На нарадзе: тыдзень бацькоўскай любові і апошняга сельскагаспадарчага кірмаша

Важнае Улада

Дзелавы панядзелак.

Уборка кукурузы, пасадка лесу, Дзень маці і Пакровы Прасвятой Багародзіцы, бяспека на дарогах, асфальтаванне вуліц – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Уборачная набліжаецца да завяршэння

Прамежкавыя вынікі падвялі ў сельскай гаспадарцы. Гэта тэма гучала і на абласной нарадзе, якая папярэднічала раённай.

Па Дзятлаўшчыне сітуацыя наступная. Сяўба азімых культур завершана, аб’ёмы пасяўных плошчаў склалі 11 950 гектараў (101 % да ўзроўню мінулага года). 75 % займаюць азімыя ў зерневым кліне. Пасяўная тэхніка “пераабуваецца” для работы на зябліве. Кукурузы на сілас дзятлаўскім аграрыям неабходна ўбраць 5176 гектараў, убрана 3409 гектараў. Да 15 лістапада будзе ўбрана 780 гектараў цукровых буракоў. Дапрацоўваюць сельгаспрадпрыемствы на ўборцы бульбы. Агародніна і яблыкі сабраны поўнасцю.

Сярод кантрольных пытанняў – пастаноўка сельскагаспадарчай тэхнікі на захоўванне, узровень вытворчасці малака.

– Не павінна ўжо быць збояў у малочнай галіне. Калі ўзнікаюць праблемы – яны сістэмныя, адпрацоўвайце якасць кармоў на комплексах, – звярнуўся да спецыялістаў па жывёлагадоўлі старшыня райвыканкама.

“Пацярашкі” і “невідзімкі”

Надалі ўвагу на нарадзе такой набалелай асенняй праблеме, як грыбнікі, якія згубіліся. На мінулым тыдні ў вобласці шукалі чарговых трох аматараў “ціхага палявання”. Двух мужчын ратаўнікі і міліцыя знайшлі праз суткі, аднаго (1940 года нараджэння) – яшчэ шукаюць. Не самае прыемнае мерапрыемства правесці ноч у лесе, тым больш, што ўжо даволі халоднае надвор’е. Аднак, не памятаюць грыбнікі пра самыя простыя спосабы засцерагчы сябе ад бяды: апрануць яркае адзенне, узяць з сабой ежу і заражаны мабільны тэлефон, папярэдзіць блізкіх або суседзяў аб тым, што накіраваўся ў лес. Гэта не дапаможа не заблукаць, але палегчыць пошук чалавека, калі здарыцца такая сітуацыя.

Увогуле, варта ацэньваць свае магчымасці, узрост перад тым, як сабраліся на лясную прагулку. На гэтым ратаўнікі асабліва засяроджваюць увагу.

І яшчэ адна тэма, якая датычыцца бяспекі, не менш хвалюе адказныя службы – выкарыстанне флікераў пешаходамі і абсталяванне неабходнымі тэхнічнымі сродкамі веласіпедаў і гужавых павозак.

– Правільна адзначаюць дзяржаўтаінспектары, што чалавек на дарозе без флікера ў цёмны час мае эфект “невідзімкі”. Пасля пакутуюць не толькі парушальнікі, але таксама вадзіцель аўтамабіля і яго пасажыры. У нашым раёне некаторыя прадпрыемствы, сельскагаспадарчыя аб’екты працуюць кругласутачна, работнікі вечарам або ранкам, калі яшчэ не развіднела, рухаюцца па дарогах пешшу ці на веласіпедзе. Яны павінны быць забяспечаны святлоадлюстроўваючымі элементамі, камізэлькамі. Гаварыце са сваімі калектывамі, кантралюйце, як выконваюць правілы бяспекі. Шмат месца флікер не займае, ён недарагі, прадаецца ў выглядзе бранзалетаў, падвесак, наклеек, бірулек, значкоў – варыянтаў зрабіць сябе прыкметным і не сапсаваць вобраз дастаткова. Але дзясяткі штрафаў у дзень пацвярджаюць, што многія грэбуюць простай і даступнай мерай абароны, – звярнуўся да кіраўнікоў прадпрыемстваў і праваахоўнікаў Андрэй Садоўскі.

Іншыя тэмы коратка

19 кастрычніка ў Дзятлаве пройдзе апошні ў гэтым годзе раённы сельскагаспадарчы кірмаш. На плошчы 17 Верасня адбудзецца не толькі продаж прадукцыі, а і розыгрыш латарэі.

На нарадзе было адзначана, што на кірмашы, які прайшоў у суботу у Казлоўшчыне, недастаткова было прадастаўлена для рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі. Па даручэнні кіраўніка раёна продаж агародніны будзе арганізаваны дадаткова ў сераду – традыцыйны базарны дзень у пасёлку.

****

У Беларусіз 12 кастрычніка па 12 лістапада праходзіць традыцыйная Рэспубліканская добраахвотная акцыя “Дай лесу новае жыццё”.Андрэй Садоўскі запрасіў усе дзятлаўскія прадпрыемствы, арганізацыі падключыцца да ініцыятывы па аднаўленні лясоў.

Увогуле, прыняць удзел у акцыі можа любы жадаючы. Для гэтага дастаткова звярнуцца ў лясгас або лясніцтва, дзе вас забяспечаць пасадачным матэрыялам і пакажуць участак для пасадкі лясных культур.

****

З 14 па 21 кастрычніка ў раёне праводзіцца “Тыдзень бацькоўскай любові” са шматлікімі мерапрыемствамі, прымеркаванымі да Дня маці і Дня бацькі. Таксама ў чацвер, 17 кастрычніка, у Цэнтры культуры і народнай творчасці ў Дзятлаве пройдзе раённы бацькоўскі сход.

****

На кантролі адказных службаў застаецца падрыхтоўка на Дзятлаўшчыне да ацяпляльнага сезона. На мінулым тыдні паўторна прайшла камісійная праверка цеплакрыніц і спажыўцоў цеплавой энергіі.

Назіральныя камісіі прадаўжаюць з прафілактычным намерам наведваць домаўладанні катэгарыраваных груп грамадзян. Асаблівую ўвагу спецыялісты надаюць дамам з пячным ацяпленнем.

****

Асфальтаваннем вуліц райцэнтра займаюцца дарожныя службы. Ужо праведзена падрыхтоўка да “абнаўлення” дарожнага пакрыцця.

Андрэй Садоўскі паставіў задачу адрамантаваць па магчымасці і вуліцы ў гарадскіх пасёлках, дзе ёсць такая неабходнасць. Андрэй Уладзіміравіч расказаў, што на рамонт дарожнай сеткі Дзятлаўшчыны выдаткаваны 1 мільён рублёў з раённага бюджэту.

Што датычыцца рамонтных работ у жыллёвым фондзе, будаўнікі, акрамя іншых аб’ектаў, прыступілі да рамонту дахаў трох шматкватэрных дамоў у Дзятлаве: па вуліцах Чапаева, К. Цэткін, Першамайскай.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga