Дзелавы панядзелак.
Капітальны рамонт жыллёвага фонду, важнасць вакцынацыі супраць грыпу, работы ў сельскай гаспадарцы, ахова працы – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Што яшчэ неабходна зрабіць для забеспячэння бяспекі людзей?
Вынікі 9 месяцаў падвялі ратаўнікі і праваахоўнікі як на абласной нарадзе, так і на раённай. Асабліва на чым засяродзілі ўвагу – бяспека пажылых грамадзян, работа з непрацуючымі. Усяго ў вобласці з пачатку года адбылося 511 пажараў, 381 з іх – у жылым сектары. На пажарах загінулі 35 чалавек, 16 з іх – пенсіянеры, 11 – непрацуючыя грамадзяне працоўнага ўзросту. На Дзятлаўшчыне загінулі ад агню 3 чалавекі.
Старшыня райвыканкама зрабіў заўвагі членам назіральнай камісіі і супрацоўнікам РАНС за няякасную работу па падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезона некаторых домаўладанняў катэгарыраванай групы грамадзян. Вызначыў тэрмін устаранення недахопаў. Узяў тэму на асабісты кантроль.
Таксама да канца месяца ратаўнікі сустрэнуцца з суседзямі гаспадароў дамоў, у якіх устаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі з вывадам на знешнюю сігнальна-гукавую прыладу. Справа ў тым, што на практыцы многія людзі не ведаюць нават, як гучыць гэта сігнальна-гукавая прылада і што неабходна зрабіць у першую чаргу, калі яна ўключылася, якую дапамогу неабходна аказаць. А гэта датычыцца менавіта суседзяў тых людзей, на доме якіх устаноўлены такі апавяшчальнік.
– Увогуле, пачатак ацяпляльнага сезона – гэта час актывізавацца ўсім адказным структурам, – падкрэсліў Андрэй Садоўскі.
Што датычыцца дарожнай абстаноўкі, узровень аварыйнасці на Гродзеншчыне ўзрос. Прычыны ДТЗ розныя – адзін не палічыў патрэбным пазначыць сябе флікерам, другі не заўважыў чалавека. Пры гэтым асенні перыяд з цёмнымі вечарамі, густымі туманамі стварае далёка “неідэальныя” ўмовы, таму паклапаціцца аб уласнай бяспецы павінен кожны ўдзельнік дарожнага руху. Звярнулі ўвагу на тое, што і работнікі вытворчых аб’ектаў, фермаў на сваіх працоўных месцах павінны быць апрануты ў святлоадлюстроўваючыя камізэлькі. Гэта пытанне пастаўлена на кантроль аддзела ўнутраных спраў райвыканкама.
Сельгастэхніку – на захоўванне, жывёлу – на “зімовы” рацыён
У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў раённай нарады была і тэма сельскагаспадарчых работ. Уборку бульбы, як і сяўбу азімых, аграрыі плануюць завяршыць на гэтым тыдні. З апераджэннем устаноўленых планам тэрмінаў сеюць гаспадаркі “Войневічы”, “Хвінявічы”, “АграМілк”. Да 20 кастрычніка стаіць задача ўбраць кукурузу на сілас.
Ёсць пытанні па пастаноўцы тэхнікі на захоўванне на зімовы перыяд. Усяго ў раёне 62 камбайны, з іх пакуль толькі 24 пастаўлены “на зімоўку”.
– Вы неабходны там, дзе ёсць праблемы, – звярнуўся да супрацоўнікаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Андрэй Садоўскі. – Цяпер шмат задач, яны датычацца і вас. Акрамя “кансервацыі” тэхнікі неабходна навесці парадак на майстэрнях сельгаспрадпрыемстваў, праманіторыць падрыхтоўку кацельняў, праверыць умовы, створаныя для работы ў халодны перыяд. Не менш клопатаў у сферы жывёлагадоўлі – ідзе перавод жывёлы на зімова-стойлавае ўтрыманне.
Дарэчы, па завярэннях намесніка начальніка ўпраўлення – начальніка аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Ірыны Грыбінюковай, усе малочнатаварныя комплексы і фермы раёна з 1 кастрычніка перавялі жывёлу на “зімовы” рацыён, у гаспадарках усё ёсць для яе збалансаванага харчавання.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga