Прападобную Ефрасінню Полацкую аднолькава шануюць як праваслаўныя, так і каталікі.
Яна стала першай беларускай жанчынай, прылічанай да ліку святых.
З яе імем звязана адкрыццё першых адукацыйных установаў і бібліятэк, стварэнне школы архітэктуры і жывапісу, развіццё рамёстваў. Прападобная Ефрасіння стала маці жаночага манаства. Яна – першая ігумення, першая настаўніца жанчын у таінствах духоўнага жыцця. Пра жыццё святой амаль не захаваліся дакументальныя звесткі. Асноўнай крыніцай з’яўляецца “Жыціе Ефрасінні Полацкай…”, паводле якога нарадзілася беларуская святая каля 1101 года (не пазней за 1104) у Полацку Віцебскай вобласці. Прападобная Ефрасіння Полацкая, якая да пострыгу насіла імя Прадслава, была прапраўнучкай святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра і дачкой полацкага князя Георгія (Святаслава) Усяславіча. З дзіцячых гадоў яна валодала граматай, чытала Псалтыр, Святое Пісанне і іншыя духоўныя кнігі. У дванаццацігадовым узросце, даведаўшыся пра намер бацькоў аддаць яе замуж, таемна збегла ў манастыр да сваёй цёткі ігуменні манастыра, дзе і прыняла манаства пад імем Ефрасінні. Манаскае імя прападобнай Ефрасінні ў перакладзе з грэчаскага азначае “радасць”. Пастрыгшыся ў манашкі, яна пасялілася ў келлі Полацкага Сафійскага сабора. У манастыры Ефрасіння вяла Полацкі летапіс і збірала бібліятэку Сафійскага сабора, якая з цягам часу стала сапраўдным духоўным скарбам усходнеславянскіх земляў, выклікаючы захапленне як у сучаснікаў, так і ў цяперашняга пакалення.
Яна займалася пашырэннем асветы ў Беларусі, але ёй было наканавана лёсам яшчэ не адно высокае служэнне Айчыне. Полацкі епіскап Ілля афіцыйна блаславіў Ефрасінню на заснаванне жаночага манастыра, вызначыў для будучага будынка месца Сяльцо недалёка ад Полацка, дзе знаходзілася царква Спаса і месца пахавання полацкіх епіскапаў. Ефрасіння пасялілася пры царкве Праабражэння для заснавання жаночага манастыра прыкладна ў 1128 годзе. Яна стала настаўніцай і кіраўніцай для многіх абраўшых манаскі шлях. Год за годам Спаса-Праабражэнскі манастыр пашыраўся і ўмацоўваўся. Ён атрымаў шырокую вядомасць у полацкіх землях. У абіцелі на месцы былой драўлянай царквы Ефрасінняй было пачата будаўніцтва каменнага сабора, якое было завершана ў 1161 годзе. Спаскі храм стаў вяршыняй архітэктурнай думкі полацкай зямлі, яго будаўніцтва паўплывала на ўсё далейшае развіццё архітэктуры старажытных храмаў. Храм захаваўся да нашых дзён. Скончыўшы будаўніцтва Спаса-Праабражэнскага манастыра, Ефрасіння пачала будаўніцтва каменнай царквы ў гонар Прасвятой Багародзіцы, пры якой адкрыла Багародзіцкі мужчынскі манастыр. У манастырах, заснаваных Ефрасінняй, існавалі іканапісныя майстэрні, дзе вырабляліся аклады для абразоў і іншыя прадметы царкоўнага ўжытку, дзейнічалі майстэрні па перапісванні кніг. Пры манастырах адкрываліся школы, у якіх вывучаліся як свецкія, так і духоўныя дысцыпліны (чытанне, пісьмо, нотная грамата, грэчаская мова). Будучы ў сталым узросце, Ефрасіння адправілася ў пешае паломніцтва на Святую Зямлю. Дабраўшыся да святых для хрысціян месцаў, яна правяла свае апошнія дні ў Іерусаліме, дзе памерла ад хваробы 24 мая 1173 года, была пахавана недалёка ад Іерусаліма ў манастыры Святога Феадосія. У 1187 годзе яе астанкі перапахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры, дзе яны захоўваліся больш за сем стагоддзяў. З 1943 года і па цяперашні час яе мошчы захоўваюцца ў Полацкім Свята-Ефрасіннеўскім манастыры.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga