29 кастрычніка – Дзень работнікаў Дэпартамента аховы. Абавязак, аптымізм, будучыня

Важнае Грамадства

Пад такім дэвізам праходзяць службовыя будні і святы ў супрацоўнікаў Дзятлаўскага раённага аддзела Дэпартамента аховы.

Сёлетняе прафесійнае свята асаблівае для капітана міліцыі Дзяніса Грынцэвіча, бо ўпершыню ён сустракае яго ў якасці начальніка раённага аддзела аховы, куды прыйшоў працаваць у снежні 2013 года міліцыянерам узвода міліцыі.

Перш чым заступіць на кіраўнічую пасаду, Дзяніс Валянцінавіч прайшоў розныя прыступкі прафесіі: быў міліцыянерам-вадзіцелем групы затрымання, пяць гадоў – камандзірам узвода міліцыі, у 2020-м яго накіравалі ў Ленінскі (горада Гродна) аддзел Дэпартамента аховы, апошнія два гады ён працаваў старшым інспектарам Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы, а ў сёлетнім жніўні вярнуўся на малую радзіму, каб узначаліць Дзятлаўскі раённы аддзел.

– Калі паступіла такая прапанова, не змог адмовіцца, бо ведаю, што тут працалюбівыя людзі, здольныя выконваць задачы, якія стаяць перад службай аховы. Прапісная ісціна “гаворыць”: “Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся”, і я ўпэўнены, што пачынаць шлях кіраўніка лепш на малой радзіме, – расказаў Дзяніс Грынцэвіч. – Наша падраздзяленне на сёння займае высокія пазіцыі на абласным і рэспубліканскім узроўнях па ўсіх паказчыках службовай дзейнасці. Па ахове кватэраў і асабістай маёмасці грамадзян, фізічнай і пультавой ахове мы ідзём з прыростам, развіваемся, збіраемся і надалей заставацца паспяховымі.

– Ці абнаўляюцца тэхнічныя сродкі?

– Ажыццяўляецца ўстаноўка камер відэаназірання з вывадам на пульт цэнтралізаванага назірання, каб сачыць за тым, што адбываецца на ахоўваемых аб’ектах. У тэставым рэжыме ўкараняюцца такія навінкі, як датчыкі ўцечкі вады і газу ў дамах, кватэрах, на аб’ектах. Абнаўляецца ўтаапарк, форменнае абмундзіраванне супрацоўнікаў, што спрыяе зручнасці нясення службы і аператыўнасці. Каласальная ўвага надаецца ўстановам адукацыі раёна: на ўсіх ёсць трывожныя кнопкі, ажыццяўляецца тэхнічнае абслугоўванне ахоўнай сігналізацыі. Пры яе спрацоўванні нашы супрацоўнікі прыбываюць за лічаныя хвіліны.

– Дзяніс Валянцінавіч, раскажыце пра ваш калектыў.

– Гэта добрасумленныя, працалюбівыя супрацоўнікі: работнікі вартавой аховы, грамадзянскі персанал, дзяжурныя пульта ўпраўлення – “сэрца” нашага аддзела, якія кругласутачна перадаюць усе спрацоўкі і ажыццяўляюць кантроль за тэхнічнымі сродкамі аховы як па горадзе, так і па раёне. Кожны знаходзіцца на сваім месцы, годна і своечасова выконвае ўскладзеныя на яго задачы, усе ведаюць свае напрамкі дзейнасці.

Стараемся, каб не толькі працоўныя будні, але і вольны час праходзіў для калектыву цікава, таму практыкуем сумесныя вандроўкі і экскурсіі. Напярэдадні Новага года мяркуем арганізаваць адпачынак для сем’яў аддзела ў Белавежскай пушчы: там цікавая праграма, запамінальныя мясціны.

Нельга абысці ўвагай ветэранскую арганізацыю нашага падраздзялення, якую ўзначальвае Сцяпан Мацюкевіч. Свой вялікі вопыт былыя работнікі перадаюць маладым супрацоўнікам і прымаюць актыўны ўдзел у жыцці службы.

Калектыў аддзела пастаянна “амалоджваецца”, кампанію па запрашэнні моладзі на работу праводзім пад дэвізам: “Мы там, дзе патрэбныя”. Таму калі вам 18-28 гадоў, вы грамадзянін Беларусі з сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай ці вышэйшай адукацыяй, высокімі маральнымі і дзелавымі якасцямі, умееце хутка і граматна арыентавацца ў складаных сітуацыях, то чакаем вас у нашым згуртаваным калектыве прафесіяналаў. Служба аховы адказная і цікавая, патрабуе добрай фізічнай загартоўкі і ўмення размаўляць з людзьмі. Нам патрэбны міліцыянеры, міліцыянеры-вадзіцелі, міліцыянеры-кінолагі групы затрымання, а таксама грамадзянскі персанал – электраманцёры ахоўна-пажарнай сігналізацыі, кантралёры на кантрольна-прапускных пунктах, вартаўнікі. Калі маеце жаданне ў нас працаваць, звяртайцеся ў аддзел.

– Чаго пажадаеце калектыву да прафесійнага свята?

– Работнікам і ветэранам жадаю моцнага здароўя, цярпення, каб упэўнена і годна пераадольвалі жыццёвыя цяжкасці. Шчасця, дабрабыту, спаўнення запаветных мараў і шчыры дзякуй за нялёгкую службу.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga