46 гадоў на варце фінансавай бяспекі аддзела

Важнае Грамадства

У кнігу Гонару Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь сёлета будзе занесена імя бухгалтара Дзятлаўскага аддзела Тамары Цярэшка.

У скарбонцы асабістых дасягненняў Тамары Канстанцінаўны не толькі працоўны стаж у 46 гадоў, але і падзяка начальніка, грамата Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў, нагрудныя знакі “70 гадоў Дэпартаменту аховы МУС” і “За адзнаку”.

Гэта далёка не ўсе дасягненні нашай зямлячкі. Тры дзесяцігоддзі Тамара Цярэшка ўзначальвала прафсаюзную пярвічку аддзела, з’яўляецца казначэем ветэранскай арганізацыі. Стараючыся падтрымаць калегаў і шчырым словам, і справай, Тамара Цярэшка была ініцыятарам многіх дабрачынных мерапрыемстваў, святаў, паездак, экскурсій. Яе намаганні не засталіся па-за ўвагай прафсаюзнага кіраўніцтва: у 2014 годзе адзначана Ганаровай граматай прэзідыума Гродзенскага абкама Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў, а ў студзені гэтага года – прафсаюзным “Знакам пашаны”.

Калі пацікавіцца ў жанчыны, ці памяняла б яна работу ў аддзеле аховы на іншую галіну, бо адукацыя бухгалтара гэта дазваляе, яна ўпэўнена адказвае: “Ні ў якім разе!”.

Нарадзілася Тамара Цярэшка ў вёсцы Разважжа, па спецыяльнасці “бухгалтарскі ўлік” скончыла Ашмянскі тэхнікум (цяпер аграрна-эканамічны каледж). Першыя крокі ў прафесіі рабіла ў калгасе “Заря”, а літаральна праз год даведалася, што ў раённай службе аховы ўвялі пасаду касіра. Высокі патэнцыял у маладой работніцы заўважыў тагачасны начальнік аддзела аховы Станіслаў Казакевіч, а бухгалтар Яніна Сцепанішчава, з якой поруч адпрацавалі чвэрць стагоддзя, дапамагла ўнікнуць у рабочыя нюансы і падтрымала на шляху да прафесійнага майстэрства.

Са шчырай цеплынёй Тамара Цярэшка ўспамінае гісторыю развіцця аддзела, якая стала неад’емнай часткай яе ўласнага лёсу.

– За амаль паўстагоддзя, якія тут працую, усё кардынальна памянялася, нязменным застаецца толькі дружны, згуртаваны калектыў. Калі раней мы ўсе дакументы афармлялі “ад рукі”, то цяпер рабіць гэта дапамагае “разумная тэхніка”. Ад звычайнага мотапатруля нашы падраздзяленні перайшлі да функцыянавання групаў затрымання, якім своечасова паспяваць туды, дзе патрэбна дапамога прафесіяналаў, дазваляюць сучасныя службовыя машыны, а навейшая экіпіроўка і спецсродкі абараняюць і спрыяюць паспяховаму выкананню службовых задач.

За гады маёй работы ў аддзеле памянялася дзевяць начальнікаў, і кожнаму з кіраўнікоў мне ёсць за што сказаць “дзякуй”. У бухгалтарскай службе таксама былі добрыя людзі: Яніна Сцепанішчава, Ніна Аліферовец, цяпер – Аксана Мелько.

Адметна, што менавіта на рабоце Тамара Канстанцінаўна сустрэла сваю “другую палавінку” – Івана Цярэшку, які быў вадзіцелем. Разам выгадавалі сына Аляксандра, ён некаторы час працаваў у аддзеле электраманцёрам, дачку Вольгу, якая стала педагогам. Па шляху бабулі пайшла ўнучка Дар’я, якая ў вышэйшай навучальнай установе атрымлівае спецыяльнасць “бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт”. Тамара Канстанцінаўна спадзяецца, што ёй не менш пашчасціць на шляху прафесійнага станаўлення.

Тамару Цярэшка ў калектыве характарызуюць як ініцыятыўную, добрасумленную, адказную, настойлівую і прынцыповую работніцу, якая амаль паўстагоддзя знаходзіцца на варце фінансавай бяспекі аддзела, а яшчэ – як добрага, спагадлівага чалавека, да якога можна звярнуцца па падтрымку ў цяжкую хвіліну і па мудрую жыццёвую параду перад прыняццем важнага рашэння. Калегі ўпэўнены, што яна дастойна, каб яе імя было занесена ў кнігу Гонару Дэпартамента аховы і назаўжды ўпісана ў гісторыю службы.

Свайму калектыву Тамара Канстанцінаўна жадае моцнага здароўя, жыццёвых і службовых поспехаў, роднаму аддзелу – фінансавага дабрабыту і працвітання.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga