Кветкі, усмешкі, прыемныя сустрэчы, так для падрастаючага пакалення нашай краіны традыцыйна пачынаюцца першыя дні восені.
2 верасня ў школах Беларусі празвінелі першыя званкі, якія далі старт 2024-2025 навучальнаму году, што праходзіць пад знакам якасці. На Дзятлаўшчыне сёлета за парты сеў 2091 навучэнец, з іх 151 першакласнік.
У Дзень ведаў Казлоўшчынская сярэдняя школа сустракала гасцей. Удзел у вераснёўскай лінейцы разам з 212 навучэнцамі гэтай установы прынялі намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Юрый Шулейка, старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Ала Гародка, настаяцель храма Успення Прасвятой Багародзіцы пратаіерэй Георгій Ярмоліч, настаяцель касцёла Сэрца Пана Езуса ксёндз Андрэй Пышынскі.
Права пад гукі гімна ўзняць Дзяржаўны сцяг і тым самым адкрыць свята было прадастаўлена пераможцы трэцяга этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды па матэматыцы, прызёру раённага этапу рэспубліканскага патрыятычнага праекта “Цягнік Памяці” Аляксандры Лішык і прызёру абласных спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, члену ваенна-патрыятычнага клуба “Мужнасць” Сямёну Адамчыку.
– Віншую вас з Днём ведаў, – павітаў удзельнікаў урачыстай лінейкі дырэктар Казлоўшчынскай сярэдняй школы Ігар Данільчык. – Прыспеў час вярнуцца да ўрокаў, новых адкрыццяў, цікавых падарожжаў па краіне ведаў. Дзень гэты адметны для нашых 27 першакласнікаў і іх першых настаўніц Святланы Дземідзенка і Марыны Урбановіч. Сардэчна запрашаем дзяцей у школьную сям’ю. Асаблівы ён і для адзінаццацікласнікаў: памятайце, ваш лёс у вашых руках. Вам ёсць з каго браць прыклад: 75 % выпускнікоў 2023-2024 навучальнага года сталі студэнтамі бюджэтнай формы навучання ВНУ. Спадзяюся, што для ўсіх нас гэты навучальны год стане цікавым і выніковым, жадаю яркіх перамог, заслужаных узнагародаў, глыбокіх ведаў, самаўдасканалення, бацькам і педагогам – мудрасці і цярпення ў выхаванні падрастаючага пакалення.
– Вельмі прыемна ў гэты святочны дзень наведаць маю малую радзіму – прыгожы невялікі гарпасёлак Казлоўшчыну, – адзначыў Юрый Шулейка. – Ганаруся педагагічным калектывам Казлоўшчынскай сярэдняй школы, яе нядаўнімі выпускнікамі, якія паступілі і мелі адны з лепшых вынікаў у нашай краіне. Сёння адукацыя на сяле знаходзіцца на даволі высокім узроўні: тут адданыя справе педагогі, больш паслухмяныя дзеці, на аднаго настаўніка – усяго па некалькі вучняў. Успамінаю, што тры-чатыры дзесяцігоддзі таму гэта была вялікая школа, якая сустракала па чатыры першыя класы кожны верасень. Тым не менш і цяпер захоўваюцца лепшыя вераснёўскія традыцыі – цёпла сустракаць першакласнікаў, перадаваць іх у надзейныя рукі настаўнікаў. У Беларусі шмат робіцца для педагогаў, бо кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае, што без іх не пабудаваць краіну, менавіта яны выхоўваюць будучых спецыялістаў у розных сферах эканомікі. Шчыра віншую ўсіх з новым навучальным годам, здароўя вам, грунтоўных ведаў, шчаслівых шляхоў.
Юрый Шулейка падарыў Казлоўшчынскай сярэдняй школе два мульціборды, якія дапамогуць зрабіць падарожжа па краіне ведаў яшчэ больш запамінальным і цікавым.
Да віншаванняў намесніка прэм’ер-міністра далучыўся старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі:
– Сённяшняе свята выклікае асаблівыя пачуцці, вельмі хочацца, каб яго атмасферу мы перадавалі з пакалення ў пакаленне. Асаблівыя словы ўдзячнасці адрасую педагогам раёна, дзякуючы якім падрыхтаваныя і абноўленыя ўстановы зноў сустракаюць сваіх вучняў, а таксама калектыву Казлоўшчынскай сярэдняй школы, які па выніках работы ў 2023 годзе занесены на раённую Дошку гонару. Паважаныя бацькі, для вас гэты дзень таксама святочны. Спадзяюся новы навучальны год мы пройдзем ва ўзаемадзеянні і дасягнём найлепшых вынікаў. Навучэнцам я жадаю, каб год стаў паспяховым і плённым, а раённая ўлада заўсёды гатова падставіць вам надзейнае плячо. У добры шлях!
Кіраўнік раёна перадаў дырэктару ўстановы Ігару Данільчыку падарачны сертыфікат на пяць тысяч рублёў.
Удзельнікаў і гасцей святочнай лінейкі творча павіталі самыя юныя і самыя дарослыя школьнікі – навучэнцы першых і адзінаццатых класаў.
Прыемным момантам урачыстасці стала ўручэнне малечы сімвалічнага ключа ведаў.
Атрымалі першакласнікі і традыцыйны падарунак ад Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі – падарачнае выданне кнігі “Беларусь – наша Радзіма”. Асобнікі ім перадалі адзінаццацікласнікі і госці свята.
Першы ў гэтым навучальным годзе званок для казлоўшчынскіх школьнікаў прагучаў у выкананні адзінаццацікласніка Уладзіслава Нічыпаровіча і першакласніцы Алены Лазута. Ён паклікаў навучэнцаў за парты на адзіны рэспубліканскі ўрок “Нам ёсць чым ганарыцца, нам ёсць што берагчы”.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga