Ірына Грыбінюкова: “На выставе ў Маскве была шырока прадстаўлена беларуская сельгастэхніка”

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Дэлегацыя Дзятлаўшчыны прыняла ўдзел у семінары кіраўнікоў і спецыялістаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і арганізацый Беларусі на тэму “Новыя тэхналогіі і перадавы вопыт у сельскай гаспадарцы Расіі”, які прайшоў у Маскве.

Арганізатарам паездкі выступіла грамадская арганізацыя “Беларускі сялянскі савет” пры Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Удзельнікамі форуму ад нашага раёна сталі начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Ірына Грыбінюкова, дырэктар КСУП “Хвінявічы” Мікалай Бубноўскі, галоўны заатэхнік Марыя Слушко, намеснік дырэктара КСУП “Войневічы” Аляксандр Лахач, намеснік дырэктара ААТ “Граніт-Агра” Уладзімір Лашко, галоўны заатэхнік Анастасія Хоміч.

Ірына Міхайлаўна расказала, як прайшла паездка, і падзялілася сваімі ўражаннямі ад яе:

– Я ўпершыню мела магчымасць пабываць на такім маштабным форуме ў нашай краіне-суседцы. Асветніцкая і культурная праграмы былі вельмі насычаныя і пазнавальныя. На аграпрамысловай выставе “Залатая восень-2024”, з якой пачалася сустрэча, былі прадстаўлены сотні вытворцаў з розных рэгіёнаў Расіі. Такі фармат ладзіцца для таго, каб вытворцы маглі паказаць свае дасягненні ў сферах раслінаводства, жывёлагадоўлі, вытворчасці харчовай прадукцыі, а таксама тэхнічнага і навуковага развіцця галіны. На выставе мы не толькі даведаліся шмат цікавага, але і пабачылі самыя разнастайныя віды і пароды жывёлаў і птушак, развядзеннем якіх займаюцца гаспадаркі Расіі. Самыя папулярныя пароды кароў на выставе – галшціны, папулярнасць якіх абумоўлена высокімі надоямі; вельмі прыгожая і цікавая парода малочнай прадукцыйнасці – бурая шведская. Фармат сустрэчы не абмяжоўваўся выставай, мы ўдзельнічалі ў дэгустацыях сельгаспрадукцыі, круглых сталах, дзе абмяркоўвалі сучасныя тэндэнцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі. Атрымалі максімум прыемных уражанняў і карыснай інфармацыі.

– Чым уразіў “Аграсалон”, які праводзіўся ў маскоўскім “Крокус Сіці Холе”?

– Маштабам, як і ўсё астатняе. Вялікія выставачныя плошчы, дзе ад колькасці секцый і разнастайнасці экспазіцый разбягаліся вочы. На выставе нас пазнаёмілі з найноўшымі ўзорамі тэхнікі і перапрацоўчага абсталявання, якія выкарыстоўваюцца ў аграпрамысловым комплексе. Быў прадэманставаны ўвесь спектр тэхнічных і тэхналагічных сродкаў для вядзення эфектыўнай сельгасвытворчасці: камбайны, трактары, кормаўборачныя, глебаапрацоўваючая тэхніка, пасяўныя комплексы і пагрузачныя машыны, абсталяванне для ўнясення ўгнаенняў, IT-распрацоўкі, якія робяць сельгастэхніку “разумнай”. Адну з самых значных экспазіцый займала ААТ КЗ “Растсельмаш”, з якімі плённа супрацоўнічаюць некаторыя гаспадаркі Дзятлаўшчыны. Парадавала, што на выставе ў Маскве на “Аграсалоне” была шырока прадстаўлена беларуская сельгастэхніка, у тым ліку высокапрадукцыйныя камбайны, найноўшыя сеялкі і культыватары, а таксама трактары і камбайны вытворчасці КНР, Турцыі. Уся тэхніка – як з казкі, а, між тым, гэта сённяшняя рэальнасць сельскай гаспадаркі Беларусі і Расіі. Кіраўніцтва нашых сельгаспрадпрыемстваў актыўна рабіла сабе пазнакі ў блакнотах.

– Ці давялося наведаць якое-небудзь расійскае сельгаспрадпрыемства?

– Так, мы наведалі адно з сельгаспрадпрыемстваў аграхолдынгу “ЭкаНіва” ў Падмаскоўі, дзе разводзяць племянных цёлак і ніцялёў для пастаўкі ў сельгаспрадпрыемствы Расіі. Тут уражвала ўсё: 3,5 тысячы дойнага статку пры агульнай колькасці пагалоўя больш за 5 тысяч. Увесь гэты вялікі комплекс абслугоўваюць 20 ветэрынарных дактароў, 8 заатэхнікаў і падсобныя рабочыя. Надой на карову – 38 літраў малака ў суткі. Спадабалася, як арганізаваны ўсе працэсы на комплексе ад кармлення да даення і ўтрымання маладняка. Пераважная іх большасць аўтаматызавана, у многіх момантах наадварот, усё спрошчана ў параўнанні з беларускай сістэмай, але гэта таксама працуе. Плённа абмяняліся вопытам з калегамі, узамен падзяліліся сваімі дасягненнямі і напрацоўкамі.

– Ці быў час на адпачынак?

– Арганізатарамі для ўдзельнікаў форуму ладзілася шырокая культурная праграма, звязаная з увекавечаннем памяці аб подзвігу Савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, якому ў Расіі, як і ў нас, надаецца вялікая ўвага. У праграму ўвайшлі аглядныя экскурсіі па Маскве і Падмаскоўі, наведванне цэнтра сталіцы і музеяў. На Чырвонай плошчы нам нават дазволілі ўшанаваць памяць савецкіх салдат і ўскласці кветкі да абеліска. Але больш за ўсё мне запомніўся і крануў музейны комплекс “Дарога Памяці. 1418 крокаў да Перамогі” ў Кубінцы (па колькасці дзён вайны), адкрыты ў 2020 годзе да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Музейны комплекс насычаны прыгожымі архітэктурнымі збудаваннямі, у ліку якіх ёсць нават дзеючы храм, аб’ёмнымі экспазіцыямі, заснаванымі на сучасных тэхналогіях, якія перадаюць атмасферу тых гадоў. Немагчыма без слёз на вачах быць у гэтым месцы. Самым галоўным адкрыццём для мяне стала тое, што ў віртуальных спісах, дзе больш за 3 мільёны ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, я знайшла свайго дзядулю Ілью Дзямянавіча Грабко, які меў шмат баявых узнагарод, расказваў сваім дзеяцям, што прайшоў вайну звычайным шафёрам, падвозіў снарады да зброі, а насамрэч служыў разведчыкам у падраздзяленнях “СМЕРШ”. Мы абмяняліся кантактамі з музеем, куды я дашлю фота дзеда. Яно зойме месца ў экспазіцыі замест вечнага агню.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga