Самая эфектыўная работа – практычная

Важнае Грамадства

Бяспека грамадзян і іх маёмасці – у надзейных руках: яе аберагаюць не толькі прафесійныя ратаўнікі, але і іх памочнікі – удзельнікі добраахвотных пажарных фарміраванняў.

На базе Дзятлаўскага вытворчага ўчастка Гродзенскага абласнога камбіната супрацьпажарных работ рэгулярна праводзяцца планавыя трэніроўкі пажарнай каманды добраахвотнага пажарнага таварыства нашага раёна. Адна з іх у межах навучальнай работы па прафарыентацыі прайшла з удзелам навучэнцаў сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча.

Удзельнікаў мерапрыемства павітала старшыня абласной арганізацыйнай структуры РДГА “Беларускае добраахвотнае пажарнае таварыства” Алена Жамойціна:

– Два гады таму на дзятлаўскай зямлі было створана добраахвотнае пажарнае фарміраванне другога тыпу (з наяўнасцю пажарнай аўтацыстэрны). Фрміраванне працуе як у прафілактычным, так і асветніцкім напрамку – папулярызацыі прафесіі ратаўніка, пажарнага спорту, развітага ў Беларусі. З удзелам калектыву ўчастка рыхтуецца каманда, якая паспяхова прадстаўляе Дзятлаўскі раён на абласным узроўні. Спадзяюся, вас зацікавіць сённяшняе мерапрыемства, і некаторыя задумаюцца аб атрыманні надзвычай важнай і адказнай прафесіі пажарнага.

Першы намеснік начальніка Дзятлаўскага РАНС Уладзімір Бялятка правёў інструктаж, вызначыў задачы, якія будуць вырашацца ў ходзе трэніровачных заняткаў.

Удзельнікі каманды добраахвотнага пажарнага фарміравання адпрацавалі навыкі па баявым разгортванні ад пажарнай машыны з падачай вады, а таксама тушэнні ўзгарання з прымяненнем парашковага вогнетушыцеля.

Школьнікі ўважліва назіралі за работай спецыялістаў і змаглі самі далучыцца да працэсу – папрактыкавацца ў апрананні баявога адзення ратаўніка-пажарнага на хуткасць. Яны падзяліліся сваімі ўражаннямі.

Аляксей Шымановіч, навучэнец 10 “Б” класа:

– Можна сказаць, што сёння я дакрануўся да прафесіі ратаўніка ў прамым сэнсе слова: прымерыў спецыяльнае абмундзіраванне, якое, на маё здзіўленне, аказалася дастаткова цяжкім. Раней бачыў паказальныя выступленні пажарных фарміраванняў, але гэта заўжды ўражвае. Я ўжо выбраў сваю будучую прафесію – хачу стаць інжынерам. Але не выключаю, што прынясу карысць сваёй малой радзіме ў радах добраахвотнай пажарнай дружыны.

Караліна Голуб і Кацярына Вайтушка, навучэнкі 10 “Б” класа:

– На ўроках па прафарыентацыі мы знаёмімся з многімі прафесіямі, справа ратаўніка – у ліку дастойных і пачэсных. Шчыра прызнаемся, аб тым, што на Дзятлаўшчыне ёсць добраахвотныя пажарныя каманды, даведаліся ўпершыню. Было цікава паназіраць, як трэніруюцца ратаўнікі, пабачыць абмундзіраванне і тэхніку. Мы ведаем, што ў спаборніцтвах па лініі МНС удзельнічаюць таксама і дзяўчынкі, з’явілася жаданне далучыцца да нашай школьнай каманды.

Вынік сустрэчы падвёў начальнік Дзятлаўскага вытворчага ўчастка Гродзенскага абласнога камбіната супрацьпажарных работ, кіраўнік раённай арганізацыйнай структуры РДГА “Беларускае добраахвотнае пажарнае таварыства” Міхаіл Буйко:

– Трэніроўкі добраахвотнага пажарнага фарміравання мы праводзім рэгулярна, каб заўжды трымаць каманду ў форме. З усімі пастаўленымі задачамі справіліся паспяхова. Сённяшняе мерапрыемства асаблівае, таму што да нас далучылася моладзь Дзятлаўшчыны – навучэнцы старэйшых класаў школы. Будзем запрашаць зацікаўленых у раённую каманду і рыхтаваць да спаборніцтваў. У любым разе, веды і навыкі, якія яны атрымалі сёння, напэўна спатрэбяцца ім у далейшым жыцці для ўласнай бяспекі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga