З 1 кастрычніка ў Дзятлаўскім раёне пачалася вакцынацыя насельніцтва супраць грыпу, якая будзе доўжыцца да 1 снежня.
Актыўна робяць прышчэпкі ад грыпу ў Дзятлаўскім раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Як расказала галоўны доктар гэтай установы Алена Шайбак, штогод прышчэпліваецца не менш як 75 % іх супрацоўнікаў.
– Амаль кожны год наша арганізацыя першай пачынае вакцынацыю. Мы разумеем, наколькі важна клапаціцца пра сваё здароўе, і на ўласным прыкладзе гэта паказваем, – адзначае Алена Вячаславаўна. – Верасень-кастрычнік – такія месяцы, калі яшчэ няма масавага пад’ёму захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, таму стараемся загадзя прышчапіцца, каб выпрацаваўся імунітэт – максімальная абарона ад віруса ўзнікае толькі праз два-тры тыдні з моманту ўвядзення вакцыны. Вакцыніравацца неабходна кожны год, таму што імунітэт ад канкрэтнага штама віруса грыпу не пажыццёвы і захоўваецца на працягу аднаго сезона. Вакцына не дае стопрацэнтнай гарантыі, што чалавек не захварэе, але само захворванне будзе працякаць значна лягчэй і выздараўленне будзе больш хуткім.
Сёння мы прышчапляліся вакцынай “Грыпол плюс” расійскай вытворчасці. Таксама для жадаючых у раёне ёсць французская “Ваксігрып тэтра”, але яна платная.
Варта нагадаць, што прышчэпку ад грыпу нельга рабіць, калі ёсць алергічныя рэакцыі на курыны бялок і кампаненты вакцыны або на грыпозныя вакцыны, якія ўводзіліся раней; востры ліхаманкавы стан ці абвастрэнне хранічнага захворвання; няцяжкія вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі, вострыя кішэчныя захворванні (вакцынацыю праводзяць пасля выздараўлення).
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga