Дзесяцікласніца Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. Шаўчук Дар’я Піваварчык не толькі захапляецца краязнаўствам, але і наведвае нядзельную школу пры царкве Нараджэння Прасвятой Багародзіцы гарпасёлка.
Дзякуючы сваім захапленням, дзяўчынка ў сёлетнім кастрычніку прыняла ўдзел у рэспубліканскіх краязнаўчых праваслаўных чытаннях “Праваслаўнае краязнаўства – жыватворная крыніца духоўнага ўзбагачэння”. Гродзеншчыну на мерапрыемстве прадстаўлялі тры чалавекі, у ліку якіх была і новаяльнянка. Чытанні праходзілі ў храме-помніку ў гонар Усіх Святых горада Мінска. У аднайменнай секцыі “Праваслаўнае краязнаўства – крыніца духоўнасці” Дар’я Піваварчык выступіла з дакладам “Святло душы маёй” і была адзначана сертыфікатам удзельніка.
– Удзел у чытаннях паспрыяў пашырэнню ведаў па гісторыі і культуры роднага краю, даў мне матывацыю для далейшага вывучэння праваслаўнага краязнаўства, праваслаўнай культуры, – прызналася дзяўчынка.
Далей яе чакала яшчэ адна прыемная навіна і запрашэнне. Завяршыўся міжнародны творчы конкурс для дзяцей і юнацтва “Ратная слава Расіі”, які сёлета быў прысвечаны 195-годдзю з дня нараджэння святога Іаана Кранштадтскага. Конкурс традыцыйны, на яго прымаюцца работы, якія спрыяюць ушанаванню і захаванню памяці герояў, іх ратных подзвігаў і выпрабаванняў, а таксама расказваюць аб сямейных баявых узнагародах і рэліквіях, праявах міласэрнасці і спачування ў жорсткай атмасферы ваенных дзеянняў.
Пад куратарствам кіраўніка народнага школьнага музея “Дзеці ліхалецця” Тамары Крывеня Дар’я Піваварчык падрыхтавала даследаванне аб лёсе сваіх продкаў “След вайны ў гісторыі сем’яў Піваварчык-Мароз”, з якім стала лаўрэатам намінацыі “Літаратурная творчасць”. У пачатку лістапада Дар’я і яе мама былі запрошаны ў Санкт-Пецярбург на фестываль “Ратная слава Расіі”. Пераможцаў чакалі не толькі дыпломы і падарункі, але і цікавая культурная праграма – гэта аглядавая экскурсія па Санкт-Пецярбургу, гістарычных і святых мясцінах паўночнай сталіцы Расіі.
Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены Дар’яй Піваварчык
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее
#нашалепшае