Штотыднёвая нарада старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з кіраўнікамі раённых службаў на гэты раз прайшла ў аўторак .
Абмеркаванне тэмаў сямідзёнкі перад вялікімі “кастрычніцкімі” святамі (адпачываць беларусы будуць 7, 8, 9, 10 лістапада, а субота 16 лістапада стане рабочай) пачалося на прыемнай ноце. Ад старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка і ад кіраўніка нашага раёна Андрэя Садоўскага прагучалі словы падзякі ўсім арганізатарам і ўдзельнікам абласнога свята “Дажынкі-2024”, якое праходзіла 2 лістапада ў Мастах. Раёны Прынёмання, і Дзятлаўшчына не выключэнне, цікава прадставілі свае падворкі, цёпла віталі гасцей, урачыстасць прайшла на дастойным узроўні.
Андрэй Садоўскі прадоўжыў “святочную тэму”, адзначыўшы, што ўжо 16 лістапада, у рабочую суботу, у Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці адбудзецца ўрачыстасць па ўшанаванні работнікаў сяла нашага раёна і калектываў прадпрыемстваў перапрацоўчай галіны, з гэтай нагоды плануецца і святочны канцэрт. Кіраўнік раёна заклікаў, каб і гэта мерапрыемства прайшло ў цёплай душэўнай атмасферы, каб людзі-працаўнікі адчулі да сябе ўвагу, прыемна адпачылі пасля напружаных восеньскіх будняў.
Ад святочнай павесткі перайшлі да праблемнага пытання: Дзятлаўшчына ў ліку сямі раёнаў Гродзеншчыны, дзе сёлета ўзрасла колькасць пажараў. Нягледзячы на сістэмную работу адказных службаў, аглядавых камісій, якія працуюць пры кожным сельвыканкаме і ў горадзе Дзятлаве, тэма не губляе актуальнасці. Літаральна 3 лістапада па вуліцы Слонімскай райцэнтра адбылося чарговае вогненнае здарэнне, пашкоджана маёмасць. Андрэй Садоўскі даў даручэнне дэталёва разабрацца ў сітуацыі: дзе былі недапрацоўкі, хто іх дапусціў.
Іншыя тэмы коратка
Прыемнай навіной стала тое, што жывой знойдзена жанчына, якая заблукала ў лясным масіве недалёка ад вёскі Лапушна. Як аказалася, пацярпелая, перш чым яе месцазнаходжанне ўстанавілі, прайшла шмат кіламетраў.
***
Завяршаюцца ў раёне сельскагаспадарчыя работы: да 10 лістапада павінна скончыцца ўборка цукровых буракоў. Не менш важна своечасова ўнесці арганіку, паспець з ворывам.
***
Па вуліцы 50 гадоў Кастрычніка будзе ажыццяўляцца падсыпка асфальтагранулятам.
***
6 лістапада, напярэдадні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, у Дзятлаве пройдзе мітынг каля помніка Леніну, а ў вёсцы Ахонава ўрачыста адкрыецца новы модульны ФАП.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga