Вы – лакаматыў, які будзе рухаць медыцыну

Галоўнае Улада

У Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі адбылася сустрэча маладых спецыялістаў сферы аховы здароўя з кіраўніцтвам раёна з удзелам начальніка галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Людмілы Кеда.

Прыемным момантам у самым яе пачатку стала ўручэнне моладзі падарункаў.

– Упэўнены, вы не пашкадуеце, што першыя крокі ў прафесію пачынаеце на Дзятлаўшчыне, – павітаў прысутных старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – Літаральна ў пятніцу мы правялі сустрэчу з усімі маладымі спецыялістамі раёна, а сёння сустракаемся менавіта з моладдзю, якая прыйшла ў сферу аховы здароўя. З намі Людміла Мікалаеўна Кеда, яна заўжды сама асабіста прыязджае да нас, каб з вамі пагутарыць. Што сабой уяўляе раённая сістэма аховы здароўя, вы ўжо крыху зразумелі, бо адпрацавалі больш за два месяцы. Усяго ў нашым раёне 23 лячэбна-прафілактычныя ўстановы, сярод якіх цэнтральная раённая, дзве гарпасялковыя, бальніца сястрынскага догляду ў Гезгалах, чатыры амбулаторыі, 15 ФАПаў. У сферы працуюць 623 чалавекі, ў тым ліку 72 доктары, 263 сярэднія медыцынскія работнікі, 161 – малодшы і 127 чалавек, якія абслугоўваюць сферу. Сярод самых шматлікіх маладых прадстаўнікоў прафесій – вы, 23 маладыя спецыялісты-медыкі, прыехалі сёлета пачынаць прафесійную кар’еру на Дзятлаўшчыне.

Хоць мы бачымся ўпершыню, аднак пытаннямі вашага рассялення займаліся з самага пачатку, працавалі па арэндным жыллі, некаторым прадастаўлялі інтэрнат. Лічу, што пытанне гэта ў нас абсалютна вырашана, і калі ў далейшым будзе неабходнасць атрымаць арэнднае жыллё, думаю, з гэтым не з’явіцца праблем: яго дастаткова, а да канца года будзе яшчэ больш, галоўнае, каб у вас было жаданне. Дзятлаўскі раён невялікі: 23 тысячы жыхароў, з якіх 7,5 жывуць у райцэнтры – гарадское і сельскае насельніцтва прапарцыянальнае. Ён прамысловы: працуюць 10 прадпрыемстваў, некаторыя ўнікальныя па сваёй спецыфіцы, ёсць і “жамчужыны” Дзятлаўшчыны – санаторыі “Радон” і “Альфа Радон”, што падкрэслівае спрыяльную мясцовую экалогію.

Мы ўсе былі маладымі работнікамі, і гэты перыяд пакінуў у памяці найлепшыя ўспаміны. Сам я ўраджэнец Смаргоншчыны, аднак склалася, што 20 гадоў адпрацаваў на Навагрудчыне, ужо пяць працую тут. Няхай і ў вас застануцца самыя добрыя ўражанні ад нашага раёна. Мы з калектывам райвыканкама і адміністрацыяй нашай бальніцы зробім усё для гэтага магчымае. Здароўя вам, кар’ернага росту, каб у жыцці ўсё ладзілася, каб сустракаліся добрыя людзі. Удачы.

– У галоўнага упраўлення склалася цудоўная практыка праводзіць сустрэчу з маладымі спецыялістамі аховы здароўя на базе раёнаў, – адзначыла Людміла Кеда. – Час, калі прыходзіш у першы калектыў, асабліва запамінаецца, і ад таго, як сустракаюць, адносяцца, якія заўвагі робяць, потым залежыць паспяховасць спецыяліста ў перспектыве. Лічу, што тая ўвага, якая цяпер у Беларусі надаецца моладзі, дарагога каштуе. Вы атрымліваеце дастойную зарплату, ёсць надбаўкі, за кожным замацоўваецца вопытны настаўнік, які раскажа, пакажа, навучыць, нясе адказнасць.

Людміла Мікалаеўна расказала прысутным пра сваю прафесійную дзейнасць, стаж якой складае больш за 25 гадоў, пажадала ім, каб кожны знайшоў сябе менавіта ў тым кірунку медыцынскай дзейнасці, які яму найбольш даспадобы.

– Вам пашчасціла выбраць медыцыну – поле, дзе спецыяліст адразу бачыць вынікі сваёй работы, адчувае задавальненне ад дапамогі хворым і іх выздараўлення, асабліва каштоўна, калі ратуеш чалавеку жыццё, – падкрэсліла Людміла Кеда. – Вы – наша прадаўжэнне, той лакаматыў, які будзе рухаць медыцыну наперад у бліжэйшыя дзесяцігоддзі. Сённяшняя сустрэча якраз скіравана на тое, каб мы вас пачулі, стварылі спрыяльныя ўмовы, каб вы маглі атрымліваць задавальненне ад работы, развівацца. Віншую вас са стартам у прафесію, жадаю быць медыкамі ад Бога і ніколі не пашкадаваць аб жыццёвым выбары.

У час сустрэчы маладыя спецыялісты сферы аховы здароўя Дзятлаўшчыны атрымалі ад кіраўнікоў і спецыялістаў службаў раёна карысную інфармацыю, якая дапаможа ім у рабоце, наладжванні быту, арганізацыі адпачынку і вандровак.

Дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Сяргей Каско расказаў аб гісторыі дзятлаўскай зямлі, цікавых мясцінах, вядомых земляках, падзеях ваеннага ліхалецця, генацыдзе, подзвігах і героях, навейшым часе і дынастыях медыкаў нашага раёна.

Дырэктар цэнтра банкаўскіх паслугаў № 407 ААТ “ААБ Беларусбанк” горада Дзятлава Аляксей Юхневіч патлумачыў, на якіх умовах адбываецца льготнае крэдытаванне маладых спецыялістаў.

На пытанні, хто з маладых работнікаў мае права на атрыманне арэнднага жылля або будаўніцтва новага на льготных умовах, як гэта зрабіць, адказала начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Алена Грамко.

З турыстычным патэнцыялам Дзятлаўшчыны, лепшымі мясцінамі і відамі адпачынку, цікавымі маршрутамі маладых медыкаў пазнаёміла галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Наталля Калодка, а загадчык сектара Дзмітрый Ёда спыніўся на рабоце спартыўных установаў і аб’ектаў, у тым ліку ДЮСШ, ФСК, спартыўнааздараўленчай базе санаторыяў “Радон” і “Альфа Радон”.

Наколькі цікавымі, захапляльнымі, актыўнымі і крэатыўнымі ў раёне бываюць моладзевыя святы, турзлёты, конкурсы, праекты і спаборніцтвы, расказала першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык і заклікала таксама да іх далучацца.

Затым кожны з маладых спецыялістаў-медыкаў расказаў пра сябе, уражаннях ад першага працоўнага месца. Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі пацікавіўся ў пачынаючых спецыялістаў і “узяў на карандаш”, якія пытанні іх хвалююць, якая дапамога па паляпшэнні рабочых і бытавых умоваў патрабуецца ад кіраўніцтва раёна.

Развітальным акордам сустрэчы стала цікавая экскурсія па пастаянных і зменных выставах гісторыка-краязнаўчага музея – падарунак для моладзі ад кіраўніцтва і работнікаў гэтай установы.

Ірына СТЫРНІК  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: