Дзень Войневіцкага сельсавета

Важнае Улада

Пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага з удзелам старшыняў сельскіх выканаўчых камітэтаў Дзятлаўшчыны адбылася сустрэча з парадкам дня “Аб рабоце Войневіцкага сельвыканкама і сельскага Савета дэпутатаў”.

Аб сацыяльна-эканамічным становішчы і добраўпарадкаванні тэрыторый расказала старшыня сельвыканкама Вольга Мазоль:

– Войневіцкі сельскі савет утвораны ў 1958 годзе, у 2009-ым да яго далучаны сем населеных пунктаў Раготнаўскага, цяпер іх 15 у саставе, 264 асабістыя гаспадаркі, 545 чалавек. Вытворчую і сацыяльную інфраструктуру складаюць: КСУП “Войневічы” (5902 гектары), Войневіцкі і Горкаўскі ФАПы, магазіны Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства ў аграгарадку Войневічы і вёсцы Горка, Войневіцкая сельская бібліятэка-клуб (з 6 верасня 2024 года прыпыніла работу з-за адсутнасці спецыяліста), ёсць дзве праваслаўныя царквы. Самыя шматнаселеныя – аграгарадок Войневічы (165 жыхароў) і вёска Горка (124). Па 10-50 жыхароў у дзевяці вёсках, менш – у Даўгялавічах, Талявічах, Харабровічах, Петрашулевічах. Грамадзян працаздольнага ўзросту – 290, пенсіянераў – 214 (162 адзінокія і 15 жывуць адзінока), дзяцей – 41, шматдзетных сем’яў – 6. У 2023 годзе зарэгістраваны адно нараджэнне і шлюб, сёлета – ніводнага і два шлюбы.

У саставе Войневіцкага сельскага Савета пяць дэпутатаў. Шмат важных і актуальных пытанняў абмяркоўваюцца на сельскіх сходах і ў калектывах, пры асабістых сустрэчах і прыёмах. Летась і ў гэтым годзе ў сельвыканкам зваротаў не паступала. У 15-і населеных пунктах на добраахвотнай аснове працуюць восем стараст, самыя актыўныя – Марыя Лабко, Марыя Зубель, Іван Кунаш, Ірына Буднік. Яны арганізоўваюць работы па навядзенні парадку ў вёсках і на могілках, дапамагаюць знаходзіць спадчыннікаў пустых дамоў, інфармуюць пра падазроных асоб, сямейны недабрабыт.

У цэнтры ўвагі сельвыканкама – вырашэнне пытанняў і дабрабыт насельніцтва, уразлівых катэгорый жыхароў. На надомным абслугоўванні ў двух сацыяльных работнікаў знаходзяцца тры чалавекі, у тым ліку інвалід ІІ групы. Сёлета пажылым адзінокім грамадзянам устаноўлены два СЗУ, праведзена адна замена электраправодкі, замена ўводу электраправадоў, двум пажылым людзям са сродкаў ФСАН аказана сацыяльная дапамога, тэхнічнымі сродкамі сацрэабілітацыі забяспечаны два чалавекі.

Пры Войневіцкім сельвыканкаме працуюць грамадскі пункт аховы правапарадку і камісія па пажарнай бяспецы, на 1 верасня абследаваны ўсе катэгарыруемыя грамадзяне.

Добраўпарадкаванне ажыццяўляецца ва ўсіх населеных пунктах сельсавета згодна з графікам. У 2023 годзе па заключэнні РУП ЖКГ у Войневічах выдалены тры небяспечныя дрэвы і два сёлета.

Для выканання Указа Прэзідэнта РБ № 116 “Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустымі дамамі” летась пададзены тры заявы ў суд і прыняты рашэнні аб прызнанні дамоў безгаспадарчымі, зарэгістраваны адзін дагавор адчужэння ўласнікам, сёлета звароты пададзены на сем дамоў, рыхтуюцца дакументы на 11, зарэгістраваны два дагаворы адчужэння, прынята заяўка на набыццё дома за адну базавую велічыню. Пасля зносу летась у севазварот уключаны ўчастак 1,1 гектара ў Вялікіх Шастаках.

На тэрыторыі сельсавета шэсць грамадзянскіх могілак, усе на балансе камунгаса, сумесна з якім і КСУП “Войневічы” ажыццяўляецца вываз смецця. Пытанні па расчыстцы дарог ад снегу вырашаюцца пры падтрымцы кіраўніцтва КСУП “Войневічы” і ДРБУ-119.

У час практычнай часткі ўдзельнікі Дня сельсавета пабывалі на аб’ектах добраўпарадкавання. Першую лакацыю, каля будынка сельвыканкама, заўважылі адразу ж: тут замест састарэлых туй засеены роўны газон, з надыходам спрыяльнага сезона з’явяцца новыя рашэнні па яго ўпрыгажэнні. Чысцінёй і парадкам парадаваў ФАП аграгарадка (загадчыца Іна Рукан), дзе красуюць кветкі, ёсць лавачка, пандус, кнопка выкліку персаналу, унутры чыста і зручна.

У мясцовым магазіне “Родны Кут” (загадчыца Ірына Сямёнава) такія ж групы тавараў, што і ў райцэнтры, ёсць сезонная агародніна. Прыемна было ўбачыць, як творча да афармлення прысядзібнага ўчастка падышла жыхарка Войневічаў Галіна Сільчук: прыгажосць на падворку яна стварае разам з мужам, яшчэ жанчына майструе з тэкстылю прыгожых лялек. Пра храм Узвіжання Крыжа Гасподняга аграгарадка Войневічы расказаў настаяцель Алег Пачкоўскі, паказаў шануемую мясцовую ікону святога Антонія і камень у падмурку царквы, які сведчыць аб большай старажытнасці пабудовы. З работай рамонтных майстэрняў КСУП “Войневічы” аграгарадка пазнаёміў галоўны інжынер гаспадаркі Сяргей Пятліцкі. У вёсцы Горка першым наведалі помнік воінам-землякам, ушанавалі іх памяць ускладаннем кветак. Агледзелі і як добраўпарадкаваны могілкі гэтай вёскі, пабывалі каля мясцовай славутасці, уключанай ў раённыя турмаршруты, – паклонных камянёў і каплічкі.

– У час абмеркавання работы органаў мясцовага самакіравання пагаварылі аб патрабаваннях указа № 116, асаблівы акцэнт зроблены, каб дамы ў сельскай мясцовасці не зносіць, а прадаваць праз аўкцыён дбайным гаспадарам, такая практыка ўжо напрацавана, – падвёў вынікі Дня сельскага савета Аляксандр Бараноўскі. – Сярод важных задач – актывізаваць работу з насельніцтвам з-за змяненняў заканадаўства наконт знаходжання састарэлых людзей у бальніцах сястрынскага догляду: цяпер тэрмін не павінен перавышаць 180 дзён у год. Дзецям і ўнукам будзем нагадваць, што іх пажылыя сваякі маюць патрэбу ва ўвазе і клопаце – гэта таксама адзін з момантаў работы старшыняў сельвыканкамаў. Традыцыйна агледзелі добраўпарадкаванне населеных пунктаў Войневіцкага сельсавета, стварэнне камфортных умоваў для жыхароў. Гэта пяты і апошні ў гэтым годзе Дзень сельсавета, на наступны цыкл ёсць нямала задумак, мяркуем больш увагі надаць добраўпарадкаванню населеных пунктаў, зносу струхнелых будынкаў, уключэнню зямлі ў севазварот.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: