25 кастрычніка на Дзятлаўшчыне ў рэспубліканскую акцыю “Дай лесу новае жыццё!” уключыліся народныя абраннікі нашага раёна, якія з’яўляюцца дэпутатамі Гродзенскага абласнога, Дзятлаўскага раённага, уcіх сельскіх Саветаў дэпутатаў, да іх далучыліся і члены вучнёўскай палаты моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў на чале з каардынатарам Ірынай Мішчанка.
Да справы працоўны дэсант прыступіў у 207-м квадраце Казлоўшчынскага лясніцтва.
– На жаль, стыхія закранула і наш раён, ад яе найбольш пацярпеў гэты ўчастак лесу, – звярнуўся да ўдзельнікаў акцыі галоўны ляснічы Дзятлаўскага лясгаса Канстанцін Дзісько. – Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заклікаў беларусаў далучацца да ліквідацыі наступстваў урагану, які пранёсся па нашай краіне ў ліпені 2024 года. На гэтых 2,6 гектара былога ветравалу будзем саджаць маладзенькія сосны і ёлкі.
Галоўны ляснічы правёў для дэпутатаў і моладзевага парламенту кароткі інструктаж, пасля якога ўсе актыўна ўключыліся ў работу.
– Сёння мы працуем вялікай камандай, – адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. – На дзялянцы шчыруюць дэпутаты абласнога, раённага, усіх сельскіх Саветаў дэпутатаў, інспектары, кіраўнікі спраў, моладзевы парламент – усяго 26 чалавек. Падобныя працоўныя акцыі ладзім не першы раз, у тым ліку з удзелам моладзі. Гэта выдатная магчымасць рабіць добрыя справы разам. Мінуць некалькі дзясяткаў гадоў, і ў прыгожы моцны бор будуць прыходзіць нашы дзеці, унукі, праўнукі. Гэта разумеюць і маладыя людзі, якія праз такія мерапрыемствы прывучаюцца да працы, клопату аб прыродзе і сваёй краіне. Да таго ж папрацаваць на свежым паветры ў добрым настроі заўсёды цудоўна, тым больш што і надвор’е спрыяе.
– Я вяду актыўны лад жыцця і ва ўсім, што на карысць Айчыны, заўсёды ў першых радах, – прадаўжае тэму дэлегат Усебеларускага народнага сходу, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Таццяна Нікіпорчык. – Лес – гэта ўклад у багацце роднай краіны, чыстае паветра, каштоўны прыродны матэрыял, мясцовыя віды паліва і добры настрой у час прагулак. Мы саджаем елачкі, таму ў халодны пераднавагодні вечар мне прыемна будзе ўспамінаць, што дзесьці падрастаюць і мае дрэўцы – сімвалы свята. Для моладзі, якая працуе побач, мы з’яўляемся прыкладам, разам робім патрэбную справу. Мы дружныя і адзіныя, што асабліва важна напярэдадні электаральнай кампаніі. Упэўнена, што разам пойдзем і на выбары Прэзідэнта, падтрымаем нашага лідара.
– У мяне ўжо ёсць лес, які садзіў пятнаццацігадовым хлапчуком, а цяпер збіраю там грыбы, – прызнаецца дэпутат абласнога, раённага, сельскага Саветаў дэпутатаў Віктар Адамчык. – Цяпер абнаўляем участак, пашкоджаны ўраганам. Упэўнены, што разам мы можам даць будучыню лясам Беларусі. Некаторыя людзі мяркуюць, што з развіццём тэхналогій і магутнай тэхнікі ў нашай краіне высякаецца многа дрэў, аднак спецыялісты лясгасу не дадуць мне схлусіць, што кожны год садзіцца іх на дзясяткі працэнтаў больш, лясістасць у Беларусі павялічваецца. Гэта важная справа, бо лес радуе прыроднымі дарамі, паляваннем, каштоўнымі пародамі дрэва, а нядаўна развіццё атрымалі каркасныя дамы для прыватнай забудовы – цудоўны варыянт для маладых сем’яў. Адным словам, добрую справу робім.
– І не першы раз, – уключаецца ў размову старшыня Новаяльнянскага сельвыканкама Людміла Радзевіч. – Наш калектыў заўсёды за добрыя справы. Мы робім свой уклад у будучыню, радуемся цёпламу восеньскаму надвор’ю, яркім краявідам. Побач моладзь, якой прывіваем беражлівае стаўленне да прыроды: што самі пасадзяць – будуць любіць і цаніць, запомняць на ўсё жыццё.
З гэтай думкай згодны дэпутаты моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў Дар’я Бурдун і Мілена Кавальчук:
– Удзел у такой шырокамаштабнай акцыі мы з сябрамі прымаем упершыню. Дапамагчы прыродзе вельмі важна, бо шмат дрэўцаў загінула, хочацца, каб на іх месцы раслі новыя. У скарбонцы добрых спраў моладзевага парламента дапамога дзецям у падрыхтоўцы да школы, наведванне дзіцячага аддзялення бальніцы з забаўляльнымі праграмамі, працоўныя рэйды для пажылога насельніцтва і многія іншыя. Гэта дае нам зарад станоўчых эмоцый, пазітыву, натхняе на новыя дасягненні. Мяркуем, што і пасля заканчэння школы паспяхова прадоўжым актыўную грамадскую работу.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga