Дэпутаты на пасяджэнні другой сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання ў другім чытанні прынялі законапраект “Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адукацыі”.
Аб новаўвядзеннях расказала начальнік аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Марына Лашкоўская:
– Змяненні ўнесены ў галоўны для педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў дакумент – Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Яны закранулі розных удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Напрыклад, для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця пашыраны спектр навучальных паслугаў. Бацькоў-выхавальнікаў цяпер будуць адносіць да педагагічных работнікаў, а дзеці-сіроты вызваляюцца ад аплаты расходаў за навучанне, калі не застануцца на першым працоўным месцы. Таксама новымі нормамі Кодэкса пашыраны пералік медыцынскіх паказанняў, па якіх прадугледжана вызваленне ад цэнтралізаванага экзамена выпускнікоў. Замацаваны і пункт па арганізацыі бясплатнага падвозу вучняў на культурна-масавыя мерапрыемствы, спартыўныя спаборніцтвы, а таксама ў шосты школьны дзень, што камфортна і бяспечна для педагогаў і дзяцей, паколькі парк школьных аўтобусаў за апошнія гады зведаў значнае абнаўленне.
Прадугледжвае абноўлены Кодэкс абавязак арганізацыі-заказчыка кадраў кампенсаваць сродкі, затрачаныя дзяржавай на падрыхтоўку спецыяліста, рабочага, служачага щ выпадку неабгрунтаванага скасавання з ім дагавора аб мэтавай падрыхтоўцы або невыканання ўмоваў дагавора. Норма будзе тычыцца і выпадкаў, калі малады работнік вярнуўся ва ўстанову, якая выдавала яму мэтавае накіраванне, аднак месца работы там не аказалася. Пры такіх абставінах наймальніку давядзецца выплаціць грошы за ўвесь перыяд навучання маладога спецыяліста.
Замацавана норма, якая тычыцца школьнай формы: навучэнцы на занятках павінны прытрымлівацца дзелавога стылю, за выключэннем урокаў фізкультуры і працоўнага навучання.
Гэта далёка не ўсе новаўвядзенні, нарматыўны акт уступае ў законную сілу з 1 верасня 2025 года.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga