Народная мудрасць Дзятлаўшчыны кажа: хочаш набыць на кірмашы ўсё патрэбнае – прыходзь гадзіны на паўтары раней.
Не стаў выключэннем кірмаш сезоннай прадукцыі, які прайшоў 5 кастрычніка ў гарпасёлку Наваельня. Тут зрання было ажыўлена каля машын з зернем і бульбай ААТ “Дварэц-Агра” і “Граніт-Агра”.
Спяшаліся набыць другі хлеб для сябе, збожжа – для хатняй птушкі.
Попытам карысталіся агародніна і садавіна, якую прапаноўвалі фермеры, а таксама саджанцы на любы густ. Жадаючыя маглі набыць на кірмашы мёд і іншыя прадукты пчалярства, хрызантэмы, якія ўпрыгожаць любы прысядзібны ўчастак. Пасялкоўцы вельмі чакалі прыезду машыны з жывой рыбай, таму каля яе адразу ўтварылася чарга.
Новаяльнянцы расказалі, па што прыйшлі на кірмаш.
Аксана Аблажэй:
– Прыйшлі з сям’ёй сюды, каб набыць саджанцы, знайшлі патрэбныя яблынькі. Нядаўна набылі каля дачы дадатковы ўчастак зямлі, выкарчавалі сосны, вырашылі там закласці сад. Капусту набылі тыдзень таму на кірмашы ў Дзятлаве, морква і буракі ў саміх добра ўрадзілі. Хацелі бульбы, але менавіта жукоўшчынскай, можа, прывязуць яшчэ нам.
Сяргей Шастала:
– Узялі на кірмашы пшаніцы для курэй, крыху памідорчыкаў. Кожны год закупляемся тут для хатняй гаспадаркі. Агародніну добрую самі вырасцілі на прысядзібным участку.
Па словах мясцовых жыхароў, не хапіла бульбы, якую разабралі вельмі хутка, буракоў і пшаніцы.
– Сёння на кірмаш прыехалі два сельгаспрадпрыемствы раёна – ААТ “Дварэц-Агра” і “Граніт-Агра”, фермеры. Рыбгас “Лактышы” Ганцавіцкага раёна прывёз жывую рыбу. Другі кірмаш-продаж сезоннай прадукцыi ў гарпасёлку пройдзе праз тыдзень. Усе запыты пакупнікоў улічылі, пастараемся іх задаволіць, – запэўніла старшыня Новаяльнянскага сельвыканкама Людміла Радзевіч
Нагадавем, што праз тыдзень, 12 кастрычніка сельскагаспадарчыя кірмашы пройдуць у Казлоўшчыне, Наваельні, Гезгалах; заключны, з народнымі гуляннямі і бяспройгрышнай латарэяй, адбудзецца 19 кастрычніка на плошчы ў Дзятлаве.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga