Вобраз мамы – у сэрцы кожнага

Галоўнае Грамадства

З нагоды самага пяшчотнага і кранальнага свята – Дня маці – у гімназіі № 1 горада Дзятлава прайшло шанаванне матуляў – шматдзетных, чые дзеці дасягнулі поспехаў, якія ўзнагароджаны ордэнам Маці, прыёмных.

Кветкі, песні, шчырыя віншаванні, усмешкі – усё ў гэты дзень для іх. Павіншаваць мамаў са святам і ўручыць прыемныя падарункі прыйшлі кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў.

Па-дамашняму цёплую і ўтульную атмасферу стварылі арганізатары сустрэчы ў актавай зале гімназіі. Пакінуўшы на некаторы час усе свае справы і клопаты, запрошаныя матулі акунуліся ў сапраўднае свята, змаглі яшчэ мацней адчуць, наколькі важная іх місія ў жыцці – быць мамай.

Словы віншавання жанчынам з нагоды свята адрасаваў Андрэй Садоўскі:

– Паважаныя мамы! Прыміце шчырыя віншаванні з двума такімі цудоўнымі святамі – Днём маці і Пакровам Прасвятой Багародзіцы. У гэтай зале сабраліся самыя лепшыя мамы раёна, якія ўзорна выконваюць свае прафесійныя абавязкі і выхоўваюць дзяцей. Хачу выказаць словы падзякі мамам, якія працуюць у прыёмных сем’ях, дзякуючы якім мы забыліся пра дзіцячыя дамы. Дзякуй за ваша вялікае сэрца. Жадаю, каб вы, паважаныя матулі, заўжды ганарыліся сваімі дзецьмі, каб яны выраслі дастойнымі людзьмі. І не важна, якія б займалі пасады, галоўнае – каб былі прыстойнымі, добрасумленнымі. Міру вам, дабра, будзьце заўжды здаровыя і шчаслівыя.

Ад райвыканкама кожная госця мерапрыемства атрымала на памяць прыгожую кветкавую кампазіцыю.

Ад райвыканкама кожная госця мерапрыемства атрымала на памяць прыгожую кветкавую кампазіцыю.

Да віншаванняў далучыліся прадстаўнікі прафсаюзаў Дзятлаўшчыны. Яны ўручалі гасцям падарункі, якія падрыхтавалі пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі ўстановаў і прадпрыемстваў раёна, дзе працуюць жанчыны.

– Кожны з нас носіць у сваім сэрцы з асаблівым хваляваннем і любоўю вобраз сваёй мамы, бо гэта не толькі ганаровае званне, гэта вялікая праца і адказнасць за лёс сваіх дзяцей. Хачу пажадаць, каб вашы дзеці былі вашым гонарам, апорай, абаронай, – павіншаваў жанчын старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак.

 

Пажадала даўжэй жыць, радавацца поспехам сваіх дзяцей, моцнага здароўя, усмешак кожны дзень старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Тамара Юранкова. Дабра, шчасця, эмацыянальнага дабрабыту і радаснага мацярынства, каб яны былі самым важным маяком у жыцці сваіх дзяцей зычылі ўсім матулям старшыня Дзятлаўскага аддзялення ГА “Беларускі дзіцячы фонд” Алена Чайкоўская і першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.

Ад імя ўсіх прысутных матуляў павіншавала са святам і выказала словы ўдзячнасці за падораны святочны настрой маладая матуля Таццяна Макарчык.

Дарылі радасць, усмешкі і музычныя сюрпрызы гасцям на працягу ўсяго мерапрыемства вядучая Людміла Баклушына і артысты раёна.

Святлана ГРЫШЫНА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga