Тэма: Істотна павялічыць памер пенсіі па ўзросце ў Беларусі можна за кошт аднясення яе атрымання на пазнейшы час.
Факт
Пад занятасцю, якая дае права на павелічэнне пенсіі, разумеюць перыяды работы, прадпрымальніцкай, творчай і іншай дзейнасці, на працягу якіх праводзілася выплата абавязковых страхавых узносаў у бюджэт фонду сацыяльнай абароны насельніцтва згодна з заканадаўствам аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні.
Кожны наступны поўны год работы без атрымання пенсіі дае больш высокую прэмію. Чым больш гадоў грамадзянін працуе без атрымання пенсіі, тым больш значна яна прырастае.
Слова спецыяліста
Намеснік начальніка ўпраўлення – начальнік аддзела пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Баравік:
– Важным напрамкам у рабоце ўпраўлення з’яўляецца павышэнне інфармаванасці жыхароў раёна аб магчымасці істотнага павелічэння памеру пенсіі па ўзросце шляхам яе атрымання ў больш позні час – гэта так званы адкладзены выхад на пенсію, што прапісана артыкулам 23-1 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні”.
На практыцы адмова ад атрымання пенсii пры прадаўжэнні работы пасля яе назначэння па ўзросце на агульных падставах можа ажыццяўляцца, па-першае, для “дапрацоўкі” стажу да поўнага года (перыяд адмовы ад атрымання пенсіі можа складаць ад 1 дня); па-другое, для фарміравання права на павышэнне пенсіі (у гэтым выпадку сумарная працягласць перыядаў адмовы ад атрымання пенсіі павінна складаць не менш за 2 месяцы).
Што тычыцца прэміі за адкладзены выхад на пенсію, то пры прадаўжэнні работы пасля дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту без яе атрымання пенсія па ўзросце на агульных падставах павялічваецца на 6, 8, 10 і 12 % заробку, з якога налічваецца пенсія, – адпаведна за кожныя поўны першы, другі, трэці і чацвёрты гады работы, па 14 % – за поўны пяты і кожны наступныя гады. Гэтыя памеры павелічэння пенсіі сумуюцца.
За кожныя поўныя два месяцы няпоўнага года працы налічваецца 1 % заробку і таксама падсумоўваецца з вышэйназванымі памерамі.
Варта ведаць
Калі чалавек дасягнуў агульнавызначанага пенсійнага ўзросту і яму назначаецца (назначана) пенсія пры агульным стажы 20 і больш гадоў для жанчын, 25 і больш – для мужчын, то пры прадаўжэнні работы без яе атрымання ён можа дадаткова павялічыць яе памер.
Для гэтага неабходна:
– адмовіцца ад атрымання пенсіі не менш як на 2 месяцы (падаць адпаведную заяву ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне);
– прадаўжаць працаваць з заработнай платай не ніжэйшай за мінімальную (без атрымання пенсіі);
– пасля заканчэння выбранага перыяду работы без атрымання пенсіі звярнуцца па аднаўленне выплаты і пераразлік з улікам прэміі (падаць адпаведныя заявы ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне).
Увага
Памер пенсіі будзе павялічаны не толькі за кошт прэміі, але і за кошт дадатковага стажу, паколькі чалавеку ў яго ўключаць яшчэ і час работы пасля назначэння пенсіі.
Калі грамадзянін прыняў рашэнне адмовіцца ад атрымання пенсіі па ўзросце для павышэння яе памеру, то выплата пенсіі будзе прыпынена, пачынаючы з даты, указанай у яго заяве, але не раней, чым з дня падачы заявы. Вяртанне ўжо атрыманай пенсіі не магчымае.
Даведка
Калі перыяд работы без атрымання пенсіі скончыўся ці чалавек перастаў працаваць, яму неабходна звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама з дзвюма заявамі: аб аднаўленні выплаты пенсіі па ўзросце з канкрэтнай даты і аб пераразліку яе памеру з улікам дадатковага стажу і прэміі.
Пераразлік назначанай пенсіі праводзіцца з першага чысла месяца, наступнага за месяцам звароту. У новым павышаным памеры пенсія будзе выплачвацца адразу пасля пераразліку. Розніца паміж “новай” і “старой” пенсіяй будзе захоўвацца пры ўсіх наступных яе штогадовых павышэннях (індэксацыях).
Фарміраваць прэмію за адкладзены выхад на пенсію можна паэтапна: некалькі разоў падаўжаць заяву аб адмове ад яе атрымання або рабіць перапынкі (перыяды работы без атрымання пенсіі будуць сумавацца).
Важна
Грамадзянін мае права змяніць сваё рашэнне аб адмове ад атрымання пенсіі і звярнуцца з заявай аб аднаўленні яе выплаты за перыяд неатрымання (у выпадку, калі пераразлік пенсіі згодна з артыкулам 23-1 яшчэ не зроблены).
Ірына СТЫРНІК