Дзелавы панядзелак. Парадак на зямлі, пасадка лесу, падрыхтоўка да абласнога свята “Дажынкі”

Важнае Улада

Нарада са спецыялістамі ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага пачалася з падвядзення вынікаў работы за мінулы тыдзень і вылучэння напрамкаў, якім у бліжэйшыя сем дзён будзе нададзена больш увагі.

Сярод іх – прафілактыка пажараў і супрацьпраўных паводзінаў, падвядзенне вынікаў сельскагаспадарчага года і падрыхтоўка да абласнога свята “Дажынкі”, якія 2 лістапада пройдуць у Мастах, навядзенне належнага парадку на зямлі, удзел у рэспубліканскай акцыі “Дай лесу новае жыццё!”.

Алкаголь – сябар, які вядзе да бяды

Мінулы тыдзень на Дзятлаўшчыне прайшоў без вогненных здарэнняў, аднак гэта не падстава для самазаспакаення, бо сёлета ў нашым раёне колькасць пажараў узрасла. Найчасцей пацярпелых да бяды прыводзіць алкаголь. Пацвердзілі гэта і вынікі нядаўняй экспертызы па стане загінулага з вёскі Лагуны мужчыны. Судмедэксперты выявілі ў яго крыві чатыры праміле алкаголю. Калі канкрэтызаваць рост вогненных здарэнняў па тэрыторыях унутры раёна, ён адбыўся ў трох сельсаветах: у Казлоўшчынскім – з аднаго да пяці пажараў, Дварэцкім – з аднаго да шасці, Данілавіцкім – з двух да трох. Андрэй Садоўскі заклікаў супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і адказных службаў правесці больш дэталёвы аналіз і адкарэкціраваць прафілактычную работу.

Барацьбу з п’янствам у раёне прадаўжаюць праваахоўнікі: на мінулым тыдні да накіравання ў лячэбна-працоўны прафілакторый асуджаны адзін грамадзянін, у цэлым працэнт адпраўкі на лячэнне на Дзятлаўшчыне вышэйшы за сярэднеабласны. Нягледзячы на гэту работу, у раёне ёсць пэўная колькасць асоб, якія не жадаюць працаваць і ўвесь свой час трацяць на пошукі і ўжыванне спіртнога. Кіраўнік раёна заклікаў міліцыю кожнага з тых, хто не імкнецца да выпраўлення, “трымаць на карандашы” і ў сітуацыі рызыкі прымаць адпаведныя меры, тым больш што ў раёне адзначаецца рост п’янай злачыннасці. Дарэчы, вынікам няспыннай прафілактычнай работы ў гэтым кірунку стала ліквідацыя “п’янай кропкі” ў вёсцы Буйкі, дзе праваахоўнікі канфіскавалі самагонны апарат, 20 літраў гатовага самагону і 400 літраў брагі.

За мінулую сямідзёнку ў раёне зарэгістраваны і тры крымінальныя справы, у тым ліку махлярства. Ад інтэрнэт-злодзеяў пацярпела чарговая наша зямлячка, якая перавяла зламыснікам 11 тысяч рублёў.

За экстрэмізм у дзяржаўны вышук аб’яўлены жыхар аграгарадка Гезгалы, які заклікаў беларусаў да змянення канстытуцыйнага ладу.

Яшчэ адна жыхарка раёна прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці за падпіску на экстрэмісцкі канал.

Надвор’е – радуе, каляндар – прыспешвае

Нягледзячы на спрыяльнае надвор’е, перад аграрыямі раёна стаіць задача да 1 лістапада завяршыць уборку кукурузы. Пераважная колькасць гаспадарак з ёю ўжо справілася, мяркуецца, што адолеюць заданне і тыя, хто адстае. Яшчэ адзін акцэнт – вываз з палеткаў саломы. Зямля любіць парадак, і да зімы сезонныя справы трэба скончыць.

Больш пільнай увагі патрабуе сфера жывёлагадоўлі. Па ёй сітуацыя ў цэлым спрыяльная, прывагі буйной рагатай жывёлы сёлета вышэйшыя, чым у мінулым годзе, аднак неабходна сачыць за павышэннем якасці малака да гатунка “экстра” і прыплодамі.

Рыхтуюцца работнікі сельскай галіны і перапрацоўчых прадпрыемстваў Дзятлаўшчыны да паездкі ў Масты на абласное сельскагаспадарчае свята “Дажынкі”. Каб прадставіць наш раён ярка, дастойна, запамінальна, дапамагаць ім будуць работнікі культуры.

За дзевяць месяцаў бягучага года сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў раёне ў цэлым складваецца станоўча, ёсць упэўненасць, што ў канцы года будуць дасягнуты асноўныя прагнозныя паказчыкі.

Паколькі на календары хутка лістапад і тэмпература можа з плюсаў перайсці ў мінусы, Андрэй Садоўскі заклікаў будаўнікоў і камунальнікаў не спазняцца з работамі па будаўніцтве і капітальных рамонтах аб’ектаў і дарожнай сеткі. Дзятлаўчане бачаць, што ў райцэнтры цяпер ідзе рамонт асфальтавага пакрыцця на вуліцах Чырвонаармейскай, Перамогі, Леніна, які мяркуецца завяршыць да канца тыдня. Новы асфальт ужо радуе вадзіцеляў і пешаходаў на вуліцы Чкалава райцэнтра. Прыступяць работнікі камунгаса і да заліўкі бітумам расколінаў на дарогах у нашым горадзе і пасёлку Казлоўшчына.

Іншыя тэмы коратка

Да 12 лістапада ў Беларусі прадаўжаецца рэспубліканская акцыя “Дай лесу новае жыццё!”. Андрэй Садоўскі падзякаваў спецыялістам раёна і дэпутатам, якія ўжо прынялі ў ёй актыўны ўдзел, заклікаў іншыя арганізацыі таксама далучацца да добрай справы.

***

Пракуратура Дзятлаўскага раёна засяроджвае ўвагу жыхароў на неабходнасці кантраляваць свае падпіскі ў сацыяльных сетках, правяраць, ці няма сярод іх каналаў, якія прызнаюцца экстрэмісцкімі, і своечасова ад іх адпісвацца, каб не стаць парушальнікамі заканадаўства.

***

У нацыянальным конкурсе “Прадпрымальнік года” ў шасцёрку лепшых увайшла наша зямлячка, індывідуальны прадпрымальнік з гарадскога пасёлка Казлоўшчына Марына Радкевіч (намінацыя “Эфектыўны індывідуальны бізнес”). Марына Міхайлаўна 22 лістапада запрошана прыняць удзел у афіцыйнай цырымоніі ўзнагароджання ў горадзе Мінску.

Ірына СТЫРНІК   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga