Сустрэча для тых, хто сэрцы аддае дзецям

Галоўнае Грамадства

У Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прайшла ўрачыстая цырымонія “Сэрцы аддаём дзецям” да Дня настаўніка.

Кветкі, песні, шчырыя словы, сумесныя фотаздымкі – усё пачыналася адразу ў фае ўстановы, прадаўжалася ў зале і было прысвечана работнікам сферы адукацыі раёна.

Дзея на святочнай сцэне стартавала з відэастужкі і “парада” таленавітых педагогаў Дзятлаўшчыны, якія прывялі сваіх навучэнцаў да значных поспехаў у 2023-2024 навучальным годзе.

З лепшымі пажаданнямі да настаўнікаў звярнуўся старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, а сімвалічны букет для іх на сцэну ўрачыста вынеслі навучэнцы.

– Якімі б дарослымі мы ні былі, мы заўжды з цеплынёй і любоўю ўспамінаем сваіх настаўнікаў, – адзначыў кіраўнік раёна. – Менавіта дзякуючы педагогам мы сталі тымі, кім з’яўляемся: набылі веды, жыццёвы вопыт, светапогляд. Праца педагога – гэта пастаянны пошук новых ведаў, навукі. На вашых плячах вялікая адказнасць – за будучыню нашай краіны. Асаблівыя словы падзякі – ветэранам, намаганнямі якіх створана сістэма раённай адукацыі, якая працуе рытмічна і дынамічна, якой ганарымся. Няхай усе вашы надзеі апраўдаюцца ў вашых вучнях, міру вам, дабра, шчасця!

Ганаровыя граматы райвыканкама Андрэй Садоўскі ўручыў Таццяне Варган (Раклевіцкая базавая школа), Вользе Яфімік (Казлоўшчынская сярэдняя школа), Марыне Сербін (гімназія № 1 горада Дзятлава). Падзячнымі лістамі старшыні райвыканкама адзначаны Іван Карэнка (Раклевіцкая базавая школа), Ганна Урбановіч (гімназія № 1 горада Дзятлава), Вадзім Якаўчык (сярэдняя школа № 1 горада Дзятлава).

Эстафету віншаванняў у кіраўніка раёна пераняў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі:

– Праца настаўніка надвычай складаная, але і прыемная, без яе мы не вырасцім будучыню нашай краіны, не абаронім сваю старасць. Жадаю вам, педагогі, штодзень бачыць пытлівыя разумныя вочы навучэнцаў, адчуваць увагу бацькоў, клопат дзяржавы, падтрымку ад сваіх сем’яў. Поспехаў вам!

Ганаровыя граматы раённага Савета дэпутатаў атрымалі Таццяна Бялятка (Новаяльнянская сярэдняя школа імя А. А. Шаўчук), Ірына Ляўшук (Дварэцкая сярэдняя школа), падзячныя лісты старшыні райсавета – Алена Лазоўская (дзіцячы сад № 1 горада Дзятлава), Лілія Лішык (Казлоўшчынскі дзіцячы сад), Жанна Цяцерына (Казлоўшчынская сярэдняя школа), Інга Кашко (Гезгалаўская сярэдняя школа).

Да віншаванняў далучылася начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская. Яна ўручыла паспяховым педагогам граматы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Іх атрымалі Эдуард Ненартовіч (Гезгалаўская сярэдняя школа), Наталля Кульбей (Гезгалаўскі дзіцячы сад). У час абласнога свята такой жа ўзнагародай была адзначана Марыя Шавель (сярэдняя школа № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча). Ганаровых грамат галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама ўдастоены Наталля Ліцкевіч (Гезгалаўская сярэдняя школа), Таццяна Ясюлевіч (гімназія № 1 горада Дзятлава), Валянцін Палухін (сярэдняя школа № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча). Граматы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканакама былі ўручаны Марыне Антановіч (Жукоўшчынская базавая школа), Ірыне Кунахавец (Новаяльнянскі дзіцячы сад), Галіне Масловіч (Новаяльнянская сярэдняя школа імя А. А. Шаўчук), Таццяне Жынко (Хвінявіцкая сярэдняя школа). Гэта толькі частка ўзнагародаў, якія ў час свята атрымалі паспяховыя педагогі Дзятлаўшчыны.

У Год якасці Гродзенскім абласным інстытутам развіцця адукацыі прадоўжаны праекты “Лёс краіны ў руках настаўнікаў” і “Кніга гонару маладых спецыялістаў”, у якую сёлета занесена імя намесніцы дырэктара па выхаваўчай рабоце, настаўніцы нямецкай мовы Жукоўшчынскай базавай школы Веранікі Жверэла.

Са словамі віншаванняў да калегаў звярнулася старшынія раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Тамара Юранкова і ўручыла граматы райкама прафсаюза Святлане Кетка, Марыне Шумскай, Ганне Шундрык, Наталлі Ліцкевіч, Ірыне Міхайлоўскай.

З падарункамі для актывістаў ад раённых арганізацый РГА “Белая Русь” і “Беларускі саюз жанчын” на сцэну выйшлі Вадзім Бялятка і Іна Петрукевіч.

Медалі “80 гадоў вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” педагогам уручыў ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец. Імі адзначаны начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча Марыя Шавель.

У час урачыстай цырымоніі ветэранам педагагічнай працы былі ўручаны кветкі. Яркім падарункам для ўсіх прысутных стала выступленне навучэнцаў і калегаў па цэху, а таксама народнага ансамбля песні “Уладары” Ваўкавыскага дома культуры.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga