У Цэнтры культуры і народнай творчасці ў Дзятлаве прайшоў раённы бацькоўскі сход “Сумесная дзейнасць бацькоў і педагогаў – аснова паспяховага навучання і выхавання дзяцей. Дзяцінства ў фармаце бяспекі”, арганізаваны аддзелам адукацыі райвыканкама.
На яго былі запрошаны прадстаўнікі ўлады, зацікаўленых службаў, бацькі навучэнцаў, кіраўнікі ўстановаў адукацыі, педагогі. У фае ўдзельнікі маглі пазнаёміцца з выставай дзіцячых работ “Я і мая мара”.
Пра асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу ў 2024-2025 навучальным годзе, правы дзіцяці і абавязкі бацькоў расказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская. Яна адзначыла, што ў раёне функцыянуюць 12 установаў агульнай сярэдняй адукацыі, 7 – дашкольнай, цэнтры дадатковай адукацыі, сацыяльна-педагагічны, карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Усяго ў іх вучыцца 2094 навучэнцы і 606 выхаванцаў.
На ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі арганізавана вывучэнне асобных прадметаў на павышаным узроўні, на другой ступені – дапрофільнае, у 10-11 класах – профільнае па пяці кірунках: педагагічны, ваенна-патрыятычны, аграрны, інжынерны, медыцынскі. У базавых 10-11 класах у рамках прадмета “працоўнае навучанне” рэалізуецца праграма прафесійнай падрыхтоўкі рабочых і служачых па прафесіях “малодшая сястра міласэрнасці”, “повар”, “справавод”, “аператар ЭВМ”, “агароднік”, “швачка”.
Што тычыцца праваадносінаў паміж удзельнікамі адукацыйнага працэсу, бацькі маюць права абараняць правы дзіцяці на аснове закона, атрымліваць інфармацыю аб адукацыйным працэсе, усіх відах аглядаў, якія праводзяцца ў адносінах да дзіцяці.
Намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна Сяргей Аляшкевіч прадоўжыў тэму прававой адказнасці законных прадстаўнікоў непаўналетніх за выхаванне дзяцей. Расказаў, што летась у раёне зарэгістраваны два злачынствы, учыненыя падлеткамі, у верасні гэтага года ўзбуджана крымінальная справа за незаконнае распаўсюджанне асабістых даных, што паспрыяла доступу да сістэмы банкаўскага абслугоўвання.
Як ажыццяўляецца прафілактыка сямейнага недабрабыту і якую небяспеку тоіць вольны час падлеткаў, патлумачыла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Святлана Залучан. Расказала, што на Дзятлаўшчыне ў 37 сем’ях гадуецца 81 дзіця ў сацыяльна ненадзейным становішчы. Яна заклікала дарослых не дапускаць бескантрольных прагулак дзяцей у позні час, паколькі яны могуць здзейсніць супрацьпраўныя ўчынкі ці стаць іх ахвярамі.
Што такое кібербулінг, з якімі яшчэ сеткавымі пагрозамі могуць сутыкнуцца дзеці ў інтэрнэце, а таксама што варта ведаць бацькам аб прафілактыцы кіберзлачыннасці, наркаманіі, педафіліі, гвалту расказаў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Віктар Петрукевіч. Намеснік начальніка Дзятлаўскага РАНС Аляксандр Беленка яшчэ раз нагадаў, што бяспека дзяцей – гэта найперш адказнасць бацькоў, закрануў пытанні бяспекі жыццядзейнасці ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Тэму прафілактыкі крызісных станаў у дзяцей, суіцыдаў сярод непаўналетніх і матываў суіцыдальных паводзінаў у падлеткаў раскрыў доктар-нарколаг цэнтральнай раённай бальніцы Барыс Отчык. Ён расказаў, што дарослых павінны насцярожыць замкнёнасць дзіцяці, кровападцёкі і драпіны на яго целе, дэпрэсіўнасць, частыя істэрыкі, цяжкасці ў стасунках, адчужэнне, зрывы ў выглядзе жорсткасці да слабейшых і цацак, зніжэнне паспяховасці ў школе, адмова ад вучобы, грэбаванне асабістай гігіенай, адсутнасць планаў, раздорванне асабістых рэчаў. Медык заклікаў у такіх выпадках абавязкова звяртацца да спецыялістаў і не ігнараваць праблему.
Благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэй Іаан Кісель падкрэсліў, што менавіта сямейныя каштоўнасці, вера, хрысціянскія паводзіны – гарант паспяховага выхавання, і задача бацькоў – паставіць сваіх дзяцей на праўдзівы шлях, быць для іх прыкладам, таму самім берагчыся ад грахоўных паводзінаў, якія разбураюць жыццё і душу.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga