З першага дня свайго старту ў педагагічную прафесію, амаль тры дзесяцігоддзі, у Гезгалаўскай сярэдняй школе працуе наша зямлячка Ірына Шумская, прычым апошнія 12 гадоў Ірына Мікалаеўна з’яўляецца намеснікам дырэктара па вучэбнай дзейнасці, паралельна ўжо чвэрць стагоддзя трэніруе школьную каманду інтэлектуалаў, якой пакараюцца і “рэспубліканскія вяршыні”.
Сёлета на раённай жнівеньскай педагагічнай нарадзе Ірына Мікалаеўна адзначана чарговай заслужанай узнагародай – граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
На прафесійны выбар паўплываў “ген педагога”
Будучая настаўніца гісторыі нарадзілася і вырасла ў горадзе Дзятлаве. Спачатку яна вучылася ў сярэдняй школе № 1 райцэнтра, потым у новай на той час сярэдняй школе № 3. У 1997 годзе скончыла гістарычны факультэт ГрДУ імя Я. Купалы, прыехала настаўнічаць на малую радзіму.
На пытанне, што паўплывала на прафесійны выбар, Ірына Мікалаеўна, не задумваючыся, адказвае, што гэта быў прыклад таты. Мікалай Кавалёў усё сваё прафесійнае жыццё прысвяціў рабоце з дзецьмі: шмат гадоў адпрацаваў настаўнікам фізкультуры ў былой Дзятлаўскай школе-інтэрнаце, быў выхавальнікам, трэнерам у басейне. Прычым тата, як зазначае Ірына Шумская, нават не пачынальнік сямейнай педагагічнай дынастыі: настаўніцай пачатковай школы раней была яго родная цётка – сястра дзеда Ірыны Мікалаеўны, якая ў свой час вучыла будучую першую настаўніцу дзяўчынкі Валянціну Лейтар.
– У пачатковых класах мы, дзеці, вельмі любілі Валянціну Браніславаўну і імкнуліся быць на яе падобнымі, – прызнаецца Ірына Шумская. – Пазней мне пашчасціла вучыцца ў такіх Педагогаў з вялікай літары, як Надзея Ілюковіч, Наталля Петрыкевіч, Лідзія Лябецкая, а класным кіраўніком была настаўніца гісторыі Ніна Хілевіч, што і дапамагло вызначыцца з напрамкам прафесійнай дзейнасці. Настаўнічала і татава сястра, а жыла наша сям’я ў шматкватэрным доме насупраць першай школы, дзе было нямала педагогаў, таму лёс літаральна вёў мяне да ўсвядомленага выбару. Дарэчы, у прафесійным жыцці таксама магу лічыць сябе шчаслівым чалавекам, бо па маім шляху ідуць мае вучні: амаль у кожным выпуску ёсць дзеці, якія выбіраюць спецыяльнасць “настаўнік гісторыі”, напрыклад, сёлета на яе паступіла Соня Лотыш.
Калі ваш сімвал – мудрая сава
Ірына Шумская не толькі з’яўляецца намеснікам дырэктара і выкладае гісторыю, але яшчэ і курыруе інтэлектуальны кірунак работы ў школе – з’яўляецца трэнерам мясцовага клуба старшакласнікаў “ІКС”. У гэтым годзе якраз выпусціліся “бывалыя” інтэлектуалы, і ў клуб прыйшла маладая пачынаючая змена навучэнцаў 6-7 класаў. Варта адзначыць, што гезгалаўскія знатакі неаднаразова бралі першынство ў раённых чэмпіянатах па інтэлектуальных гульнях, а летась каманда “6D” Гезгалаўскай сярэдняй школы, абышоўшы 14 іншых, стала пераможцай IV Рэспубліканскага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях “Што? Дзе? Калі?” сярод школьнікаў малых населеных пунктаў. Яшчэ ў скарбонцы дасягненняў трэцяе месца ў рэспубліканскім праекце “Свая гульня”, чацвёртае месца Аляксандры Барабан у суперфінале тэлевізійнага конкурсу “Я ведаю” і іншае.
На пытанне, што дапамагае спраўляцца са шматзадачнасцю, Ірына Мікалаеўна адказвае:
– Я вельмі люблю інтэлектуальныя гульні, галаваломкі, рашаць складаныя лагічныя задачы і рэбусы, атрымліваю ад гэтага вялікае задавальненне. Такое захапленне “прымірае” мяне са штодзённасцю, з буднічнымі справамі. Як ні дзіўна, дзецям таксама падабаецца пазнаваць новае, адчуваць сябе разумнікамі. Калі ў іх атрымліваюцца рашэнні, яны пачынаюць літаральна патрабаваць пазаймацца яшчэ – адмаўляць дзецям я не ўмею. Натхняе і тое, што адчуваецца вялікая ўсебаковая падтрымка ад бацькоў навучэнцаў: яны разумеюць, што веды – гэта інвестыцыя ў будучыню.
Наперад, да новых гарызонтаў
Ідучы шляхам ведаў і навукі, Ірына Шумская ўпэўнена, што педагогіка – гэта не проста прафесія, а заклік душы, стыль жыцця, у іншай сферы наша зямлячка сябе ўжо не ўяўляе. Нават захапленні ў Ірыны Мікалаеўны адпавядаюць рабоце: яна любіць чытаць, стараецца рабіць гэта кожны дзень, накіроўваючыся ў цікавыя вандроўкі разам з літаратурнымі героямі. Настаўніца тлумачыць, што мастацкія творы дапамагаюць ёй пераключыцца, адпачыць ад напружанасці і адказных спраў.
Нягледзячы на татальную занятасць, жанчына знаходзіць час для сям’і.
– Гэтаму мяне навучыла матуля, Яўгенія Маркаўна Кавалёва, якая шмат гадоў адпрацавала намеснікам начальніка раённага вузла электрасувязі, з’яўляецца заслужаным сувязістам. Мама, нягледзячы на шматлікія справы і нагрузку, заўжды паспявала дарыць цяпло самым блізкім людзям, была цудоўнай гаспадыняй, – расказала Ірына Мікалаеўна.
Дачка пастаралася многія традыцыі перанесці ў сваю сям’ю. Так, любімым баўленнем часу Шумскіх сталі штогадовыя сямейныя паходы з палаткай на раку Нёман, удзел у якіх прымаюць не толькі муж і дзеці, але бацькі, сястра нашай зямлячкі з сям’ёй. Любяць родныя і сумесныя выхады ў лес па грыбы.
Наогул, Ірына Шумская лічыць, што ў яе жыцці ёсць нямала шчаслівых хвілін і прыемных сюрпрызаў не толькі ад блізкіх людзей, але і ад вучняў. Дзеці часта крэатывяць, іх падарункі для любімай настаўніцы прыемныя, незвычайныя, памятныя. Напрыклад, пакідаючы родную школу, сёлетнія выпускнікі, удзельнікі клуба “ІКС”, падарылі свайму трэнеру сувенір – мудрую саву і восем савянят (па колькасці членаў каманды). Гэты талісман заняў пачэснае месца на паліцы рабочага кабінета, кожны дзень нагадваючы Ірыне Мікалаеўне аб тым, што настаўнік – гэта той, хто дае вучням крылы для дасягнення новых гарызонтаў і сам не спыняецца ў высокім палёце.
Экзамен для настаўніка
Як галоўнага інтэлектуала Гезгалаўскай сярэдняй школы мы заклікалі Ірыну Шумскую выканаць “заданне з зорачкай”: адказаць на няпростыя пытанні для педагога.
– Як зацікавіць вучняў прадметам і адарваць ад гаджэтаў?
– Прапаноўваць нестандартныя сітуацыі, на якія няма адказаў у смартфоне. Напрыклад, заклікаць уявіць сябе пэўнай гістарычнай асобай, пастаўленай у канкрэтныя рэаліі, і адказаць на пытанне: “Як паступілі б вы?”.
– Як сёння вучыць таму, што заўтра можа быць неактуальным?
– Люіс Кэрал напісаў: “Трэба вельмі хутка бегчы, каб хоць застацца на месцы”. Чалавецтва трапіла ў сітуацыю, калі яму даводзіцца імкліва паспяваць за прагрэсам, таму найперш трэба навучыць вучыцца, развіваць функцыянальную адукаванасць і ўменне здабываць інфармацыю з кантэкста і сітуацый.
– Ці пакіне прагрэс месца для настаўніка-чалавека?
– Безумоўна, бо машына ці алгарытм могуць дапамагчы пры навучанні, але не выхаваюць у дзіцяці эмацыянальную культуру, не стануць для яго прыкладам для пераймання. Дзеці часта задаюць сваім педагогам “чалавечае” пытанне: “А як мяркуеце вы самі?”.
– Як выхоўваць чалавечнасць?
– Чалавечнасцю.
– Што важна данесці да бацькоў?
– Што ў першую чаргу яны самі патрэбны сваім дзецям, а не тыя выгоды, якія забяспечваюць. Бацькі павінны быць галоўным прыкладам і самымі блізкімі сябрамі, бо сям’я – першааснова.
– У чалавеку галоўнае інтэлект ці дабрыня?
– Хочацца спадзявацца, што інтэлектуальны чалавек наўрад ці будзе злым: гэтыя якасці павінны быць збалансаванымі, аднак дабрыня – гэта аснова.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga