Тыдня не мінула з той пары, калі мы абмяркоўвалі праблему бадзяжных сабак і шукалі выйсце з сітуацыі, як на Дзятлаўшчыне здарыўся новы інцыдэнт.
Жыхарка аграгарадка Жукоўшчына стала ахвярай нападу сабакі байцоўскай пароды. Старшыня Жукоўшчынскага сельвыканкама Іван Свіб расказаў, што пацярпелая адправілася на прагулку ў Краглі разам са сваёй сяброўкай. На вуліцы на жанчын выскачыў сабака і пакусаў адну з іх так, што давялося выклікаць “хуткую дапамогу”. Жанчыну шпіталявалі, сур’ёзнасць атрыманых пашкоджанняў невядома.
Аднак дакладна ўстаноўлена, што напаў на чалавека зусім не бадзяжны сабака, а хатні гадаванец байцоўскай пароды, які незразумелым чынам апынуўся не на прывязі і не ў вальеры, без намордніка проста на вуліцы. Тут вялікія пытанні ўзнікаюць да гаспадароў гадаванца. Па-першае, навошта трымаць дома пароды сабак, патэнцыйна небяспечныя для людзей? Нават калі яны слухаюцца вас (што таксама можа быць да пары), то запраста могуць напасці на іншых, як і здарылася ў нядаўняй гісторыі. Па-другое, калі вы прымаеце ўзважанае рашэнне аб утрыманні вялікага гадаванца на сваёй тэрыторыі, стварайце не толькі камфортныя, але галоўнае бяспечныя ўмовы для гэтага. Калі сабака агрэсіўны, нападае на людзей, адказнасць за яго нясе сам гаспадар, у тым ліку адміністрацыйную. Аб мерах спагнання да неабачлівых сабакаводаў расказаў участковы інспектар міліцыі Дмітрый Плаўскі:
– Згодна з артыкулам 16.30 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь “Парушэнне правілаў утрыманнях хатніх жывёл” за гэта прадугледжаны штраф у памеры ад адной да 15 базавых велічыняў. Калі ж у выніку правапарушэння гадаванец нанёс шкоду здароўю людзей або маёмасці, сума штрафу павялічваецца да 30 базавых велічыняў або накладваецца адміністрацыйны арышт.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga