Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР, якое адбылося ў пачатку Другой сусветнай вайны, стала важнай падзеяй у гісторыі краіны. 85 гадоў таму, 17 верасня 1939 года, пачаўся Польскі паход Чырвонай арміі, у выніку якога беларускі народ зноў аб’яднаўся і атрымаў магчымасць жыць і развівацца ў межах адной рэспублікі.
Гістарычны кантэкст
Пасля польска-савецкай вайны 1919-1920 гадоў, якая завяршылася падпісаннем Рыжскага мірнага дагавора 18 сакавіка 1921 года, Беларусь была падзелена паміж дзвюма дзяржавамі. Заходнія тэрыторыі адышлі да Польшчы, уключаючы Навагрудскае і большую частку Палескага ваяводстваў, а таксама восем усходніх паветаў Беластоцкага ваяводства. У 1922 годзе да Польшчы далучыліся таксама Ашмянскі, Браслаўскі, Валожынскі, Вілейскі, Віленска-Троцкі, Дзісненскі, Маладзечанскі і Пастаўскі паветы, утварыўшы Віленскае ваяводства. Гэтая тэрыторыя, вядомая як Заходняя Беларусь, мела плошчу каля 113 тыс. кв. км і была населена пераважна беларусамі. Польскія ўлады называлі гэтую вобласць “крэсы ўсходне” (усходнія межы). Усходняя частка Беларусі ўвайшла ў састаў СССР як Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка.
Сацыяльна-эканамічнае становішча
Большая частка насельніцтва Заходняй Беларусі займалася сельскай гаспадаркай, пры гэтым многія сяляне мелі малыя зямельныя надзелы і пакутавалі ад высокіх падаткаў і цэн на прамысловыя тавары. Гэта прыводзіла да галечы і цяжкіх умоваў жыцця. Польскія ўлады праводзілі палітыку гвалтоўнай паланізацыі, забараняючы выкарыстанне беларускай мовы ў дзяржаўных установах і закрываючы беларускія школы. Да 1939 года іх не засталося ніводнай, хоць да акупацыі было 400. Узровень непісьменнасці дасягаў 35%. Беларуская прэса таксама падвяргалася жорсткім праследаванням: у 1932 годзе з 23 беларускіх газет і часопісаў легальна выдаваліся толькі 8.
Палітычная барацьба і рэвалюцыйны рух
Паднявольнае становішча беларускага народа выклікала пратэсты рабочых і сялян, а таксама парламенцкую барацьбу, якую ўзначальваў Беларускі пасольскі клуб. У рэвалюцыйным руху важную ролю адыгрывала Камуністычная партыя Заходняй Беларусі.
Пачатак Другой сусветнай вайны
У канцы 1930-х гадоў над Еўропай навісла пагроза вайны. 23 жніўня 1939 года СССР падпісаў з Германіяй пакт аб ненападзе, да якога прыкладаўся сакрэтны пратакол аб падзеле сфер уплыву. У выпадку ліквідацыі польскай дзяржавы Заходняя Беларусь павінна была ўвайсці ў сферу ўплыву СССР.
1 верасня 1939 года Германія пачала Другую сусветную вайну, уварваўшыся ў Польшчу. Польская армія была хутка разгромлена, і нямецкія войскі прайшлі да Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. 17 верасня 1939 года савецкія войскі перайшлі савецка-польскую мяжу, каб абараніць насельніцтва Заходняй Беларусі.
Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР
Большасць насельніцтва Заходняй Беларусі сустрэла Чырвоную армію з радасцю, аказваючы ёй дапамогу. Рабочыя і сяляне стваралі ваенна-рэвалюцыйныя камітэты, якія раззбройвалі паліцэйскіх і ахоўвалі важныя аб’екты. Аднак частка насельніцтва адносілася да савецкай улады варожа, што вылілася ў некалькі дзён супраціву ў Гродне, якое было ўзята 20 верасня 1939 года. 22 верасня савецкія войскі ўвайшлі ў Брэст-Літоўск і Беласток.
Савецкая ўлада пачала ствараць органы кіравання ў ваяводствах і паветах, арганізоўваючы выбары дэпутатаў у Народны сход Заходняй Беларусі. Выбары прайшлі 22 кастрычніка 1939 года пры высокай яўцы (96,7%). Пасяджэнне Народнага сходу адбылося ў Беластоку 28-30 кастрычніка 1939 года, на якім была прынята Дэкларацыя аб абвяшчэнні савецкай улады і ўваходжанні Заходняй Беларусі ў састаў БССР.
2 лістапада 1939 года Вярхоўны Савет СССР уключыў Заходнюю Беларусь у састаў СССР, аб’яднаўшы яе з БССР. 14 лістапада 1939 года Вярхоўны Савет БССР падпісаў закон аб прыняцці Заходняй Беларусі ў састаў рэспублікі.
Сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні
Гэтыя падзеі аднавілі тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі, павялічыўшы яе тэрыторыю і насельніцтва амаль удвая. На заходнебеларускіх землях былі створаны новыя вобласці: Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінская. У рэгіёне пачаліся радыкальныя сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні: нацыяналізацыя прадпрыемстваў і банкаў, калектывізацыя і механізацыя сельскай гаспадаркі. Таксама адбыліся значныя змены ў адукацыі, ахове здароўя, навуцы і культуры. Савецкая ўлада стварала навучальныя ўстановы, тэатры, кінатэатры, Дамы культуры і бібліятэкі. З’явілася беларускамоўная прэса.
На канец сакавіка 1940 года на Дзятлаўшчыне было 75 школ, у якіх вучылася 6738 дзяцей. Перад вайной у раёне ўжо працавалі 87 пачатковых, 4 сямігадовыя і 2 сярэднія школы, 3 клубы, 2 бібліятэкі і 15 хатаў-чытальняў. У 1941 годзе было 4 бальніцы на 230 ложкаў, 4 аптэкі, 4 фельчарска-акушэрскія пункты.
Аднак далейшае развіццё рэгіёна перапыніла Вялікая Айчынная вайна.
Дзятлаўскі дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музей
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga