16 кастрычніка ў Дзятлаве прыём грамадзян і прамую тэлефонную лінію правёў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Андрэй Жамойда.
На прыём да сенатара звярнуўся жыхар Брэста з прапановай, якая тычылася прыватнага бізнесу. Заяўніка хвалявала пытанне ўтылізацыі транспартных сродкаў. Мужчына адзначыў, што мае рэсурсы, пляцоўку ў Камянецкім раёне і дазволы для таго, каб аказваць такія паслугі юрыдычным асобам і насельніцтву. Ён жадае стаць пасрэднікам паміж кліентамі і прадпрыемствамі, якія займаюцца перапрацоўкай другаснай сыравіны, і прасіў парламентарыя на заканадаўчым узроўні падтрымаць такую ініцыятыву і замацаваць за яго кампаніяй статус спецыялізаванай структуры па ўтылізацыі аўтамабіляў.
Андрэй Жамойда адзначыў, што пытанне абыходжання з другаснымі адходамі знаходзіцца на асаблівым кантролі:
– Ваша ініцыятыва цікавая і актуальная, аднак да гэтага пытання трэба падыходзіць грунтоўна. Прэзідэнтам пастаўлена задача па максімальным уцягненні другасных рэсурсаў у гаспадарчы абарот і навядзенні парадку на аб’ектах захавання цвёрдых камунальных адходаў. Пры гэтым важна забяспечваць ахову навакольнага асяроддзя і рацыянальнае прыродакарыстанне.
Сенатар паабяцаў брэстаўчаніну даць разгорнутае тлумачэнне па тэме, азнаёміўшыся з матэрыяламі праекта.
Андрэй Жамойда назваў хвалюючыя пытанні, з якімі найчасцей грамадзяне звяртаюцца на прыём:
– У ліку самых частых – зямельныя спрэчкі, стан дарог, хоць штогод на іх рэканструкцыю і рамонт выдаткоўваюцца істотныя сродкі з дзяржаўнага бюджэту. Напрыклад, у 2023-м годзе фінансаванне на ўтрыманне аўтадарог па Гродзенскай вобласці было павышана на 300 % адносна мінулага года, у гэтым годзе – яшчэ на 160 % адносна 2023-га года. Нават у Дзятлаве, дзе праходзіць прыём, за сродкі раённага бюджэту сёння рамантуюцца адразу шэсць вуліц.
Вырашаюцца і пытанні ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Стаянкі, праезды, дваровыя тэрыторыі ў гарадах і пасёлках – гэта тое, чаму і надалей будзе надавацца пільная ўвага. Тэмпы работ не будуць зніжацца.
Парламентарый адзначыў, што набывае актуальнасць пракладванне камунікацый і стварэнне дарожнай інфраструктуры ў сельскай мясцовасці, куды з гарадоў на малую радзіму прыязджаюць дачнікі, якія спрыяюць навядзенню парадку на зямлі.
– Яшчэ ў разгар пандэміі каранавірусу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка агучыў важную прапанову: зрабіць жыллё ў сельскай мясцовасці максімальна даступным для людзей. Маўляў, заплаціў грошы – атрымаў дакумент на валоданне зямлёй. Ідэя дала свой плён, і сёння назіраецца адраджэнне вёскі ў тым ліку за кошт дачнікаў. Задача дзяржавы – падтрымаць гэта пачынанне і дапамагчы грамадзянам у стварэнні камфортных умоваў для жыцця і адпачынку.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga