На пасяджэнні Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта, якое праходзіла пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага, галоўнага спецыяліста галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Ірыны Жук-Куніцкай, былі разгледжаны два пытанні.
Аб арганізацыі харчавання дзяцей ва ўстановах адукацыі раёна расказала намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Таццяна Умоўская.
Яна адзначыла, што пытанне забеспячэння дзяцей якасным, карысным, збалансаваным харчаваннем – у прыярытэце. Ва ўстановах функцыянуюць 20 харчблокаў, забяспечаных кадрамі, харчуюцца 2094 навучэнцы, 606 выхаванцаў дзіцячых садоў, 15 – раённага ЦКРНіР і СПЦ, сярод іх за бюджэтныя сродкі – 1595 дзяцей пэўных катэгорый. Усяго ахоп гарачым харчаваннем складае 99,7 %. Для яго патаннення ў гаспадарках раёна бясплатна нарыхтавана 50 тон бульбы. За 10 месяцаў натуральныя нормы харчавання дзяцей выкананы. Для выключэння парушэнняў санітарна-гігіенічных нормаў на харчблоках ладзіцца лабараторны кантроль, арганізаваны прапускны рэжым работнікаў, адказнасць – на кіраўніках установаў адукацыі.
Пры абмеркаванні тэмы Андрэй Садоўскі звярнуў увагу на тое, што на Дзятлаўшчыне ёсць малакамплектныя ўстановы адукацыі, дзе можна было б укараніць падвоз гатовага харчавання. У некаторых раёнах ён практыкуецца і дазваляе эканоміць сродкі, спраўляцца з недахопам кадраў. У цэлым, кіраўнік раёна зазначыў, што работа наладжана сістэмна, ёй надаецца належная ўвага. Нядаўна поўнасцю адрамантаваны харчблокі двух дзіцячых садоў райцэнтра, набыты аўтамабіль ізатэрма для падвозу прадуктаў, летась раён перайшоў на новую сістэму харчавання. Патрабаванні ў сферы пастаянна мяняюцца, таму працаваць трэба з іх улікам.
Аб увекавечанні на Дзятлаўшчыне памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны расказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова. Яна адзначыла, што работа вядзецца ў сферах культуры, адукацыі, турызму, сродкаў масавай інфармацыі, грамадскіх аб’яднанняў і сёлета асаблівая ўвага надавалася выхаванню ў насельніцтва пачуцця павагі да подзвігу продкаў, захаванасці воінскіх пахаванняў і помнікаў, рэалізацыі патрабаванняў закона “Аб генацыдзе беларускага народа”. Усяго на Дзятлаўшчыне 98 форм увекавечання, сярод якіх 67 – пахаванні воінскія і мірных жыхароў, дзе знаходзяцца 20 847 ахвяраў вайны, і толькі 3758 іх імёнаў вядомыя.
У 2024 годзе распараджэннем старшыні райвыканкама арганізавана раённая архіўна-даследчая група. У яе саставе спецыялісты аддзела ідэалагічнай работы, адукацыі, сектара культуры, спорту і турызму, бібліятэкі, музея. На 1 жніўня праведзена зверка звестак пашпартоў з надмагільнымі збудаваннямі на іх, вызначана, як будуць ухіляцца разыходжанні, на помнікі нанесены новыя імёны, праведзена зверка пашпартоў пахаванняў з кнігай “Памяць”, вынікі задакументаваны. У банку даных 15 аб’ектаў турыстычнага паказу ваенна-гістарычнай спадчыны Дзятлаўшчыны, якія ёсць на сайце райвыканкама ў раздзеле “Турызм і адпачынак”, укладцы “Пералік турыстычных аб’ектаў, уключаных у турыстычныя маршруты”. У гэтым годзе для турыстаў прапанаваны новыя прадукты: маршруты “Па слядах герояў”, “Дзяцінства, апаленае вайной”, “Халакост на Дзятлаўшчыне”, анімацыйныя праграмы “Сустрэча ля партызанскага вогнішча”, “На прывале”, “На сонечнай паляначцы”, анімацыя “Героі не сыходзяць у нікуды”.
Патрыятычнаму выхаванню дзяцей і падлеткаў спрыяюць цікавыя і даступныя формы і метады работы. Дзвюм школам раёна сёлета прысвоена імя вядомых землякоў. Па ўказе Прэзідэнта да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў горад Дзятлава адзначаны вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”. У скарбонцы раёна шмат цікавых праектаў і значных дасягненняў, у тым ліку сёлетніх, аднак Вольга Рагачова падкрэсліла, што і надалей работа павінна весціся мэтанакіравана.
Андрэй Садоўскі падкрэсліў, што да гэтага больш актыўна павінен далучацца раённы музей, таксама ён прапанаваў з удзелам моладзі да 80-годдзя Вялікай Перамогі высадзіць сквер у Наваельні на месцы расстрэлу мірных жыхароў. Кіраўнік раёна расказаў, што рамонты цяпер ажыццяўляюцца на помніку на гарадскіх могілках райцэнтра і ва ўрочышчы Цагельня, выказаў пажаданні, каб у выніку такіх работ аб’екты набывалі больш сучасны выгляд, заклікаў падыходзіць да дзейнасці па ўвекавечанні памяці адказна.
Тэму прадоўжыў пракурор Дзятлаўскага раёна, які падрахункаваў, што на Дзятлаўшчыне ў рамках крымінальнай справы аб генацыдзе праверана 30-35 % архіўных дакументаў, жывых сведкаў многіх падзей не засталося, але расследаванне прадаўжаецца.
Ірына Жук-Куніцкая падкрэсліла важнасць тэмы захавання гістарычнай праўды і памяці. Яна ўнесла свае прапановы ў праект рашэння райвыканкама, падзякавала раённаму кіраўніцтву і службам за адказнае стаўленне да справы і выказала спадзяванне, што ніхто і нішто не будуць забытымі.
Ірына СТЫРНІК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga