ГрадусПлюс. Мышачная памяць

Важнае Грамадства

Хочацца падзяліцца сітуацыяй, якая найперш непакоіць вадзіцеляў Дзятлаўшчыны.

Напэўна, многія заўважылі, што ў цэнтры горада Дзятлава, на ўчастку вуліцы Кірава паміж магазінам “Будматэрыялы” райспажыўтаварыства і плошчай 17 Верасня, быў дэмантаваны пешаходны пераход. На гэта ўказвае факт, што на месцы былога пераходу не толькі была “выцерта” разметка, але і прыбраны самі знакі “Пешаходны пераход”.

Здавалася б, вадзіцелі, якія павінны на дарозе арыентавацца на знакі, могуць спакойна праязджаць гэты ўчастак шляху. Але пешаходы думаюць па-іншаму: яны ці то ад няўважлівасці, ці проста па старой звычцы прадаўжаюць рэгулярна пераходзіць дарогу ў цяпер недазволеным месцы, таксама робяць і веласіпедысты. Тым, хто за рулём, застаецца быць удвая больш уважлівымі і заўсёды напагатове, каб не патрапіць у ДТЗ, нават калі не па ўласнай віне.

Як прымірыць няўважлівых пешаходаў і ўшчэмленых у сваіх перавагах вадзіцеляў, расказаў дзяржаўтаінспектар міжраённага аддзела ДАІ па абслугоўванні Слонімскага, Дзятлаўскага і Зэльвенскага раёнаў Андрэй Іскра:

– Узгаданы пешаходны пераход быў ліквідаваны па прычыне немэтазгоднасці яго размяшчэння ў гэтым месцы. Па-першае, у полі бачнасці ад яго знаходзяцца яшчэ тры пешаходныя пераходы (на адным з іх устаноўлены святлафор). Па-другое, з-за размяшчэння будынкаў дадзены ўчастак аўтадарогі мае абмежаваную агляднасць, што станавілася прычынай дарожна-транспартных здарэнняў. Такім чынам, цяпер пешаходам забараняецца перасякаць празную частку ў названым месцы, у адваротным выпадку яны будуць прыцягнуты  да адміністрацыйнай адказнасці. Вадзіцеляў заклікаю быць цярплівымі, уважлівымі, з павагай і разуменнем ставіцца да ўсіх удзельнікаў дарожнага руху.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga