Месяц рэлігійнага турызму праляцеў як адно імгненне, і ўсё таму, што стаў ён актыўным і плённым, паказаў, наколькі багатая наша дзятлаўская зямля ўнікальнымі цэрквамі і касцёламі, пабудаванымі больш за сотню гадоў таму, а многія – і шмат соцень гадоў.
У раёне пяць касцёлаў і дзве каталіцкія капліцы, адзінаццаць праваслаўных цэркваў.
І кожны храм унікальны, па-свойму прывабны: і велічны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, і невялічкая царква Святога Архангела Міхаіла ў Рудзе Яварскай, пабудаваная на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя жыхарамі вёскі і старшынёй калгаса Міхаілам Ламакам. Кожны з іх каштоўны для нас, асабліва тыя, што напамінаюць пра далёкую мінуўшчыну, калі большасць святых будынкаў была пабудавана з дрэва. Захаваліся такія храмы і на нашай зямлі – царква ў Дзятлаве, Войневічах, касцёл у Рудзе Яварскай.
На працягу месяца мы пабывалі ў кожным храме ці каля яго сцен, пастараліся даведацца, пагаварыўшы з настаяцелямі, што можна расказаць турыстам з гісторыі храма, якія незвычайныя абразы маюцца ў ім, хто з былых служыцеляў заслугоўвае пашаны і падзякі нашчадкаў.
А каб пазнаёміць школьнікаў з храмамі Дзятлава, мы арганізавалі акцыю “Пра што раскажа храм”. Падчас іх наведвання вучняў сустракалі самі настаяцелі – айцец Іаан і ксёндз Андрэй, расказвалі гісторыю будынкаў і цікавыя факты.
Прынялі ўдзел у акцыі вучні гімназіі № 1 і сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава. Вялікі дзякуй адміністрацыі гэтых навучальных устаноў за супрацоўніцтва.
На працягу месяца ў сацыяльных сетках Дзятлаўскага турінфацэнтра Інстаграм і Фэйсбук сістэматычна абнаўлялася інфармацыя пра ўсе храмы і касцёлы, былі зняты чатыры ролікі для ТікТок пра праваслаўныя і каталіцкія святыні раёна.
Мы разумелі, што без узаемадзеяння з настаяцелямі храмаў справа не зрушыцца раптоўна, таму сектарам спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама сумесна з Дзятлаўскім турінфацэнтрам быў арганізаваны семінар-практыкум “Аналіз турыстычнага патэнцыялу рэлігійнага віду турызму Дзятлаўскага раёна”. Да ўдзелу былі запрошаны ўсе праваслаўныя і каталіцкія святары Дзятлаўшчыны. У практычнай частцы – наведванне храмаў у Дзятлаве, Наваельні, Дварцы. Па дарозе – расказ экскурсавода пра населены пункт і яго гісторыю, а каля дзвярэй храма ўдзельнікаў семінара сустракаў настаяцель. Аповед святара – прадстаўленне храма і яго ўнікальнасці. У ходзе семінара прыйшлі да думкі, што такія сустрэчы трэба праводзіць часцей, каб абодвум бакам было зразумела, што важнай асобай у турыстычнай справе з’яўляецца не толькі экскурсавод, але і сам святар, прысутнасць якога надае экскурсіі большую значнасць і ўрачыстасць. Сустрэча прадстаўнікоў турыстычнай сферы раёна і святароў перарасла ў зацікаўлены сяброўскі дыялог, які, мы ўпэўнены, дасць добры плён у будучым.
Спадзяёмся, што рэлігійны турызм на Дзятлаўшчыне ў хуткім часе атрымае шырокую папулярнасць, і зрухі ў гэтым кірунку значныя. Кожны маршрут, які мы прапаноўваем турыстам, дарослым ці школьнікам, уключае ў сябе адзін ці некалькі храмаў, а апошнім часам набірае папулярнасць маршрут турыстычнага падарожжа “Дарогамі Дзятлаўшчыны”, а менавіта міні-маршрут “Дзятлава – Наваельня – Дварэц – Раготна – Горка – Паклонныя камяні”, на якім у кожнай кропцы – храм, каталіцкі ці праваслаўны. А яшчэ распрацаваны тэкст новага маршруту “Вытокі духоўнасці”. Ён адкрые турысту праваслаўныя храмы раёна.
Падводзячы вынікі месяца рэлігійнага турызму, упэўнены, што крок за крокам, год за годам усе разам, агульнымі намаганнямі мы зможам паказаць сваім землякам і гасцям раёна, наколькі багатая наша зямля ўнікальнымі храмамі, званы якіх чуваць далёка-далёка, ля самых нябёсаў.
Алена АБРАМЧЫК,
спецыяліст па турызме Дзятлаўскага турінфацэнтра
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga