Таты сышліся ў валейбольным паядынку

Свежыя навіны Спорт і турызм

Тыдзень бацькоўскай любові на Дзятлаўшчыне прадоўжыўся спартыўным святам, прысвечаным Дню бацькі.

На валейбольнай пляцоўцы сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча прайшоў турнір па валейболе на прызы Дзятлаўскага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба.

Яго ўдзельнікамі сталі тры мужчынскія зборныя – каманды Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння, Новаяльнянскага КХП і “Клуб аматараў валейбола”.

Гульня праходзіла па кругавой сістэме. Аматары валейбола перамаглі Дзятлаўскі РГЗ 2 : 0 і з такім жа лікам саступілі новаяльнянцам. “Размачыць” лік удалося работнікам газавай службы ў сустрэчы з камбінатам хлебапрадуктаў, якую яны саступілі 1 : 2.

Па выніках гульняў з дзвюма перамогамі чэмпіёнам турніру стала каманда Новаяльнянскага КХП, на другой пазіцыі – “Клуб аматараў валейбола”, замыкае тройку лідараў зборная Дзятлаўскага РГЗ.

Акрамя выдатных эмоцый і асалоды ад гульні каманды атрымалі дыпломы пераможцаў і прызёраў, а іх удзельнікі – медалі адпаведнай вартасці. Галоўны суддзя спаборніцтваў Васіль Русін і арганізатары турніру павіншавалі татаў з надыходзячым святам і падзякавалі за тое, што падаюць сваім дзецям станоўчы прыклад.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga