Напярэдадні Дня пажылых людзей у Дзятлаве на стадыёне “Колас” прайшоў ІІІ рэспубліканскі марафон па скандынаўскай хадзе для людзей старэйшага пакалення “Крок да даўгалецця”, арганізаваны ў рамках акцыі “Павага. Клопат. Адказнасць”.
Сёлетнія старты адрозніваліся ад мінулагодніх тым, што актывістаў старэйшага пакалення падтрымалі навучэнцы гімназіі № 1 і сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава, пераадолеўшы адрэзак дыстанцыі разам з імі.
Удзельнікаў марафону павітала дырэктар Дзятлаўскага фізкультурна-спартыўнага клуба Вольга Васіленка. Яна пажадала землякам незалежна ад узросту сябраваць са спортам і актыўна бавіць час. На ўласным прыкладзе яна паказала, як правільна хадзіць з палкамі, каб прынесці свайму арганізму карысць, а не нашкодзіць.
Загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Галіна Касцюк павіншавала землякоў з надыходзячым святам, пажадала бадзёрасці духу і выдатнага настрою.
Галіна Эдвардаўна нагадала, што ў Беларусі пад эгідай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны прадаўжаецца дэкада “Залаты ўзрост”, у межах якой ладзіцца марафон “Крок да даўгалецця”.
Інспектар Дзятлаўскага РАНС Алена Дзісько павіншавала людзей залатога ўзросту з надыходзячым святам і нагадала, што з 16 верасня па 4 кастрычніка ў Беларусі праходзіць прафілактычная акцыя МНС “З клопатам аб бяспецы малой радзімы”, у межах якой ратаўнікі нагадваюць грамадзянам паклапаціцца аб сваіх пажылых бацьках, яшчэ раз праверыць стан сістэмы ацяплення, электраправодкі і бяспечнасць умоваў пражывання.
Словы ўдзячнасці за добры прыклад для падрастаючага пакалення ўдзельнікам марафону адрасавала валеолаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталля Юрэня. Яна нагадала, што Дзятлава мае статус здаровага горада, тут праводзіцца шэраг спартыўных мерапрыемстваў, у тым ліку з удзельнікамі мудрага ўзросту.
Пасля невялікай размінкі ў 11 гадзін, адначасова з іншымі раёнамі вобласці, удзельнікі марафону “Крок да даўгалецця” стартавалі разам са школьнікамі, каб з запалам і задавальненнем прайсці дыстанцыю. На фінішы іх чакалі гарачы чай і пачастункі ад раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа, якія прапаноўвалі валанцёры. Прыемным бонусам для самых выніковых сталі сімвалічныя ўзнагароды ад фізкультурна-спартыўнага клуба.
Аматары скандынаўскай хады і актыўнага ладу жыцця падзяліліся ўражаннямі ад мерапрыемства.
Вячаслаў Чабоцька:
– Я жыву ў Чэлябінску, прыехаў на Дзятлаўшчыну ў госці да сястры і атрымаў запрашэнне паўдзельнічаць у марафоне, на якое ахвотна пагадзіўся. Вяду актыўны лад жыцця, кожны дзень хаджу не менш за 10 тысяч крокаў. Прыемна было далучыцца да такога энергічнага руху. Надвор’е спрыяе: крыху халаднавата, але пасля фізічнай актыўнасці ў самы раз! Для спорту так нават лепей. Я сам родам з вёскі Саваздзякі гэтага раёна, таму быў рады разам з землякамі такім чынам сустрэць надыходзячае свята мудрых людзей, з якім усіх сардэчна віншую.
Ала Кучынская:
– Актыўнае даўгалецце – гэта пра нас! Сама я з’яўляюся ўдзельнікам клуба “Нам гады не бяда”, хора “Ветэраны ў страі”, танцавальнага аб’яднання пад кіраўніцтвам Анатоля Кардаша. У марафоне “Крок да даўгалецця” была ўпершыню, і мне вельмі спадабалася. Здаровы горад, здаровы лад жыцця падтрымліваюць і маладыя, і пенсіянеры. У мяне ёсць два ўнукі, якія скончылі дзевяць класаў, яны часта наведваюць бабулю, дапамагаюць заставацца бадзёрай і сябраваць са спортам.
Тамара Гародка:
– Сёння ўпершыню прайшлася скандынаўскай хадой. Вельмі цікавы від спорту, выдатна падыходзіць для нашага размеранага ладу жыцця на заслужаным адпачынку. Планую таксама набыць сабе спецыяльны інвентар і знайсці добрую кампаньёнку па інтарэсах. І наперад!
Як адзначыла Вольга Васіленка, на гэтым спартыўныя мерапрыемствы для пажылых, але надзвычай актыўных дзятлаўчан не заканчваюцца: вясной усе жадаючыя прымуць удзел у сезоннай спартакіядзе для аматараў актыўнага даўгалецця.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga