Зноў гаварылі пра бяспеку

Важнае Улада

У аграгарадку Раклевічы прайшоў сельскі сход пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага, з удзелам намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Бяляткі, у час якога абмеркавалі пытанні  папярэджання надзвычайных сітуацый і гібелі людзей ад іх, іншыя надзённыя праблемы.

Начальнік Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Казушчык агучыў актуальныя лічбы статыстыкі пажараў, якія адбыліся ў вобласці і раёне, расказаў аб асноўных прычынах іх узнікнення і мерах прафілактыкі. З пачатку гэтага года ў Дзятлаўскім раёне адбылося 20 пажараў, загінулі тры чалавекі. Нагадаў аб неабходнасці ў кожным жылым пакоі дома аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.

Аб мерапрыемствах па прафілактыцы правапарушэнняў, якія ўчыняюць грамадзяне ў стане алкагольнага ап’янення, кібербяспецы паведаміў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вадзім Шчурскі. Ён адзначыў, што самай эфектыўнай мерай, каб паўплываць на асобаў, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, з’яўляецца накіраванне іх у лячэбна-працоўныя прафілакторыі, прычым цяпер паўторна накіраваць туды іх могуць ужо не на 12 месяцаў, як раней, а на 24. У нашым раёне ў гэтым годзе ўжо накіраваны ў ЛПП 24 чалавекі. Вадзім Васільевіч заклікаў быць асцярожнымі і не паддавацца на хітрасці зламыснікаў, якія тэлефануюць і прадстаўляюцца супрацоўнікамі міліцыі або банка, паведамляць пра такія званкі праваахоўнікам.

Начальнік Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння Юрый Ганчар нагадаў правілы карыстання газам у побыце, расказаў аб падрыхтоўцы газавых прыбораў да ацяпляльнага перыяду і што абавязкова раз на год газакарыстальнае абсталяванне, а таксама дымавыя і вентыляцыйныя каналы падлягаюць праверцы.

Інспектар энергагазінспекцыі Вячаслаў Пятраш дадаў аб выпадках надзвычайных здарэнняў з-за парушэння правілаў эксплуатацыі электраабсталявання ў побыце і што самы эфектыўны спосаб засцерагчы сябе ад небяспекі – устанавіць устройства ахоўнага адключэння.

Нядаўна выйшла пастанова Міністэрства аховы здароўя, па якой людзі сталага ўзросту, якія знаходзяцца ў бальніцах сястрынскага догляду, маюць права быць там не больш за 180 дзён у год. Таццяна Нікіпорчык, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, паведаміла аб варыянтах аказання дапамогі грамадзянам, якія маюць патрэбу ў дадатковай сацыяльнай абароне. Таксама яна агучыла ключавыя тэзісы VII Усебеларускага народнага сходу, дэлегатам якога была сёлета.

Закранула тэму належнага ўтрымання і выхавання дзяцей метадыст аддзела адукацыі райвыканкама Таццяна Сіўко. Яна звярнулася з просьбай быць нераўнадушнымі да іншых дзяцей, і калі вядомыя факты, што яны жывуць у неналежных умовах, паведамляць аб гэтым у адпаведныя органы.

Вадзім Бялятка вярнуўся да тэмы бяспекі ў інтэрнэце, папрасіў усіх звяртаць увагу, якую інфармацыю яны чытаюць або што каментуюць у сацыяльных сетках, каб выпадкова не стаць прыхільнікам экстрэмісцкіх рэсурсаў.

Падвёў вынікі сустрэчы Аляксандр Бараноўскі. Ён заклікаў удзельнікаў сельскага сходу быць уважлівымі да суседзяў, не праходзіць міма чужой бяды, надаваць асаблівую ўвагу бяспецы маленькіх дзяцей, своечасова паведамляць аб здарэннях мясцовым уладам і органам правапарадку.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: