З 1 па 8 верасня праходзіць абласны тыдзень рэкламы клубных установаў Гродзенскай вобласці.
7 верасня ў 12 гадзін у раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці ў Дзятлаве будзе праводзіцца Дзень адчыненых дзвярэй, дзе будуць прадстаўлены ўсе творчыя фарміраванні для набору новых удзельнікаў.
Дзятлаўскаму раённаму цэнтру культуры і народнай творчасці ёсць што паказаць і куды запрасіць. Пра гэта расказала загадчыца аддзела метадычнай работы Марына Лукіянец:
– Усяго ў нашым раёне працуюць каля 70 гурткоў і аб’яднанняў. Яны чакаюць новых удзельнікаў і запрашаюць на свае заняткі. Вядома, усе ахапіць немагчыма, таму спынюся на некаторых.
Шмат работы праводзіцца ў сельскай мясцовасці. Так, у аграгарадку Гезгалы ёсць аддзел рамёстваў, дзе вучаць вышыўцы, лозапляценню, вязанню кручком і ткацтву паясоў, і Дом культуры, у якім працуе клубнае фарміраванне дзіцячых сольных спеваў “Нотка”. Яго ўдзельнікі неаднаразова з’яўляліся пераможцамі шматлікіх конкурсаў.
Усе, каму даспадобы народныя абрады, аўтэнтычныя песні, могуць стаць удзельнікамі дзіцячага фальклорнага гуртка “Жавароначкі” ў Казлоўшчынскім доме культуры.
У Дварэцкім доме культуры працуе гурток па лозапляценні, які вядзе майстар Сяргей Балыкоў, робіць цудоўныя рэчы і навучыць гэтаму кожнага жадаючага.
Новаяльнянскі дом культуры славіцца двума народнымі духавымі аркестрамі – пастаяннымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў не толькі ў нашым раёне, але і за яго межамі.
У Дзятлаве таксама шмат фарміраванняў як для дзяцей, так і для дарослых. Напрыклад, працуе гурток здароўя “Яднанне”, дзе можна пазнаёміцца з ёгай. Паспрабаваць сябе ў лаціна-амерыканскіх танцах у стылі “зумба” запрашае гурток мастацкай пластыкі “Грацыя плюс”. Дакрануцца да бальнай культуры можна ў аматарскім аб’яднанні “Эліт Дэнс”, а аматараў цыганскай культуры чакае клуб “Бахта Лачы”.
Пра некаторыя гурткі і аб’яднанні расказалі іх кіраўнікі.
Тацця Шостка, кіраўнік народнага хору ветэранаў працы “Ветэраны ў страі”:
– Сёлета нашаму хору спаўняецца 40 гадоў. Нягледзячы на ўзрост удзельнікаў (а ім больш за 70), яны актыўныя, любяць жыццё і цэняць кожную яго хвіліну, таму з задавальненнем наведваюць рэпетыцыі, ездзяць на гастролі, удзельнічаюць у конкурсах. Мы рыхтуем эстрадныя, гумарыстычныя нумары, танцы. Цяпер удзельнікамі з’яўляюцца 18 чалавек, але мы чакаем усіх, хто любіць спяваць, далучыцца да нашай творчай сям’і, каб не сумаваць на пенсіі і адчуваць сябе патрэбнымі.
Чэслаў Свіб, мастацкі кіраўнік вакальна-інструментальнага ансамбля “Гарачыя сэрцы”:
– Дарослыя, якія ўмеюць і жадаюць спяваць пад жывы акампанемент інструментальнага ансамбля, могуць прайсці праслухоўванне і стаць удзельнікамі нашага калектыву. Запрашаем і музыкантаў, і выканаўцаў. Хочацца адзначыць, што нядаўна нам дапамог набыць барабаны і бас-гітару дэпутат Міхаіл Орда. Хацелася б яшчэ музыканта на духавым інструменце – чакаем прэтэндэнта.
Іван Каско, рэжысёр узорнай тэатральнай студыі “Мелодыя душы” і ўзорнай студыі роставых лялек “Яркае свята для ўсіх”:
– Гэтыя дзіцячыя аб’яднанні карыстаюцца папулярнасцю ўжо больш за дзесяць гадоў. Іх удзельнікі спяваюць, танцуюць, мы ставім сучасныя спектаклі на злабадзённыя тэмы. А ў роставых ляльках, да прыкладу, многім дзецям прасцей сябе рэалізаваць, праяўляць. Мы вельмі шмат выступаем і ў раёне, і ў вобласці, а нашы лялькі ведаюць і запрашаюць на мерапрыемствы па ўсёй Беларусі. Чакаем творчых, актыўных, ініцыятыўных дзяцей любога ўзросту таксама стаць самадзейнымі артыстамі, а пасля, можа, і прафесійнымі.
Марына Варган з’яўляецца кіраўніком гуртка сольных спеваў “Арт-вакал” і дзіцячага аб’яднання аматараў беларускай народнай творчасці. На яе занятках дзеці вучацца спяваць, удзельнічаюць у традыцыйных абрадах. Адбор праводзіцца пасля праслухоўвання.
Дзяўчынак і хлопчыкаў з дзесяці гадоў у гурток ігры на гітары запрашае Аляксандр Раеўскі.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga