячна нашаму ідэолагу Кацярыне Дубешка, што прапанавала для паездкі маю кандыдатуру. У Мінску я адпачыла душой, пабачыла старшыню Савета Рэспублікі Наталлю Качанаву, якая мне вельмі спадабалася як чалавек. Нас сустракалі вельмі гасцінна, усё было так урачыста і прыгожа, што няма слоў. Дзякуючы форуму, адчулі, што і ў вялікіх гарадах цэняць працу работнікаў вёскі. Паездка ў сталіцу і велічны балет “Папялушка” сталі цудоўным падарункам да прафесійнага свята. Калегам па галіне таксама жадаю здароўя, шчасця, дабрабыту, яркіх уражанняў і каб у іх жыцці сустрэлася добрая казка.
Крыху карацейшы стаж у Вольгі Лахач, аднак і яна прысвяціла сельскай справе два дзесяцігоддзі: была бухгалтарам, эканамістам, цяпер галоўны спецыяліст гаспадаркі, шмат увагі надае рабоце з людзьмі, часта з’яўляецца арганізатарам і ўдзельніцай розных мерапрыемстваў і не менш была ўражана паездкай:
– Рада, што трапіла на форум, бо ўпершыню ў жыцці не па тэлевізары бачыла балет: жывая музыка, артысты, касцюмы, адчуванне таго, што мы ў прыгожай казцы. З удзельніцамі форуму нават жартавалі, што ўсё так сімвалічна, быццам сталі прынцэсамі на бале. Да нас было шмат увагі: сувеніры ад Беларускага саюза жанчын, камфортны атэль, экскурсіі. Адпачылі ад сваёй нялёгкай работы, пазнаёміліся, пасябравалі, некаторыя нават змаглі расказаць свае жыццёвыя гісторыі з рэспубліканскай сцэны. Вельмі спадабалася выступленне Наталлі Качанавай, зразумелае для ўсіх, шчырае. Ад жанчыны-палітыка веяла дабрынёй і адкрытасцю, яна расказвала простыя жыццёвыя ісціны, такія блізкія і патрэбныя для кожнай з нас. Я таксама дзякую сельскім работнікам за іх паўсядзённую нялёгкую працу, жадаю моцнага здароўя, мірнага неба і любіць нашу краіну, бо яна цудоўная, чыстая, дагледжаная.
Шчасце на малой радзіме знайшла і яшчэ адна наша зямлячка Надзея Стэцкая. Пасля заканчэння каледжа лёгкай прамысловасці яна не пажадала застацца ў абласным цэнтры, сумуючы па вёсцы, па родных прасторах, вярнулася дамоў, стварыла сям’ю, выгадавала двух сыноў, адзін з якіх ваенны, другі атрымаў будаўнічую спецыяльнасць.
– Дзесяць гадоў я адпрацавала аператарам штучнага асемянення, апошнія шэсць з’яўляюся памочнікам брыгадзіра ў жывёлагадоўлі, – расказала жанчына. – Безумоўна, у нас у вёсцы сваё хараство і бязмежныя прасторы, аднак у сталіцы я была прыемна ўражана відовішчным балетам, касцюмамі, пастаноўкай – не параўнаць з тым, што бачыла раней. Нас смачна кармілі, мы жылі ў прыгожых пакоях, апраналі свае найлепшыя сукенкі, каблукі – адным словам, адчулі сябе сапраўднымі прынцэсамі. Прыемнай была і сустрэча з Наталляй Качанавай. Яна са шчырай павагай адносіцца да работнікаў вёскі, цэніць сельскую працу, што і стала падставай для такога маштабнага форуму з ушанаваннем спецыялістак сельскай галіны. Для нас жа падобныя сустрэчы – магчымасць адпачыць ад паўсядзённых спраў, хоць зрэдку ўбачыць сталіцу, яе адметныя мясціны, проста пабыць разам. Дарэчы, зусім нечакана я сустрэла на форуме жанчын, з якімі ў студэнцкія гады ездзілі на ўборку бульбы. Паездка пакінула самыя станоўчыя эмоцыі. Жадаю ўсім працаўнікам сельскай галіны моцнага здароўя, дастойных умоваў працы, дасягнення пастаўленых мэтаў, цярпення, самарэалізацыі.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga