Жыць без працы – гэта грэх

Галоўнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Так лічыць наша зямлячка Дар’я Здановіч з вёскі Зарэчча, якая сёлета сустрэла важкі юбілей – 90-годдзе.

Для чалавека дзевяць дзясяткаў гадоў – многа гэта ці мала? Адказы на дадзенае пытанне ў кожнага будуць розныя. А вось рэцэптам свайго даўгалецця падзялілася юбілярка, якую павіншаваць са святам прыехалі работнікі сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Святлана Венская, Ірына Бакшук і Іван Кашко. Яны прывезлі імянінніцы прыгожыя песні і цудоўны настрой.

Чым жа адметнае было жыццё гэтай жанчыны? Здаецца, нічога асаблівага: нялёгкая сялянская праца, амаль як і ва ўсіх у тыя часы, выхаванне сыноў, шчырыя малітвы да Бога… Але з гэтых маленькіх зярнятак вырас цяжкі колас жыццёвай мудрасці і вопыту.

Ужо з дзяцінства лёс не песціў дзяўчынку. Рана памерла яе мама, і засталася яна сіратою. Самага роднага чалавека замяніла маленькай Дашы старэйшая сястра, якая вельмі яе шкадавала.

Юбілярка расказвае, што скончыла толькі адзін клас у школе, а далей вучыцца не было магчымасці – перашкодзіла вайна.

– Вельмі цяжка было, як немцы прыйшлі ў наша мястэчка, – дзеліцца ўспамінамі жанчына. – Хаваліся ў ямах для бульбы, бралі з сабой, што маглі: хлеб, соль, ваду, яблыкі. А калі заканчваліся прадукты, мы паўзком паўзлі да хаты і бралі ежу. Бацька нас аберагаў, ён меў сувязь з партызанамі, а начамі яны прывозілі ваду, хлеб, яйкі.

Як немцы адышлі, мы выбраліся з бульбяных ямаў і вярнуліся дамоў, пачалі выжываць. Бацька больш не жаніўся. Ён хваляваўся, што іншая жанчына не зможа замяніць дзецям родную маці, будзе іх крыўдзіць. Так і гадаваў сам.

Усё жыццё, з ранняга дзяцінства, Дар’я Андрэеўна шмат працавала. Не цуралася ніякай работы ні дома па гаспадарцы, ні ў калгасе: буракі палола, лён ірвала, жывёлу даглядала. Некаторы час працавала нават на будоўлі ў Мінску, але па стане здароўя прыйшлося вярнуцца ў сваё роднае мястэчка. І тут усё жыццё аддала сельскай гаспадарцы.

– Працавала я вельмі многа, – узгадвае жанчына, – была даяркай, прыбіральшчыцай, звеннявой. Мяне паважалі і цанілі як адну з лепшых працаўніц калгаса. І мае старанні ацанілі: я была ўзнагароджана медалём “За добрасумленную працу”, маю шмат грамат і каштоўных падарункаў.

Сям’я ў Дар’і Здановіч невялікая. Сын Аляксей ездзіць на заработкі, а Анатоль працуе жывёлаводам. Жанчына шкадуе, што так склаўся лёс і сыны не ажаніліся, таму і ўнукаў яна не мае. Але на жыццё не хоча скардзіцца, бо не заўсёды яно бывае такім, як жадае сам чалавек.

Нягледзячы на свой важкі ўзрост, не можа Дар’я Андрэеўна сядзець без працы. У вёсцы заўжды хапае клопатаў па доме і гаспадарцы, тым больш што яна яшчэ трымае свіней, курэй, ёсць і любімыя гадаванцы – сабака Цішка і кот Мурлыка. Доўгажыхарка ўпэўнена, што жыць без працы – гэта грэх, нават адпачываць доўга не любіць. Таму і маладому пакаленню раіць не ленавацца і не марнаваць час на пустыя справы.

– Я вельмі рада, што сустрэла 90-гадовы юбілей, атрымала прыгожыя віншаванні, кветкі і падарункі, –   дзякуе Дар’я Здановіч гасцям. – Дай Бог, каб не было вайны, усе людзі жылі мірна і дружна, паважалі і любілі адзін аднаго, плённа працавалі. І каб усе мелі магчымасць адзначыць свае 90 гадоў. Кожны сам выбірае, як гэтага дамагчыся, а вось мой сакрэт даўгалецця – працаваць і маліцца Богу.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: