На Дзятлаўшчыне прадаўжаюцца мерапрыемствы рэспубліканскай акцыі “Дай лесу новае жыццё!”, якая праходзіць з 12 кастрычніка па 12 лістапада, аб’ядноўваючы беларусаў ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны.
Старт акцыі даў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, паказаўшы ўласным прыкладам, што пасільны ўклад у аднаўленне нацыянальнага ляснога фонду можа зрабіць кожны. Яе мэта – аднаўленне ветравальна-бураломных участкаў лесу.
Гэтым разам да аднаўлення лясных культур на тэрыторыі Казлоўшчынскага лясніцтва далучыліся работнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, раённага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва, Дзятлаўскага РАНС, сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава і раённай арганізацыі прафсаюзаў АПК.
Правёў для ўдзельнікаў акцыі інструктаж па тэхніцы бяспекі і тэхналогіі пасадкі галоўны ляснічы Дзятлаўскага лясгаса Канстанцін Дзісько:
– Стыхія, якая прайшла па Беларусі ў ліпені, нанесла значную шкоду лясам. На Дзятлаўшчыне ад урагану 13-14 ліпеня пацярпелі пасадкі на плошчы 2,6 гектара на тэрыторыі Казлошчынскага вопытна-вытворчага лясніцтва, якія пры актыўнай падтрымцы жыхароў раёна будуць адноўлены за час акцыі.
Узброіўшыся мячамі Колесава і кантэйнерамі з пасадачным матэрыялам, добраахвотнікі прыняліся за работу: пад кантролем і пры падтрымцы спецыялістаў высаджвалі сеянцы сасны і елкі па схеме “4 на 1”.
Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель адзначыла, што іх структура заўсёды падтрымлівае добрую ініцыятыву па пасадцы лесу, гэты год не стаў выключэннем:
– Мы рады далучыцца да такой важнай ініцыятывы дзяржавы па аднаўленні нашага прыроднага багацця.Калектыў адзінагалосна падтрымаў удзел у акцыі, жадаючых прыйсці на дапамогу ўгаворваць не прыйшлося, самі адгукнуліся.Мы ўжо маем вопыт па высадцы новага лесу, актыўна ўдзельнічалі ў вясновай і мінулагодніх акцыях. Скажу шчыра, гэтая ідэя мне па душы, бо гэта наш уклад у агульную добрую справу.Лес – наш прыродны здабытак, практычна нацыянальны брэнд.Аднаўляючы і захоўваючы яго, мы перадаём будучым пакаленням тое, чым карыстаемся, прадаўжаем ідэю беражлівых адносін да галоўнага прыроднага рэсурса нашай краіны.
Удзельнікі акцыі сышліся ў меркаванні, што высадка лесу згуртоўвае, дорыць задавальненне і прыносіць вялікую карысць.
Марыя Кулеш, намеснік начальніка аддзела пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама:
– Чалавек, які пасадзіць хоць некалькі дрэў, пражыве жыццё не дарма. Акцыя “Дай лесу новае жыццё!” чарговы раз паказвае, як кожны з нас можа садзейнічаць паляпшэнню навакольнага асяроддзя, пакінуць след для будучых пакаленняў. Паказальна, што ў ёй удзельнічаюць не толькі службовыя асобы, але і навучальныя ўстановы, прадпрыемствы, звычайныя грамадзяне. Садзіць лес няпроста: работы заўсёды праводзяцца пад кантролем леснікоў. Аднак, калі робіш справу з душой і любоўю – усё атрымліваецца.
Яўгеній Макарчык, начальнік пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 11:
– Ратаўнікі Дзятлаўшчыны заўжды гатовы прыйсці на дапамогу ў барацьбе са стыхіяй і ліквідацыі яе наступстваў. Сёння Міністэрства лясной гаспадаркі нашай краіны заклікала грамадзян прыняць актыўны ўдзел у аднаўленні пашкоджаных ураганам лясоў, і яе ў адзіным парыве падтрымалі ўсе беларусы, у тым ліку працоўныя калектывы і грамадскія аб’яднанні нашага раёна. З іншага боку, адчуваю асаблівую адказнасць за аднаўленне лясоў у Казлоўшчынскім лясніцтве. Гэта зямля – мая малая радзіма, тут мой дом, сям’я, работа. Тут падрастаюць нашы дзеці, і мне вельмі хочацца, каб праз гады яны ўбачылі на гэтам месцы прыгожы малады лес, якім мы ім абавязкова пакажам разам з жонкай.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga