На нарадзе: паўсядзённыя патрэбы не павінны ператварацца ў подзвіг

Важнае Улада

Дзелавы панядзелак.

Стварэнне на сацыяльна значных аб’ектах і вулічна-дарожнай сетцы раёна даступнага асяроддзя для інвалідаў і фізічна аслабленых асоб, прычыны вогненных трагедый, рамонт дарожнага пакрыцця і дамоў, уборка кукурузы на зерне – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Гібель на пажары

Зразумела, што адным з пытанняў нарады стала пажарная бяспека – на мінулым тыдні ў Дзятлаўскім раёне адбыліся тры вогненныя здарэнні, загінуў чалавек. Пажар у кватэры шматпавярховага дома ў Дзятлаве, па папярэдняй інфармацыі РАНС, здарыўся з-за кароткага замыкання электраправодкі халадзільніка. Узгаранне гаспадарчай пабудовы на тэрыторыі прысядзібнага ўчастка дачнага дома ў вёсцы Бакшты Дварэцкага сельскага савета адбылося з-за іскры бензакасы. А ў вёсцы Лагуны Вензавецкага сельскага савета з-за непагашанай цыгарэты ў пажары загінуў гаспадар дома, 1975 года нараджэння.

– Ёсць пытанні да камісіі па садзейнічанні занятасці і кіраўніцтва сельвыканкама. Мужчына з асаблівай катэгорыі грамадзян ужо накіроўваўся ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Пасля вяртання ў вёску нідзе не працаваў. Разбярыцеся, чаму доўгі час яго не накіроўвалі ў ЛПП зноў, – паставіў задачу старшыня райвыканкама адказным службам.

Шлях без барераў і перашкодаў

Яшчэ адна важная тэма, якую абмеркавалі на нарадзе, – стварэнне даступнага асяроддзя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Штогод на Дзятлаўшчыне, у тым ліку і сёлета, будуюцца або прыводзяцца ў адпаведнасць аб’екты сацыяльнай інфраструктуры, якія дазваляюць стварыць базбар’ернае асяроддзе. У бягучым годзе з раённага бюджэту выдзелена 14 тысяч рублёў на фінансаванне такіх работ. У час абласной нарады, якая папярэднічала раённай, як годны прыклад для ўсяго рэгіёна быў паказаны Жукоўшчынскі ФАП.

– Вы малайцы, сістэмна працуеце, – звярнуўся кіраўнік раёна да начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алены Васкель і праз яе да дырэктара Цэнтра па сацыяльным абслугоўванні насельніцтва Таццяны Нікіпорчык. – Гэта вельмі важная работа – клопат пра людзей. Вы шмат надаяце гэтаму ўвагі і прыкладаеце намаганні, ініцыіруеце праекты стварэння камфортных умоў для дзятлаўчан, якім патрабуецца дапамога. Іх паўсядзённыя патрэбы не павінны ператварацца ў подзвіг, таму сумесна і арганізуем даступнае асяроддзе.

Справы сельскія

Першарадная ўвага аграрыяў накіравана на ўборку кукурузы і буракоў, вываз пакінутай на палях саломы, у сферы жывёлагадоўлі працягваецца падрыхтоўка да зімова-стойлавага перыяду.

Як расказаў намеснік начальніка аддзела арганізацыі і вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Мікалай Шых, саломы засталося вывезці з 290 гектараў, у асноўным з палёў КСУП “Жукоўшчына”; бульбы – на адзін працоўны дзень камбайна.

– Да 7 лістапада завяршыць уборку цукровых буракоў. Актывізаваць работу па ўборцы кукурузы на зерне, – паставіў задачы гаспадаркам раёна Андрэй Садоўскі.

На дарогах – асфальт

Прыемна адзначаюць дзятлаўчане высокую актыўнасць дарожных службаў на вуліцах райцэнтра.

– Ужо заасфальтаваны тры вуліцы горада: Леніна (першая частка), Прытыцкага і Кастрычніцкая. Наперадзе яшчэ тры: Чырвонаармейская, Азёрная, Перамогі. Жыллёва-камунальная гаспадарка займаецца грэйдзіраваннем вуліц з жвірова-пяшчаным і грунтавым пакрыццём, – адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік.

– Лічу, што варта выдзеліць дадатковыя сродкі з раённага бюджэту і заасфальтаваць у райцэнтры яшчэ дзве вуліцы, на якіх праведзены камунікацыі, – другую частку вуліцы Леніна і вуліцу Чкалава, – прыняў рашэнне Андрэй Уладзіміравіч па выніках абмеркавання тэмы.

Таксама старшыня райвыканкама абазначыў шэраг задач для дарожных службаў: абкошванне абочын дарог, рамонт дарожнага пакрыцця ў іншых населеных пунктах раёна.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga