У рэканструкцыі стадыёна “Трактар”, які ўрачыста быў адкрыты ў Мінску на мінулым тыдні з удзелам Прэзідэнта Беларусі, удзельнічала 11 зводных студэнцкіх будатрадаў – усяго каля 200 маладых чалавек. Работы вяліся на працягу двух гадоў.
На адкрыцці абноўленага спартыўнага аб’екта сталіцы Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вопыт работы ў студатрадзе застаецца з чалавекам на ўсё жыццё, узгадаў, што і сам калісьці быў байцом будатрада, і ўспаміны толькі станоўчыя, хаця работа была няпростай.
– Гэта зусім іншы студэнт, калі ён пабыў у будатрадзе. Зусім іншы, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, адзначаючы важнасць гэтага напрамка дзейнасці Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. – У вас будатрадаўскі рух – гэта ваш канёк, можна сказаць. Гэта бясспрэчна. І вось так трэба падцягваць тыя напрамкі, якія вы можаце асвоіць і якія патрэбны людзям.
Чаму гэты кірунак важны ў дзейнасці самай вялікай моладзевай арганізацыі краіны і якім справам яшчэ надаецца ўвага членаў аб’яднання, расказала першы сакратар Дзятлаўскага раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык:
– Мы, моладзь, павінны быць на перадавых пазіцыях і сваімі добрымі і значнымі справамі паказваць прыклад іншым.
Студатрады для юнакоў і дзяўчат, якія ўваходзяць у састаў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, – гэта выдатная пляцоўка, дзе яны атрымліваюць свой першы вопыт працоўнай дзейнасці, вучацца працаваць у калектыве, а таксама зарабляюць першыя самастойныя грошы. Згодна з беларускім заканадаўствам стаць членамі студэнцкіх атрадаў могуць нават школьнікі, якім ужо споўнілася 14 гадоў. У атрадзе баец разумее, што такое калектыў, згуртаванасць, сяброўства, бо нездарма кажуць, што адзін у полі не воін, і калі ёсць каманда, заўджы прасцей спраўляцца з заданнем, дасягаць пастаўленых мэтаў. Лічу, што ўсім, хто прайшоў “школу” будаўнічых атрадаў, потым намнога лягчэй быць паспяховымі ў жыцці.
Яшчэ адзін важны і запатрабаваны ў людзей напрамак дзейнасці, які развівае наша моладзевая арганізацыя, – гэта валанцёрскі рух БРСМ “Добрае Сэрца”. Добраахвотнікі нашага аб’яднання аказваюць самую розную падтрымку і дапамогу пажылым людзям і ветэранам. Гэта і віншаванні са святамі, і запрашэнне на нашы ўрачыстасці і мерапрыемствы, і дапамога ў быце і на прысядзібных участках па навядзенні парадку, і ўборка снегу.
Не абыходзім увагай дзяцей, якім таксама патрэбна наша падтрымка і дапамога. На гэта скіраваны многія тэматычныя акцыі і мерапрыемствы ГА “БРСМ”, а па-за імі нашы валанцёры могуць проста прыйсці да дзяцей, падарыць ім добры настрой і сваю ўвагу.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga