Калі работа па душы

Важнае Грамадства

Пра тое, што стане ўдзельнікам зладжанай каманды дарожных работнікаў, прараб асфальтабетоннага завода Дзмітрый Ярмаловіч некалі нават не ўяўляў.

Пасля заканчэння Жыровіцкага каледжа, а затым – Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта па інжынернай спецыяльнасці ён працаваў на розных пасадах у Дзятлаўскай сельгастэхніцы.

– Сам лёс прывёў мяне сюды, – кажа Дзмітрый Дзмітрыевіч пра тое, як кардынальна змяніў від дзейнасці. – Спачатку працаваў механікам, і вось ужо некалькі гадоў тут, на асфальтным заводзе.

На такім адказным для ўсёй дарожнай службы ўчастку працуюць 12 чалавек, якія паспяхова спраўляюцца з немалым аб’ёмам работы. Справа адказная, графік насычаны, рабочы ў залежнасці ад заказаў, са сваімі нюансамі. Аднак прараб прызнаецца, што за непрацяглы час вельмі палюбіў такі від дзейнасці за пэўнасць і дакладнасць пастаўленых задач.

– Шкада толькі, што вельмі рана еду на працу, не бачу, як дачушка-пяцікласніца збіраецца на заняткі ў гімназію. Затое ўвечары маю магчымасць бавіць час разам са сваёй сям’ёй, дапамагчы школьніцы з урокамі, – кажа Дзмітрый Дзмітрыевіч.

Усім, хто працуе ў дарожнай гаспадарцы нашай краіны, ён жадае мірнага неба, дабрабыту, здароўя і простага сямейнага шчасця.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga