Вырастайце і прыгажэйце, лясы Дзятлаўшчыны

Важнае Улада

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў старт рэспубліканскай акцыі “Дай лесу новае жыццё!”, якая праходзіць у нашай краіне з 12 кастрычніка па 12 лістапада.

Яе мэта – аднаўленне ветравальна-бураломных участкаў лесу. Прыняць удзел у акцыі можа кожны жадаючы.

Сёлета дзятлаўскія лясы зусім нязначна пацярпелі ад стыхіі, тым не менш жыхары раёна далучыліся да добрай ініцыятывы па пасадцы новых дрэўцаў. Як і штогод, прыклад землякам падаў калектыў райвыканкама на чале са старшынёй Андрэем Садоўскім, а таксама кіраўнікі арганізацый раёна, якія прынялі ўдзел у пасадцы лесу ў пятым квартале Казлоўшчынскага лясніцтва на плошчы 1 гектар.

Інструктаж па тэхніцы бяспекі і тэхналогіі пасадкі для ўдзельнікаў акцыі правёў ляснічы Казлоўшчынскага лясніцтва Аляксей Дубовік.

Усіх добраахвотнікаў забяспечылі пасадачным матэрыялам і прыладамі працы, карыстацца якімі многія ўмеюць з досведу мінулых гадоў.

Як адзначыў кіраўнік раёна, аднаўленне лясоў на малой радзіме – дастойная справа і абавязак кожнага сумленнага грамадзяніна.

 

– Сёння мы разам з усёй Беларуссю даём родным лясам новае жыццё. Заўжды падтрымліваем такія мерапрыемствы. Па-першае, яны аб’ядноўваюць. Нашы продкі заўжды ўмелі  працаваць разам, самыя значныя справы рабілі талакой, – адзначыў Андрэй Уладзіміравіч. – Пасадка новага лесу – гэтае доўгатэрміновыя інвестыцыі ў будучыню. Пакуль саспее пасаджаны намі лес, вырасце цэлае пакаленне. Самая галоўная задача – захаваць гэта багацце і пакінуць яго для нашчадкаў. Спадзяюся, кожны саджанец прыжывецца і праз дзясяткі гадоў парадуе нашых дзяцей і ўнукаў.

Дырэктар лясгаса Сяргей Дурко заўважыў, што хоць Дзятлаўшчыну і мінулі страшныя стыхійныя бедствы, такія як на Гомельшчыне або Магілёўшчыне, уднаўленне лясоў застаецца актуальным ва ўсе часы.

– Сёлетняя акцыя была ініцыявана Міністэрствам лясной гаспадаркі з-за таго, што ў ліпені гэтага года значныя плошчы беларускіх лясоў былі пашкоджаны ўраганнымі вятрамі. На Дзятлаўшчыне пацярпелі нязначныя дробнаконтурныя ўчасткі лесу. На адным з іх мы знаходзімся сёння. Калектыў райвыканкама пад кіраўніцтвам старшыні Андрэя Садоўскага кожны год з’яўляецца адным з самых актыўных удзельнікаў нашых акцый па пасадцы лесу і самых адказных, сумленных работнікаў. Прыжывальнасць саджанцаў на ўчастках, пасаджаных імі, адна з самых высокіх. Дзякуй усім, хто адгукнуўся на запрашэнне паўдзельнічаць у акцыі. Хто пакуль не паспеў, гэта можна зрабіць у бліжэйшы час. Мы гатовы прадаставіць валанцёрам прылады працы, сеянцы, саджанцы, усё паказаць. Запрашаем далучыцца да добрай справы ўсіх нераўнадушных.

Удзельнікі акцыі “Дай лесу новае жыццё!” падзяліліся сваімі эмоцыямі ад мерапрыемства.

Святлана Адашчык, намеснік начальніка аддзела статыстыкі Дзятлаўскага раёна:

– Шчыра прызнаюся, у такой добраахвотнай акцыі па пасадцы лясоў удзельнічаю ўпершыню. Усё вельмі падабаецца: працуем разам у лесе на свежым паветры, свеціць сонейка. Проста асалода пасля работы ў кабінеце. Работа ладзіцца дружна і прадукцыйна, што радуе. Прыемна, што кіраўніцтва раёна разумее важнасць аднаўлення лясоў, што да такіх акцый далучаюцца не толькі профільныя спецыялісты-лесаводы, а ўсе людзі, нераўнадушныя да прыроды роднага краю.

Андрэй Лявончык, галоўны спецыяліст Дзятлаўскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

– У акцыях па пасадцы лесу ўдзельнічаем рэгулярна вясной і восенню. Таксама садзім дрэвы і кустарнікі на тэрыторыі населеных пунктаў раёна і ў райцэнтры. Асабіста я пасля кожнага такога мерапрыемства адчуваю зарад бадзёрасці, задавальненне ад таго, што разам з землякамі зрабіў нашу любімую Дзятлаўшчыну крыху зелянейшай і прыгажэйшай.

Акцыя “Дай лесу новае жыццё!” прадаўжаецца. Далучыцца да яе могуць як калектывы, так і асобныя жыхары раёна. Для гэтага неабходна звярнуцца ў Дзятлаўскі лясгас або лясніцтва па месцы жыхарства.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga